![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
4 мая 2026 г. № 218
Аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва
На падставе абзаца чацвёртага артыкула 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і часткі другой артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 424-З «О Совете Министров Республики Беларусь» Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць Палажэнне аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (прыкладаецца).
2. Стварыць:
рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах.
3. Абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам у трохмесячны тэрмін накіраваць у Міністэрства культуры інфармацыю аб творах манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, створаных (рэканструяваных) і ўстаноўленых (зманціраваных) на тэрыторыі адпаведнай вобласці і г. Мінска да прыняцця дадзенай пастановы, па формах згодна з дадаткамі 2 і 3 да Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанага дадзенай пастановай.
4. Міністэрству культуры ў шасцімесячны тэрмін забяспечыць стварэнне і напаўненне рэестраў твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, названых у пункце 2 дадзенай пастановы, творамі манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, створанымі (рэканструяванымі) і ўстаноўленымі (зманціраванымі) да прыняцця дадзенай пастановы, па формах згодна з дадаткамі 2 і 3 да Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанага дадзенай пастановай.
5. Прызнаць страціўшымі сілу:
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 чэрвеня 2011 г. № 732 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372»;
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 мая 2012 г. № 409 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372»;
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня 2022 г. № 26 «Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372».
6. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь |
А.Турчын |
|
|
Пастанова |
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
2. Да манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва адносяцца творы манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, а таксама творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія створаны (пераўтвораны) чалавекам і якія маюць высокі мастацкі ўзровень, а таксама трывала звязаны з зямельным участкам або капітальнай пабудовай (далей, калі не вызначана іншае, – творы мастацтва).
Для мэт дадзенага Палажэння прымяняюцца тэрміны ў значэннях, вызначаных у дадатку 1.
3. Дзеянне дадзенага Палажэння не распаўсюджваецца на:
надмагільныя помнікі Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы, поўным кавалерам ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, узоры якіх зацверджаны заканадаўствам;
надмагільныя помнікі, якія ўстанаўліваюцца па заказе фізічных або юрыдычных асоб за ўласны кошт, акрамя тых, што ўстанаўліваюцца на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў;
творы мастацтва, што ствараюцца (рэканструююцца) у (на) будынках, збудаваннях, памяшканнях, на тэрыторыі, якія не адкрыты для масавага (свабоднага) наведвання, і па вышыні складаюць не болей за дзве трэці ад вышыні агароджы тэрыторыі;
творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія ствараюцца для афармлення інтэр’ераў аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры без прыцягнення сродкаў бюджэту;
рэканструкцыю, рэстаўрацыю, дэмантаж твораў мастацтва, якія знаходзяцца ў музейным фондзе Рэспублікі Беларусь;
рамонтна-рэстаўрацыйныя работы твораў мастацтва, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнікі мастацтва або помнікі гісторыі.
4. Твор мастацтва і прадастаўлены для яго абслугоўвання зямельны ўчастак падтрымліваюцца ўласнікам у належным стане ў адпаведнасці з патрабаваннямі грамадзянскага заканадаўства.
ГЛАВА 2
ПРЫНЯЦЦЕ РАШЭННЯЎ АБ СТВАРЭННІ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) І ЎСТАНОЎЦЫ (МАНТАЖЫ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
5. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца:
5.1. па рашэнні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў пры наяўнасці згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – стварэнне, устаноўка (мантаж):
мемарыяльных комплексаў, помнікаў (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання);
помнікаў-бюстаў і надмагільных манументаў у гарадах Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве (далей – адміністрацыйныя цэнтры вобласці) і г. Мінску (незалежна ад крыніц фінансавання);
5.2. па рашэнні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў пры наяўнасці станоўчага заключэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – стварэнне, устаноўка (мантаж):
памятных знакаў, памятных (мемарыяльных) дошак, абеліскаў, стэл (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання);
помнікаў-бюстаў і надмагільных манументаў (на тэрыторыі абласцей, за выключэннем адміністрацыйных цэнтраў вобласці і г. Мінска, незалежна ад крыніц фінансавання);
5.3. па рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама па рашэнні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, узгодненым з абласнымі выканаўчымі камітэтамі:
рэканструкцыя (рэстаўрацыя) твораў мастацтва (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі);
стварэнне, устаноўка (мантаж) манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару, твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі).
6. Стварэнне твораў мастацтва па ініцыятыве замежных дзяржаў для іх устаноўкі (мантажу) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў па рашэнні адпаведных абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, якое прымаецца па ўзгадненні з Міністэрствам замежных спраў і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а таксама з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей (пры стварэнні манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, і (або) твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару).
Стварэнне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, надмагільных манументаў, помнікаў-бюстаў па ініцыятыве замежных дзяржаў для іх устаноўкі (мантажу) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца пры наяўнасці згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, атрыманне якой адбываецца да прыняцця рашэння абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.
