![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 верасня 2008 г. № 1372
Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва
Изменения и дополнения:
Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 8 июня 2011 г. № 732 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 67, 5/33929);
Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 4 мая 2012 г. № 409 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2012 г., № 53, 5/35651);
Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 января 2022 г. № 26 (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 18.01.2022, 5/49864)
На падставе абзаца чацвёртага артыкула 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць Палажэнне аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (прыкладаецца).
2. Прызнаць страціўшымі сілу:
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 2000 г. № 1393 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку праектавання, стварэння (будаўніцтва), рэканструкцыі і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2000 г., № 88, 5/4026);
пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2003 г. № 1075 «Аб унясенні змяненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 2000 г. № 1393 і зацвярджэнні Палажэння аб Рэспубліканскім мастацка-экспертным савеце па манументальнаму мастацтву і складу Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальнаму мастацтву» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2003 г., № 94, 5/12924).
3. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь |
С.Сідорскі |
|
Пастанова |
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама парадак стварэння і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту для ўстаноўкі (мантажу) іх за межамі Рэспублікі Беларусь.
2. Да манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва адносяцца творы манументальнай або манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, а таксама творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (далей, калі не вызначана іншае, – творы мастацтва).
Да твораў манументальнай скульптуры адносяцца творы, прысвечаныя важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце або вядомай асобе, знакамітаму дзяржаўнаму, палітычнаму, грамадскаму, ваеннаму дзеячу, дзеячу навукі, літаратуры, культуры і мастацтва (далей – знакамітыя дзеячы), а таксама жывой істоце, якая адыграла значную ролю ў гісторыі краіны ці народа, што ствараюцца для ўстаноўкі на адкрытай прасторы і звонку будынкаў па-за межамі памяшкання.
Да твораў манументальна-дэкаратыўнай скульптуры адносяцца статуі, рэльефы, дэкаратыўна-аздабленчыя формы, мемарыяльныя (інфармацыйныя) пліты, скульптурная арнаментацыя будынкаў і іншыя скульптурныя формы, што маюць самастойнае значэнне ці выконваюць ролю архітэктурных элементаў, якія прызначаны для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў, збудаванняў, ландшафтна-прыроднага асяроддзя, плошчаў, вуліц, маюць дэкаратыўны характар, канкрэтызуюць архітэктурны вобраз.
Да твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва адносяцца вітражы, роспісы, манументальна-дэкаратыўныя тканіны, мазаікі і іншыя творы, якія ствараюцца ў арганічнай узаемасувязі з прадметна-прасторавым, у першую чаргу архітэктурным, асяроддзем для аздаблення інтэр’ера і экстэр’ера будынка.
Для мэт дадзенага Палажэння прымяняюцца іншыя тэрміны ў значэннях, вызначаных у дадатку.
3. Дзеянне дадзенага Палажэння не распаўсюджваецца на:
надмагільныя помнікі Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы, поўным кавалерам ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, узоры якіх зацверджаны заканадаўствам;
надмагільныя помнікі, якія ўстанаўліваюцца па заказе фізічных асоб за ўласны кошт, акрамя тых, што ўстанаўліваюцца на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў;
творы мастацтва, што ствараюцца (рэканструююцца) у (на) будынках, збудаваннях, памяшканнях, на тэрыторыі, якія не адкрыты для масавага (свабоднага) наведвання, і па вышыні складаюць не болей за дзве трэці ад вышыні агароджы тэрыторыі;
творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія ствараюцца для афармлення інтэр’ераў аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры без прыцягнення сродкаў бюджэту;
рэканструкцыю, рэстаўрацыю, дэмантаж твораў мастацтва, якія знаходзяцца ў музейным фондзе Рэспублікі Беларусь;
рэканструкцыю, рэстаўрацыю (рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы) твораў мастацтва, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ці знаходзяцца ў складзе гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 2
ПРЫНЯЦЦЕ РАШЭННЯЎ АБ СТВАРЭННІ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
4. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь стварэнне (рэканструкцыя) і ўстаноўка (мантаж) твораў мастацтва ажыццяўляюцца:
4.1. па рашэнні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў пры наяўнасці згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – стварэнне (рэканструкцыя (за выключэннем рэстаўрацыі), устаноўка (мантаж):
мемарыяльных комплексаў, помнікаў (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання);
надмагільных манументаў (незалежна ад месца ўстаноўкі за кошт або з прыцягненнем сродкаў бюджэту);
помнікаў-бюстаў у гарадах Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве (далей – адміністрацыйныя цэнтры вобласці) і Мінску (незалежна ад крыніц фінансавання);
4.2. па рашэнні гарадскіх (гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў (далей – гарадскія выканаўчыя камітэты) і раённых выканаўчых камітэтаў, узгодненым з абласнымі выканаўчымі камітэтамі, – стварэнне (рэканструкцыя (за выключэннем рэстаўрацыі), устаноўка (мантаж) помнікаў-бюстаў (на тэрыторыі абласцей, за выключэннем адміністрацыйных цэнтраў вобласці, незалежна ад крыніц фінансавання);
4.3. па рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, узгодненым з абласнымі выканаўчымі камітэтамі (незалежна ад месца ўстаноўкі і крыніц фінансавання):
рэстаўрацыя, устаноўка (мантаж) манументальнай скульптуры;
стварэнне (рэканструкцыя), устаноўка (мантаж) памятных знакаў, памятных (мемарыяльных) дошак, абеліскаў, стэл;
стварэнне (рэканструкцыя), устаноўка (мантаж) манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару, твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў.
5. Прыняцце рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры (незалежна ад крыніц фінансавання) і (або) іншага твора мастацтва (за кошт або з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў) ажыццяўляецца пасля атрымання станоўчага заключэння Міністэрства культуры аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва (далей, калі не вызначана іншае, – заключэнне Міністэрства культуры).
6. Для атрымання заключэння Міністэрства культуры ў выпадках, прадугледжаных пунктам 5 дадзенага Палажэння, Мінскі гарадскі, раённы і гарадскі выканаўчы камітэт накіроўвае ў Міністэрства культуры пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва, вызначэннем крыніц і памераў фінансавання, да якога дадаюцца:
копія карты мясцовасці з абазначэннем месца ўстаноўкі (мантажу) твора мастацтва;
звесткі аб выніках конкурсу эскізных праектаў твораў мастацтва (або аднаго з аб’ектаў мемарыяльнага комплексу ці комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў) (далей – конкурс), праведзенага ў выпадках і парадку, прадугледжаных главой 3 дадзенага Палажэння;
узгадненне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з вызначэннем адпаведнасці гістарычным фактам запланаванай да стварэння (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры;
узгадненне Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей (для стварэння (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, а таксама твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару);
узгадненне Міністэрства замежных спраў (для стварэння і ўстаноўкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь манументальнай скульптуры, прысвечанай важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам або знакамітым дзеячам іншых краін).
7. Для атрымання ўзгадненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрства замежных спраў, прадугледжаных пунктам 6 дадзенага Палажэння, Мінскі гарадскі, раённы і гарадскі выканаўчы камітэт накіроўвае ў названыя арганізацыю, дзяржаўныя органы пісьмо з абгрунтаваннем гістарычнай і ідэалагічнай неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва, звесткамі аб выніках конкурсу і месцы, дзе плануецца ўстаноўка (мантаж) твора мастацтва.
8. Заключэнне Міністэрства культуры даецца, а Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрства замежных спраў узгадняюць (не ўзгадняюць) стварэнне (рэканструкцыю) твора мастацтва не пазней за пятнаццаць працоўных дзён пасля атрымання пісьма і дакументаў, прадугледжаных пунктамі 6 або 7 дадзенага Палажэння.
Пры вызначэнні мэтазгоднасці (немэтазгоднасці), магчымасці ўзгаднення стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва ўлічваюцца:
значэнне для Рэспублікі Беларусь асобы (падзеі, даты, у асобных выпадках жывой істоты), у гонар якой плануецца стварыць твор мастацтва;
увекавечанне памяці аб знакамітым дзеячы (падзеі, даце, у асобных выпадках жывой істоце) у існуючых творах мастацтва;
магчымасці і запланаваныя крыніцы фінансавання для стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва;
іншыя абставіны ідэалагічнага, сацыяльнага, навуковага і (або) эканамічнага характару, якія могуць мець істотнае значэнне пры прыняцці рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва або паўплываць на ўспрыманне гэтага твора грамадствам.