7. Стварэнне твораў мастацтва па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь для іх устаноўкі (мантажу) у замежных дзяржавах ажыццяўляецца на падставе рашэння Міністэрства культуры, якое прымаецца па ўзгадненні з Міністэрствам замежных спраў і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а таксама з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей (пры стварэнні манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, і (або) твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару), пры наяўнасці згоды кампетэнтнага органа замежнай дзяржавы, на тэрыторыі якой плануецца ўстанавіць (зманціраваць) твор мастацтва.
Стварэнне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, надмагільных манументаў, помнікаў-бюстаў па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь для іх устаноўкі (мантажу) у замежных дзяржавах ажыццяўляецца пры наяўнасці згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, атрыманне якой адбываецца да прыняцця рашэння Міністэрствам культуры.
8. Пры стварэнні (рэканструкцыі) і ўстаноўцы (мантажы) твораў мастацтва за кошт або з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, прыняцце адпаведных рашэнняў, прадугледжаных у пункце 5 дадзенага Палажэння, узгадняецца Міністэрствам культуры.
Для стварэння (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры (незалежна ад крыніц фінансавання) і (або) іншага твора мастацтва (за кошт або з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў), а таксама твораў мастацтва для іх устаноўкі (мантажу) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па ініцыятыве замежных дзяржаў неабходна атрыманне станоўчага заключэння Міністэрства культуры аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва (далей, калі не вызначана іншае, – заключэнне Міністэрства культуры).
9. Для атрымання заключэння Міністэрства культуры ў выпадках, прадугледжаных у частцы другой пункта 8 дадзенага Палажэння, абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты накіроўваюць у Міністэрства культуры пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва, вызначэннем крыніц і памераў фінансавання, да якога дадаюцца:
копія карты мясцовасці з абазначэннем месца ўстаноўкі (мантажу) твора мастацтва;
звесткі аб выніках конкурсу для адбору эскізнага праекта твора мастацтва (аднаго з аб’ектаў мемарыяльнага комплексу ці комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў) (далей – эскізны праект), праведзенага ў выпадках і парадку, прадугледжаных у главе 3 дадзенага Палажэння (далей – конкурс), а таксама сам эскізны праект;
узгадненне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з вызначэннем адпаведнасці гістарычным фактам і ў асобных выпадках жывой істоце запланаванага да стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва;
узгадненне Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей (у выпадку стварэння (рэканструкцыі), устаноўкі (мантажу) манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, а таксама твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару);
узгадненне Міністэрства замежных спраў (у выпадку стварэння (рэканструкцыі), устаноўкі (мантажу) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь манументальнай скульптуры, прысвечанай важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам або знакамітым дзеячам іншых краін).
10. Для атрымання ўзгадненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрства замежных спраў, прадугледжаных у абзацах чацвёртым–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння, абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты накіроўваюць у названыя арганізацыі пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва, са звесткамі аб выніках конкурсу, а таксама сам эскізны праект з указаннем месцаў, дзе плануецца ўстаноўка (мантаж) твора мастацтва.
11. Заключэнне Міністэрства культуры выдаецца не пазней за пятнаццаць працоўных дзён з дня атрымання дакументаў, прадугледжаных у пункце 9 дадзенага Палажэння.
Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрствам замежных спраў узгадняецца (не ўзгадняецца) стварэнне (рэканструкцыя) твора мастацтва не пазней за пятнаццаць працоўных дзён з дня атрымання дакументаў, прадугледжаных у пункце 10 дадзенага Палажэння.
Пры неабходнасці атрымання дадатковай інфармацыі ад зацікаўленых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый тэрмін разгляду пісем, прадугледжаных у абзацы першым пункта 9 і пункце 10 дадзенага Палажэння, можа быць падоўжаны на пятнаццаць працоўных дзён.
12. Пры вызначэнні мэтазгоднасці (немэтазгоднасці) стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва ў выпадках, прадугледжаных у частцы другой пункта 8 дадзенага Палажэння, магчымасці ўзгаднення стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва ў выпадках, прадугледжаных у абзацах чацвёртым–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння, улічваюцца:
значэнне для Рэспублікі Беларусь асобы (падзеі, даты, у асобных выпадках жывой істоты), у гонар якой плануецца стварыць твор мастацтва;
колькасць існуючых твораў мастацтва, у якіх увекавечана памяць аб знакамітым дзеячы (падзеі, даце, у асобных выпадках жывой істоце);
магчымасці і запланаваныя крыніцы фінансавання для стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва;
іншыя абставіны ідэалагічнага, сацыяльнага, навуковага і (або) эканамічнага характару, якія могуць мець істотнае значэнне пры прыняцці рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва або паўплываць на ўспрыманне гэтага твора грамадствам.