Пры неабходнасці атрымання інфармацыі па пытаннях, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры, тэрмін разгляду пісьма можа быць падоўжаны на пятнаццаць працоўных дзён для атрымання заключэнняў, прапаноў і рэкамендацый зацікаўленых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый па пытанні аб мэтазгоднасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва.
9. У выпадку атрымання заключэння Міністэрства культуры аб мэтазгоднасці стварэння (рэканструкцыі) твора манументальнай скульптуры, вызначанага падпунктам 4.1 пункта 4 дадзенага Палажэння, абласны (Мінскі гарадскі) выканаўчы камітэт прадстаўляе на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пісьмо з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры, вызначэннем крыніц і запланаванага памеру фінансавання работ. Да пісьма дадаюцца дакументы, прадугледжаныя абзацамі другім–шостым пункта 6 дадзенага Палажэння.
10. Для ўзгаднення рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) твораў мастацтва, вызначаных у падпунктах 4.2 і 4.3 пункта 4 дадзенага Палажэння, раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты накіроўваюць у абласны выканаўчы камітэт дакументы, прадугледжаныя пунктам 6 дадзенага Палажэння, а таксама заключэнне Міністэрства культуры (пры неабходнасці).
11. Стварэнне твораў мастацтва за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту для ўстаноўкі (мантажу) іх за межамі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на падставе рашэння Міністэрства культуры, якое прымаецца па ўзгадненні з Міністэрствам замежных спраў і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а таксама Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей (пры стварэнні (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры, прысвечанай рэлігійнаму дзеячу, і (або) твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару), пры наяўнасці згоды кампетэнтнага органа замежнай дзяржавы, на тэрыторыі якой плануецца ўстанавіць (зманціраваць) твор мастацтва.
Стварэнне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, надмагільных манументаў, помнікаў-бюстаў за кошт рэспубліканскага бюджэту для ўстаноўкі (мантажу) іх за межамі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, атрыманне якога ажыццяўляецца да прыняцця рашэння Міністэрствам культуры.
ГЛАВА 3
АДБОР ЭСКІЗНЫХ ПРАЕКТАЎ ДЛЯ СТВАРЭННЯ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
12. Для стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва распрацоўваецца эскізны праект.
Эскізны праект твора мастацтва (або аднаго з аб’ектаў мемарыяльнага комплексу ці комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў) (далей, калі не вызначана іншае, – эскізны праект) ствараецца ў мэтах вызначэння вобразна-мастацкай задумы, архітэктурна-прасторавай кампазіцыі, канструкцыйнага рашэння, прыкладнага кошту твора мастацтва і павінен уключаць фізічныя параметры і параметры яго прасторавага размяшчэння.
13. Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва за кошт або з прыцягненнем бюджэтных сродкаў для адбору эскізнага праекта праводзіцца конкурс, за выключэннем выпадкаў, калі аўтарскі эскізны праект надмагільнага манумента прапанаваны роднымі і (або) спадчыннікамі нябожчыка.
Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва за кошт або з прыцягненнем бюджэтных сродкаў арганізатарам (арганізатарамі) конкурсу з’яўляецца (з’яўляюцца) дзяржаўны орган (дзяржаўныя органы), які вылучае (якія вылучаюць) бюджэтныя сродкі на стварэнне (рэканструкцыю) гэтага твора.
Пры фінансаванні стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва за кошт уласных сродкаў юрыдычнай і (або) фізічнай асобы неабходнасць правядзення конкурсу вызначаецца юрыдычнай і (або) фізічнай асобай сумесна з Мінскім гарадскім, раённым і гарадскім выканаўчым камітэтам, на тэрыторыі якога плануецца ўстанавіць (зманціраваць) гэты твор.
14. Парадак арганізацыі і правядзення конкурсу, склад журы конкурсу зацвярджаюцца яго арганізатарам.
15. У склад журы конкурсу абавязкова ўключаюцца творчыя работнікі, спецыялісты ў галіне, якой прысвечаны твор мастацтва, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве (далей – Рэспубліканскі савет), якія складаюць не менш за палову складу журы. У склад журы не могуць уваходзіць аўтары, якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе.
16. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца арганізатарам конкурсу на яго афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт (абавязкова), а таксама ў сродках масавай інфармацыі і (або) на інфармацыйных рэсурсах, размешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, вызначаных арганізатарам конкурсу, і павінна змяшчаць звесткі аб тэрмінах правядзення конкурсу, яго ўмовах, крытэрыях, парадку ацэнкі прадстаўленых удзельнікамі матэрыялаў, парадку і тэрмінах абвяшчэння вынікаў конкурсу, іншыя неабходныя (па рашэнні арганізатара конкурсу) звесткі.
17. Тэрмін правядзення конкурсу павінен быць не менш за трыццаць дзён без уліку часу на падвядзенне вынікаў конкурсу.
Пры неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва да знамянальнай даты, а таксама пры правядзенні паўторнага конкурсу дадзены тэрмін можа быць скарочаны да пятнаццаці дзён.
18. Эскізны праект, які прадстаўляецца на конкурс, як правіла, павінен уключаць наступныя матэрыялы:
сітуацыйны план (выкапіроўка з генеральнага плана) у маштабе 1:500;
эскіз кампазіцыйнага рашэння (для скульптуры – у мяккім матэрыяле) твора мастацтва або аднаго з аб’ектаў мемарыяльнага комплексу або комплексу манументальна-дэкаратыўных твораў у маштабе не менш за 1:10;
планы памяшканняў (участкаў) у маштабе 1:200–1:20;
фасады (разгорткі сцен) у маштабе 1:200–1:20;
выяву перспектывы ці спрошчаны макет;
малюнкі для выканання мадэлей дэкаратыўных элементаў (картушы, фрызы, устаўкі і іншае);
тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прыкладнага кошту;
агульную тлумачальную запіску з кароткім апісаннем рашэнняў з прывядзеннем асноўных разліковых даных па канструкцыях і інжынерным абсталяванні (пры неабходнасці).
Дакладны пералік матэрыялаў, якія ўключаюцца ў эскізны праект, вызначаецца арганізатарам конкурсу ў парадку яго арганізацыі і правядзення.
19. Адбор эскізнага праекта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з парадкам арганізацыі і правядзення конкурсу.
20. Адабраны эскізны праект прадстаўляецца ў Мінскі гарадскі, раённы і гарадскі выканаўчы камітэт, на тэрыторыі якога запланавана ўстаноўка (мантаж) твора мастацтва, для атрымання экспертнага заключэння:
Рэспубліканскага савета – для твораў мастацтва, якія ствараюцца (рэканструююцца) са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
абласных (Мінскага гарадскога) мастацка-экспертных саветаў па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве (далей – мастацка-экспертныя саветы) – для іншых твораў мастацтва.
21. Рэспубліканскі савет ствараецца пры Міністэрстве культуры.
Склад Рэспубліканскага савета і Палажэнне аб ім зацвярджаюцца Міністэрствам культуры.
Мастацка-экспертныя саветы ствараюцца пры абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах.
Склад мастацка-экспертнага савета зацвярджаецца распараджэннем старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.
Палажэнне аб мастацка-экспертным савеце зацвярджаецца рашэннем абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.
Склад мастацка-экспертнага савета фарміруецца з ліку вядучых творчых работнікаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Пры гэтым у склад мастацка-экспертнага савета ўключаюцца не менш за два прадстаўнікі Рэспубліканскага савета.
Склад мастацка-экспертнага савета падлягае абнаўленню, як правіла, не радзей за адзін раз у тры гады і змяняецца не менш чым на адну трэць.
22. Пасля атрымання экспертнага заключэння аб магчымасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва згодна з адабраным эскізным праектам арганізуецца выкананне адпаведных работ.
Пасля атрымання экспертнага заключэння аб немагчымасці стварэння (рэканструкцыі) твора мастацтва згодна з адабраным эскізным праектам арганізатар конкурсу мае права правесці паўторны конкурс, а юрыдычная і (або) фізічная асобы – адабраць іншы эскізны праект.
23. Арганізацыя выканання работ па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва на адкрытай прасторы і звонку будынкаў па-за межамі памяшканняў ажыццяўляецца пасля ўзгаднення з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі Мінскага гарадскога, раённага і гарадскога выканаўчага камітэта, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
ГЛАВА 4
ВЫКАНАННЕ І ФІНАНСАВАННЕ СТВАРЭННЯ (РЭКАНСТРУКЦЫІ) ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
24. Работы і паслугі, звязаныя са стварэннем (рэканструкцыяй) твораў мастацтва, ажыццяўляюцца па заказе дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных і (або) фізічных асоб (далей – заказчыкі) на падставе заключаных дагавораў.
25. Выкананне работ па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва ажыццяўляецца з прыцягненнем аўтара (калектыву аўтараў) эскізнага праекта.
Работа аўтара (калектыву аўтараў) па стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва выконваецца паэтапна:
распрацоўка эскізнага праекта, у тым ліку архітэктурных частак эскіза, сумесна з архітэктарам (калі пры стварэнні твора мастацтва распрацоўваецца мастацкая канцэпцыя твора, якая ўключае архітэктурную прывязку, форму і памер пастамента (для манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры) і іншае), і правядзенне конкурсу (пры неабходнасці);
выкананне рабочай мадэлі (рабочага эскіза);
выкананне мадэлі (кардону) у натуральную велічыню;
выраб твора ў матэрыяле (натуры).
Фактычнае выкананне аб’ёмаў работы аўтара (калектыву аўтараў) вызначаецца па кожным этапе на падставе экспертных заключэнняў:
Рэспубліканскага савета – для твораў мастацтва, якія ствараюцца (рэканструююцца) са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
мастацка-экспертнага савета – для іншых твораў мастацтва.
Прадстаўленне вынікаў фактычнага выканання аб’ёмаў работы аўтара (калектыву аўтараў) па кожным этапе на пасяджэннях Рэспубліканскага савета або мастацка-экспертнага савета ажыццяўляецца заказчыкам.
26. Да работ па ўстаноўцы (мантажы) твораў мастацтва адносяцца праектныя і будаўнічыя работы і паслугі, звязаныя з праектаваннем, будаўніча-мантажнымі работамі па стварэнні пастамента і ўстаноўцы манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры.
Выкананне праектных і будаўнічых работ, звязаных з устаноўкай (мантажом) твора мастацтва, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам у галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і будаўніцтва.
27. Фінансаванне стварэння (рэканструкцыі) твораў мастацтва можа ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, сродкаў юрыдычных і (або) фізічных асоб, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
28. Кошт работ і паслуг, звязаных са стварэннем (рэканструкцыяй) твораў мастацтва, вызначаецца з улікам этапаў, прадугледжаных пунктам 25 дадзенага Палажэння.
29. Пры вызначэнні кошту работ і паслуг, звязаных з праектаваннем і ўстаноўкай (мантажом) твора мастацтва, улічваюцца наступныя работы і паслугі:
ажыццяўленне праектных і будаўнічых работ, прадугледжаных эскізным праектам;
аўтарскае кіраўніцтва пры ўстаноўцы (мантажы) твора мастацтва;
іншыя работы і паслугі, звязаныя з праектаваннем і ўстаноўкай (мантажом) твора мастацтва.
Заказчык работ і паслуг, звязаных з праектаваннем і ўстаноўкай (мантажом) твора мастацтва, вылучае пазабюджэтныя сродкі на ажыццяўленне дзяржаўнай прыёмкі (у тым ліку праезд, харчаванне, пражыванне членаў дзяржаўнай камісіі).
ГЛАВА 5
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПРЫЁМКА ТВОРАЎ МАСТАЦТВА
30. Пасля ўстаноўкі (мантажу) ці рэканструкцыі твора мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заказчык складае акт аб гатоўнасці твора мастацтва да дзяржаўнай прыёмкі.
31. Акт аб гатоўнасці твора мастацтва да дзяржаўнай прыёмкі павінен змяшчаць:
каштарыс і рабочыя чарцяжы твора мастацтва;
акт на земляныя работы (пры неабходнасці);
акт устаноўкі (мантажу) твора мастацтва;
акт добраўпарадкавання тэрыторыі (пры неабходнасці);
фатаграфіі выкананага твора мастацтва.