13. Для атрымання згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на стварэнне, устаноўку (мантаж) твораў манументальнай скульптуры, вызначаных у падпункце 5.1 пункта 5 і частцы другой пункта 6 дадзенага Палажэння, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, а на стварэнне твораў, вызначаных у частцы другой пункта 7 дадзенага Палажэння, – Міністэрства культуры прадстаўляюць на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння манументальнай скульптуры, вызначэннем крыніц і запланаванага памеру фінансавання работ. Да пісьма дадаюцца дакументы, прадугледжаныя ў абзацах другім–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння. Абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты таксама прадстаўляюць станоўчае заключэнне Міністэрства культуры.
Для атрымання заключэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні, устаноўцы (мантажы) твораў манументальнай скульптуры, вызначаных у падпункце 5.2 пункта 5 дадзенага Палажэння, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты накіроўваюць у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пісьмо з інфармацыяй аб запланаваным да стварэння, мантажу (устаноўкі) творы мастацтва з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння. Да пісьма дадаюцца дакументы, прадугледжаныя ў абзацах другім–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння, а таксама станоўчае заключэнне Міністэрства культуры.
14. Для ўзгаднення рашэння аб стварэнні, устаноўцы (мантажы) і рэканструкцыі (рэстаўрацыі) твораў мастацтва, вызначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенага Палажэння, Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту, гарадскім і раённым выканаўчым камітэтам неабходна атрымаць узгадненне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з вызначэннем адпаведнасці твораў мастацтва гістарычным фактам, у тым ліку твораў, прысвечаных жывым істотам, і ўзгадненне Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей па творах манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару, а таксама станоўчае заключэнне Міністэрства культуры.
Для ўзгаднення абласнымі выканаўчымі камітэтамі рашэння аб стварэнні, устаноўцы (мантажы) і рэканструкцыі (рэстаўрацыі) твораў мастацтва, вызначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенага Палажэння, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты накіроўваюць у абласныя выканаўчыя камітэты пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння твора мастацтва, вызначэннем крыніц і запланаванага памеру фінансавання работ і дакументы, прадугледжаныя ў абзацах другім–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння, а таксама станоўчае заключэнне Міністэрства культуры.
ГЛАВА 3
РАСПРАЦОЎКА, АДБОР І РАЗГЛЯД ЭСКІЗНЫХ ПРАЕКТАЎ ДЛЯ СТВАРЭННЯ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
15. Для стварэння (рэканструкцыі, за выключэннем рэстаўрацыі) твора мастацтва распрацоўваецца эскізны праект у мэтах вызначэння вобразна-мастацкай задумы, архітэктурна-прасторавай кампазіцыі, канструкцыйнага рашэння, прыкладнага кошту твора мастацтва, які павінен уключаць фізічныя параметры і параметры яго прасторавага размяшчэння.
16. Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі, за выключэннем рэстаўрацыі) твора мастацтва за кошт або з прыцягненнем бюджэтных сродкаў абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты арганізуюць конкурс. Пры стварэнні за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту твора мастацтва, вызначанага ў пункце 7 дадзенага Палажэння, конкурс арганізуе Міністэрства культуры.
Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі) надмагільнага манумента за кошт або з прыцягненнем бюджэтных сродкаў і ў выпадку наяўнасці прапановы родных і (або) спадчыннікаў нябожчыка па рэалізацыі аўтарскага эскізнага праекта надмагільнага манумента неабходнасць правядзення конкурсу вызначаецца абласным або Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.
Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва, які плануецца ўстанавіць (зманціраваць), рэканструяваць на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі за кошт уласных сродкаў юрыдычнай і (або) фізічнай асоб, неабходнасць правядзення конкурсу вызначаецца абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі сумесна з юрыдычнай і (або) фізічнай асобамі. Пры гэтым арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, адпаведныя гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты.
17. Конкурс праводзіцца ў два этапы. Арганізатарам зацвярджаецца парадак арганізацыі і правядзення конкурсу, у тым ліку пералік матэрыялаў, якія ўключаюцца ў эскізны праект, а таксама вызначаецца склад журы першага этапа конкурсу (далей – журы).
18. У склад журы ўключаюцца творчыя работнікі, спецыялісты ў галіне, якой прысвечаны твор мастацтва, мастацтвазнаўцы, члены абласных і Мінскага гарадскога мастацка-экспертных саветаў па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, створаных пры абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах (далей – мастацка-экспертныя саветы), і (або) Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, створанага пры Міністэрстве культуры (далей – Рэспубліканскі савет), якія складаюць не менш за палову складу журы, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.
У склад журы не могуць уваходзіць аўтар або ўдзельнікі калектыву аўтараў (далей – аўтары), якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе, а таксама асобы, якія знаходзяцца з аўтарамі ў залежных, блізкіх ці працоўных адносінах. Пры вызначэнні гэтага факта аўтары, якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе, а таксама асобы, якія знаходзяцца з аўтарамі ў залежных, блізкіх ці працоўных адносінах, паведамляюць арганізатару конкурсу, а арганізатар конкурсу забяспечвае іх выключэнне са складу членаў журы.
19. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца арганізатарам конкурсу на яго афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і павінна змяшчаць звесткі аб тэрмінах правядзення конкурсу, яго ўмовах, крытэрыях і парадку ацэнкі прадстаўленых матэрыялаў, парадку і тэрмінах абвяшчэння вынікаў конкурсу, іншыя неабходныя (па рашэнні арганізатара конкурсу) звесткі.
20. Тэрмін правядзення конкурсу павінен складаць не менш за трыццаць каляндарных дзён без уліку часу на падвядзенне вынікаў конкурсу.
Пры неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва да знамянальнай даты, а таксама пры правядзенні паўторнага конкурсу дадзены тэрмін можа быць скарочаны да пятнаццаці каляндарных дзён.
21. Адбор эскізнага праекта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з парадкам арганізацыі і правядзення конкурсу.
22. Арганізатарам конкурсу ў рамках правядзення другога этапа конкурсу прадстаўляюцца дакументы, прадугледжаныя ў абзацах другім–шостым пункта 9 дадзенага Палажэння, на разгляд:
Рэспубліканскага савета – для твораў мастацтва, якія ствараюцца ў адпаведнасці з падпунктамі 5.1 і 5.2 пункта 5, часткай другой пункта 6 і пунктам 7 дадзенага Палажэння;
мастацка-экспертных саветаў – для іншых твораў мастацтва.
23. Рэспубліканскі савет або мастацка-экспертны савет пасля разгляду дакументаў у адпаведнасці з пунктам 22 дадзенага Палажэння накіроўвае экспертнае заключэнне арганізатару конкурсу, які прымае рашэнне ў адпаведнасці з парадкам арганізацыі і правядзення конкурсу.
ГЛАВА 4
ВЫКАНАННЕ І ФІНАНСАВАННЕ СТВАРЭННЯ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
24. Работы і паслугі, звязаныя са стварэннем (рэканструкцыяй) твораў мастацтва, ажыццяўляюцца па заказе дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных і (або) фізічных асоб (далей – заказчыкі) на падставе заключаных дагавораў.
25. Заказчык не пазней чым за дзесяць каляндарных дзён да выканання работ па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва на адкрытай прасторы і звонку будынкаў паведамляе аб гэтых работах адпаведнаму структурнаму падраздзяленню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, гарадскога выканаўчага камітэта і раённага выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
26. Выкананне работ па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва ажыццяўляецца з прыцягненнем аўтараў эскізнага праекта.
Работа аўтараў па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва выконваецца паэтапна:
распрацоўка эскізнага праекта, у тым ліку архітэктурных частак эскіза, сумесна з архітэктарам (калі пры стварэнні твора мастацтва распрацоўваецца яго мастацкая канцэпцыя, якая ўключае архітэктурную прывязку, форму, памер пастамента (для манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры) і іншае) і правядзенне конкурсу (пры неабходнасці);
выкананне рабочай мадэлі (рабочага эскіза);
выкананне мадэлі (кардону) у натуральную велічыню;
выраб твора ў матэрыяле (натуры).
Фактычнае выкананне аб’ёмаў работы аўтараў вызначаецца па кожным этапе з улікам экспертных заключэнняў мастацка-экспертных саветаў.
Прадстаўленне вынікаў фактычнага выканання аб’ёмаў работы аўтараў па кожным этапе на пасяджэннях мастацка-экспертнага савета ажыццяўляецца заказчыкам.
27. Да работ па ўстаноўцы (мантажы) твораў мастацтва адносяцца праектныя і будаўнічыя работы і паслугі, звязаныя з праектаваннем, будаўніча-мантажнымі работамі па стварэнні пастамента і ўстаноўцы манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры.
Выкананне праектных і будаўнічых работ, звязаных з устаноўкай (мантажом) твора мастацтва, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам у галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і будаўніцтва.
28. Фінансаванне расходаў па стварэнні (рэканструкцыі) твораў мастацтва можа ажыццяўляцца:
пры прыняцці рашэння абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі – за кошт сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам;
пры прыняцці рашэння Міністэрствам культуры, а таксама ўзгадненні Міністэрствам культуры рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у адпаведнасці з часткай першай пункта 8 дадзенага Палажэння – за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
29. Кошт работ і паслуг, звязаных са стварэннем (рэканструкцыяй) твораў мастацтва, вызначаецца з улікам работы на этапах, прадугледжаных у частцы другой пункта 26 дадзенага Палажэння.
30. Пры вызначэнні кошту работ і паслуг, звязаных з праектаваннем і ўстаноўкай (мантажом) твора мастацтва, улічваюцца наступныя работы і паслугі:
ажыццяўленне праектных і будаўнічых работ, прадугледжаных эскізным праектам;
аўтарскае кіраўніцтва пры ўстаноўцы (мантажы) твора мастацтва;
устаноўка (мантаж) твора мастацтва;
транспартныя выдаткі, звязаныя з дастаўкай твора мастацтва і матэрыялаў пры яго ўстаноўцы (мантажы).
ГЛАВА 5
ПРЫЁМКА І ЎЛІК ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
31. Пасля стварэння (рэканструкцыі), устаноўкі (мантажу) твора мастацтва заказчык складае акт аб гатоўнасці твора мастацтва да прыёмкі.
32. Акт аб гатоўнасці твора мастацтва да прыёмкі павінен змяшчаць:
каштарыс і рабочыя чарцяжы твора мастацтва;
акт на земляныя работы (пры неабходнасці);
акт устаноўкі (мантажу) твора мастацтва;
акт добраўпарадкавання тэрыторыі (пры неабходнасці);
фатаграфіі выкананага твора мастацтва.
33. Прыёмка твора мастацтва ажыццяўляецца камісіяй па прыёмцы твора мастацтва (далей – камісія), у склад якой уваходзяць члены Рэспубліканскага савета і (або) мастацка-экспертных саветаў, прадстаўнікі заказчыка, дзяржаўных органаў і іншыя зацікаўленыя.
Склад камісіі зацвярджаецца:
Міністэрствам культуры – для прыёмкі твораў мастацтва, якія ствараюцца са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з падпунктам 5.1 пункта 5 дадзенага Палажэння, а таксама твораў мастацтва, створаных у адпаведнасці з падпунктам 5.2 пункта 5, часткай другой пункта 6 і пунктам 7 дадзенага Палажэння;
абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі – для прыёмкі іншых твораў мастацтва.
34. Прыёмка твора мастацтва афармляецца актам прыёмкі, які павінен змяшчаць:
падставу для стварэння твора мастацтва;
кароткае апісанне твора мастацтва, які прымаецца, у цэлым і ў асноўных элементах;
акт прыёмкі будаўнічых і мантажных работ (пры неабходнасці);
звесткі аб аўтарах твора мастацтва;
звесткі аб вытворцы (вытворцах) работ па стварэнні твора мастацтва;
звесткі аб выкананых работах у адпаведнасці з зацверджаным каштарысам;
ацэнку мастацкіх вартасцей твора мастацтва і якасці выкананых работ;
вывады і прапановы.
35. Акт прыёмкі твора мастацтва, устаноўленага (зманціраванага) на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, складаецца ў двух экзэмплярах, адзін з якіх перадаецца заказчыку, другі – Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту, гарадскому і раённаму выканаўчаму камітэту.
Акт прыёмкі твора мастацтва, створанага для ўстаноўкі (мантажу) за межамі Рэспублікі Беларусь, складаецца ў двух экзэмплярах, адзін з якіх перадаецца заказчыку, другі – органу знешніх зносін Рэспублікі Беларусь, які прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у дзяржаве, дзе запланавана ўстаноўка (мантаж) твора мастацтва.
36. У выпадку, калі твор мастацтва не адпавядае зацверджанаму эскізнаму праекту, не мае належных мастацкіх вартасцей, камісія ў спецыяльным заключэнні абгрунтоўвае сваю адмову ад прыёмкі з пералікам выяўленых недахопаў і ўстанаўленнем тэрмінаў іх выпраўлення (ліквідацыі) і інфармуе аб гэтым дзяржаўны орган, які зацвердзіў склад камісіі. Пасля выпраўлення (ліквідацыі) недахопаў прыёмка твора мастацтва праводзіцца паўторна.
37. Прыёмка твора мастацтва, створанага для ўстаноўкі (мантажу) за межамі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца камісіяй на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасля вырабу твора мастацтва ў матэрыяле (натуры) у парадку, вызначаным у пунктах 31–34, частцы другой пункта 35 і пункце 36 дадзенага Палажэння.
38. Міністэрства культуры, абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць улік твораў мастацтва.
Гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты накіроўваюць у адрас абласных выканаўчых камітэтаў інфармацыю аб устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь творах мастацтва і змяненні звестак аб іх не пазней за дзесяць працоўных дзён з дня паступлення такой інфармацыі.
Абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты накіроўваюць у адрас Міністэрства культуры інфармацыю аб устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь творах мастацтва, у тым ліку па ініціятыве замежных дзяржаў, і змяненні звестак аб іх не пазней за дзесяць працоўных дзён з дня паступлення такой інфармацыі.
Міністэрства культуры вядзе рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах, па формах згодна з дадаткамі 2 і 3.
Міністэрствам культуры забяспечваецца ўключэнне твораў мастацтва, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўстаноўленых па ініціятыве замежных дзяржаў, у рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і змяненне звестак аб іх не пазней за пятнаццаць працоўных дзён з дня паступлення такой інфармацыі.
Міністэрства замежных спраў садзейнічае Міністэрству культуры ў вядзенні рэестра твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах.
Рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэестр твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах, размяшчаюцца на афіцыйных сайтах Міністэрства культуры, абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
ГЛАВА 6
ВЫКАНАННЕ І ФІНАНСАВАННЕ ДЭМАНТАЖУ ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
39. Дэмантажу падлягаюць творы мастацтва, якія струхнелі або ўстаноўлены (зманціраваны) з парушэннем парадку, вызначанага дадзеным Палажэннем, а таксама па іншых прычынах.
40. Рашэнне аб дэмантажы твораў мастацтва прымаецца абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі на падставе заключэння спецыялізаванай арганізацыі, якая мае атэстат адпаведнасці на абследаванне будынкаў і збудаванняў, аб стане твора з улікам узгаднення:
Міністэрства культуры – пры дэмантажы твораў манументальнай скульптуры, вызначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5, частцы другой пункта 6 дадзенага Палажэння, а таксама твораў мастацтва, вызначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенага Палажэння, якія створаны або дэманціруюцца за кошт або з прыцягненнем бюджэтных сродкаў;
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – пры дэмантажы твораў мастацтва, прысвечаных знакамітым дзеячам, важнай падзеі, знамянальнай даце, у асобных выпадках жывой істоце;
Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей – пры дэмантажы манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, а таксама твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару.
Да атрымання ўзгадненняў у адпаведнасці з часткай першай дадзенага пункта неабходнасць дэмантажу твораў мастацтва вызначаецца з улікам экспертных заключэнняў Рэспубліканскага савета пры дэмантажы твораў мастацтва, вызначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5, частцы другой пункта 6 дадзенага Палажэння, і мастацка-экспертных саветаў – пры дэмантажы твораў мастацтва, вызначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенага Палажэння.
Дэмантаж твораў манументальнай скульптуры, вызначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5, частцы другой пункта 6 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца з паведамленнем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтых мэтах абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты пасля атрымання неабходных узгадненняў і не пазней за дзесяць працоўных дзён да запланаванага пачатку дэмантажу накіроўваюць у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пісьмо з інфармацыяй аб запланаваным да дэмантажу творы мастацтва з вызначэненнем яго прычын.
41. Фінансаванне расходаў па дэмантажы твораў мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляцца:
пры прыняцці рашэння абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі – за кошт сродкаў заказчыка, уласніка, землекарыстальніка зямельных участкаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца творы мастацтва, адпаведных мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам;
пры прыняцці рашэння Міністэрствам культуры – за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
|
|
да Палажэння аб парадку стварэння |
1. Абеліск – манументальная скульптура, прысвечаная важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце, у выглядзе гранёнага (звычайна квадратнага ў сячэнні) слупа, які звужаецца ўверсе, мае завостраную пірамідальную верхнюю частку і вышыню, суразмерную архітэктурнаму асяроддзю месца ўстаноўкі, у якасці аздаблення можа ўключаць скульптурныя і шрыфтавыя кампазіцыі.
2. Вітраж – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва выяўленчага або арнаментальнага характару з каляровага шкла, разлічаны на скразное асвятленне і прызначаны для запаўнення праёма, часцей за ўсё аконнага, у архітэктурным збудаванні.
3. Дэкаратыўна-аздабленчая форма – манументальна-дэкаратыўная скульптура, у тым ліку твор з металу, керамікі, шкла, дрэва, каменю і іншых матэрыялаў, выкананая ў тэхніках ліцця, коўкі, чаканкі, інтарсіі (вазы, рашоткі, агароджы, флюгеры, элементы паркавага аздаблення і іншае), якая мае адносна самастойнае значэнне і прызначана для арганізацыі архітэктурнага ці ландшафтнага асяроддзя.
4. Дэмантаж – знос, ліквідацыя твора манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва шляхам разборкі зборных або разбурэння маналітных канструкцый.
5. Комплекс манументальна-дэкаратыўных твораў – сукупнасць манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія ствараюцца ў арганічнай узаемасувязі з архітэктурным асяроддзем для аздаблення інтэр’ера будынка.
6. Мазаіка – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца ў тэхніцы малюнка і дэкаравання паверхні шляхам прымацавання да агульнай асновы кавалачкаў матэрыялаў, што адрозніваюцца па колеры, фактуры, тэкстуры.
7. Манументальна-дэкаратыўная тканіна – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца ў арганічнай узаемасувязі з архітэктурным асяроддзем для аздаблення інтэр’ера будынка ў тэхніках габелену, батыку, ручнога рэмізнага ткацтва, тэкстыльнай мазаікі або тэкстыльнай змешанай тэхніцы.
8. Мемарыяльная (інфармацыйная) пліта – манументальная скульптура, прысвечаная важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце або вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, у выглядзе пліты (блока), якая ўстанаўліваецца на тэрыторыі або ў інтэр’еры, звязаных з гэтай падзеяй, датай, жыццём і дзейнасцю вядомай асобы ці знакамітага дзеяча, змяшчае шрыфтавую кампазіцыю з кароткімі біяграфічнымі звесткамі аб вядомай асобе ці знакамітым дзеячы або інфармацыю аб падзеі, знамянальнай даце, якім яна прысвечана, можа ўключаць рэльеф або жывапісную выяву.
9. Мемарыяльны комплекс – манументальная скульптура ў выглядзе архітэктурна-пластычнай шматпланавай кампазіцыі, якая прысвечана значнай гістарычнай падзеі, створана як адзіны аб’ект, мае важнае значэнне ў арганізацыі навакольнай прасторы. Мастацкае рашэнне мемарыяльнага комплексу заснавана на прынцыпах сінтэзу архітэктуры, манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і мастацтва, тэкставых, светлавых і гукавых вобразаў. Можа ўключаць розныя віды манументальнай скульптуры.
10. Надмагільны манумент – манументальная скульптура, якая размяшчаецца непасрэдна на месцы пахавання вядомай асобы ці знакамітага дзеяча або каля гэтага месца, ствараецца ў межах устаноўленых лінейных параметраў для тэрыторыі пахавання і можа быць рэалізавана ў выглядзе помніка-бюста, стэлы і іншых відаў манументальнай скульптуры.
11. Памятная (мемарыяльная) дошка – манументальная скульптура, прысвечаная важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце або вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, створаная ў выглядзе дошкі, якая ўстанаўліваецца на фасадзе будынка, тэрыторыі і (або) пабудове, звязаных з гэтай падзеяй, датай, жыццём і дзейнасцю вядомай асобы ці знакамітага дзеяча, змяшчае кароткія біяграфічныя звесткі аб вядомай асобе ці знакамітым дзеячы або інфармацыю аб падзеі, якой яна прысвечана, можа ўключаць дэкаратыўныя і выяўленчыя элементы.
12. Памятны знак – адна- ці шматкампанентная манументальная скульптура, прысвечаная важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце, якая змяшчае інфармацыю аб гэтай падзеі і (або) даце і вобразнае (трохмернае, плоскае або рэльефнае) пластычнае рашэнне ў навакольнай прасторы.
13. Помнік – адна- ці шматкампанентная манументальная скульптура, якая прысвечана важнай гістарычнай ці іншай падзеі, вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, а таксама жывой істоце, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі краіны ці народа, уключае партрэтную выяву (выявы), мае важнае значэнне ў арганізацыі навакольнай прасторы.
14. Помнік-бюст – аднафігурная манументальная скульптура, якая ствараецца для ўвекавечвання памяці вядомай асобы ці знакамітага дзеяча, уяўляе сабой паплечны, пагрудны або паясны партрэт і размяшчаецца на пастаменце, мае важнае значэнне ў арганізацыі навакольнай прасторы (гарадской, паркавай), прыроднага ландшафту.
15. Прыёмка – дакументальна аформленая падзея, якая фіксуе гатоўнасць твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва да далейшай эксплуатацыі.
16. Роспіс – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца шляхам дэкаравання мастацкімі матэрыяламі і тэхнікамі паверхні, з’яўляецца кампазіцыйным элементам задуманай і арганізаванай мастаком і архітэктарам прасторы. Можа быць выкананы ў тэхніках фрэскі па сырой і сухой тынкоўцы, алейнага і акрылавага жывапісу, тэмперы, энкаўстыкі і іншых тэхніках мастацкага аздаблення інтэр’ера і экстэр’ера архітэктурнага аб’екта.
17. Рэканструкцыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленне твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у тым ліку з павелічэннем спажывецкіх якасцей і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, зменай форм або напаўнення.
18. Рэстаўрацыя – рэканструкцыя твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якая ўключае работы па аднаўленні або кансервацыі часткова страчаных элементаў твораў мастацтва ў ранейшым, першапачатковым выглядзе, якія па колеры і фактуры не змяняюць аблічча і ўспрыманне твораў.
19. Стварэнне – сукупнасць работ і арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, вынікам якіх з’яўляецца рэалізацыя творчай задумы ў форме твора манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
20. Стэла – манументальная скульптура, якая прысвечана важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце, створана ў выглядзе пліты (слупа) з размешчанымі на ёй тэкстам або выявамі, звычайна мае вышыню, суразмерную архітэктурнаму асяроддзю месца ўстаноўкі.
21. Твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва – вітражы, роспісы, манументальна-дэкаратыўныя тканіны, мазаікі і іншыя творы, якія ствараюцца ў арганічнай узаемасувязі з прадметна-прасторавым, у першую чаргу архітэктурным, асяроддзем для аздаблення інтэр’ера і экстэр’ера будынка.
22. Твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару – манументальна-дэкаратыўная скульптура, а таксама твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (памерам звыш трох квадратных метраў), якія маюць самастойнае значэнне і прысвечаны значным асобам рэлігійнай гісторыі, падзеям, знамянальным датам у розных веравызнаннях.
23. Твор манументальна-дэкаратыўнай скульптуры – статуі, рэльефы, дэкаратыўна-аздабленчыя формы, скульптурная арнаментацыя будынкаў і іншыя скульптурныя формы, што маюць самастойнае значэнне ці выконваюць ролю архітэктурных элементаў, якія прызначаны для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў, збудаванняў, ландшафтна-прыроднага асяроддзя, плошчаў, вуліц, маюць дэкаратыўны характар, канкрэтызуюць архітэктурны вобраз.
24. Твор манументальнай скульптуры – творы, прысвечаныя важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце або вядомай асобе, знакамітаму дзяржаўнаму, палітычнаму, грамадскаму, ваеннаму дзеячу, дзеячу навукі, літаратуры, культуры і мастацтва, а таксама жывой істоце, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі краіны ці народа, што ствараюцца для ўстаноўкі на адкрытай прасторы і звонку будынкаў па-за межамі памяшкання.
25. Улік – дзейнасць упаўнаважаных дзяржаўных органаў па ўстанаўленні наяўнасці і колькасці твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, звестак аб іх.
26. Устаноўка (мантаж) – работы, якія выконваюцца на пляцоўцы для замацавання твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў мэтах далейшай эксплуатацыі на месцы размяшчэння.
|
|
да Палажэння аб парадку стварэння |
Форма
РЭЕСТР
твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
_______________________________________________________________________
(назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі)
|
№ |
Фотаздымак памерам не менш за 700 dpi |
Месца знаходжання (населены пункт, адрасная інфармацыя, GPS-каардынаты) |
Назва твора манументальнага або манументальна-дэкаратыўнага мастацтва |
Тэматыка і апісанне твора мастацтва* |
Датаванне, якое ўключае звесткі аб даце стварэння і (або) датах найбольш адметных рэканструкцый |
Звесткі аб аўтары або ўдзельніках калектыву аўтараў |
Уласнік, землекарыстальнік зямельнага ўчастка, на тэрыторыі якога знаходзіцца твор мастацтва, юрыдычная асоба, на балансе якой знаходзіцца твор мастацтва |
Звесткі аб уключэнні ў іншыя пералікі культурных каштоўнасцей |
Іншая інфармацыя** |
|
|
шыфр гісторыка-культурнай каштоўнасці (пры ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь) |
нумар воінскага пахавання (пры ўключэнні ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь») |
|||||||||
|
Творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь |
||||||||||
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
Творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па ініцыятыве замежных дзяржаў |
||||||||||
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
______________________________
* Інфармацыя аб прысвячэнні твора мастацтва гістарычнай або іншай падзеі, знамянальнай даце, вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, у асобных выпадках жывой істоце, аб яго самастойным значэнні ці выкананні ролі архітэктурнага элемента.
** Інфармацыя аб дакументах, на падставе якіх ажыццяўляліся стварэнне (рэканструкцыя), устаноўка (мантаж), дэмантаж твора мастацтва, аб акце прыёмкі твора мастацтва і іншых дакументах.
|
|
да Палажэння аб парадку стварэння |
Форма
РЭЕСТР
твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах
|
№ |
Фотаздымак памерам не менш за 700 dpi |
Месца знаходжання (населены пункт, адрасная інфармацыя, GPS-каардынаты) |
Назва твора манументальнага або манументальна-дэкаратыўнага мастацтва |
Тэматыка і апісанне твора мастацтва* |
Датаванне, якое ўключае звесткі аб даце стварэння і (або) датах найбольш адметных рэканструкцый |
Звесткі аб аўтары або ўдзельніках калектыву аўтараў |
Уласнік, землекарыстальнік зямельнага ўчастка, на тэрыторыі якога знаходзіцца твор мастацтва, юрыдычная асоба, на балансе якой знаходзіцца твор мастацтва |
Іншая інфармацыя** |
|
Дзяржава |
||||||||
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
______________________________
* Інфармацыя аб прысвячэнні твора мастацтва гістарычнай або іншай падзеі, знамянальнай даце, вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, у асобных выпадках жывой істоце, аб яго самастойным значэнні ці выкананні ролі архітэктурнага элемента.
** Інфармацыя аб дакументах, на падставе якіх ажыццяўляліся стварэнне (рэканструкцыя), устаноўка (мантаж), дэмантаж твора мастацтва, аб акце прыёмкі твора мастацтва і іншых дакументах.