32. Дзяржаўная прыёмка твора мастацтва ажыццяўляецца дзяржаўнай камісіяй, склад якой фарміруецца заказчыкам з членаў Рэспубліканскага савета, мастацка-экспертных саветаў, прадстаўнікоў заказчыка, дзяржаўных органаў, грамадскасці і зацвярджаецца:
Міністэрствам культуры – для твораў, якія ствараюцца (рэканструююцца) са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
абласнымі (Мінскім гарадскім) выканаўчымі камітэтамі – для прыёмкі іншых твораў мастацтва.
33. Дзяржаўная прыёмка твора мастацтва афармляецца актам, які павінен змяшчаць:
падставу для стварэння твора мастацтва;
кароткае апісанне твора мастацтва, які прымаецца, у цэлым і ў асноўных элементах;
акт прыёмкі будаўнічых і мантажных работ (пры неабходнасці);
звесткі аб аўтары (калектыве аўтараў) твора мастацтва;
звесткі аб вытворцы (вытворцах) работ па стварэнні твора мастацтва;
звесткі аб выкананых работах у адпаведнасці з зацверджаным каштарысам;
пералік выяўленых недахопаў з устанаўленнем тэрмінаў іх выпраўлення (ліквідацыі);
ацэнку мастацкіх вартасцей твора мастацтва і якасці выкананых работ;
вывады і прапановы.
34. Акт дзяржаўнай прыёмкі твора мастацтва складаецца ў двух экзэмплярах, адзін з якіх перадаецца заказчыку, другі – Мінскаму гарадскому, раённаму і гарадскому выканаўчаму камітэту, на тэрыторыі якога ён устаноўлены (зманціраваны).
35. На падставе акта дзяржаўнай прыёмкі твора мастацтва Мінскі гарадскі, раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць улік твораў мастацтва, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі.
36. У выпадку, калі твор мастацтва не адпавядае зацверджанаму эскізнаму праекту, не мае належных мастацкіх вартасцей, дзяржаўная камісія ў спецыяльным заключэнні абгрунтоўвае сваю адмову ад дзяржаўнай прыёмкі і інфармуе аб гэтым дзяржаўны орган, які зацвердзіў склад дзяржаўнай камісіі.
37. Дзяржаўная прыёмка твора мастацтва, створанага за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту для ўстаноўкі (мантажу) за межамі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасля вырабу твора мастацтва ў матэрыяле (натуры) у парадку, вызначаным пунктамі 32–34, часткай другой сапраўднага пункта дадзенага Палажэння.
Акт дзяржаўнай прыёмкі такога твора мастацтва складаецца ў двух экзэмплярах, адзін з якіх перадаецца заказчыку, другі – органу знешніх зносін Рэспублікі Беларусь, які прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у дзяржаве, дзе запланавана ўстаноўка (мантаж) твора мастацтва.
|
да Палажэння аб парадку стварэння |
1. Абеліск – манументальная скульптура, прысвечаная важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам, у выглядзе гранёнага (звычайна квадратнага ў сячэнні) слупа, які звужаецца ўверсе, мае завостраную пірамідальную верхнюю частку і вышыню, суразмерную архітэктурнаму асяроддзю месца ўстаноўкі абеліска, у якасці аздаблення можа ўключаць скульптурныя і шрыфтавыя кампазіцыі.
2. Вітраж – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва выяўленчага або арнаментальнага характару з каляровага шкла, разлічаны на скразное асвятленне і прызначаны для запаўнення праёма, часцей за ўсё аконнага, у архітэктурным збудаванні.
3. Дэкаратыўна-аздабленчыя формы – манументальна-дэкаратыўная скульптура, у тым ліку творы з металу, керамікі, шкла, дрэва, каменю і іншых матэрыялаў, выкананыя ў тэхніках ліцця, коўкі, чаканкі, інтарсіі (вазы, рашоткі, агароджы, флюгеры, элементы паркавага аздаблення і іншае), якія маюць адносна самастойнае значэнне і прызначаны для архітэктурнага ці ландшафтнага асяроддзя.
4. Комплекс манументальна-дэкаратыўных твораў – сукупнасць манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія ствараюцца ў арганічнай узаемасувязі з архітэктурным асяроддзем для аздаблення інтэр’ера будынка.
5. Мазаіка (рымская, фларэнтыйская і іншая) – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца ў тэхніцы малюнка і дэкаравання паверхні шляхам прымацавання да агульнай асновы кавалачкаў матэрыялаў, што адрозніваюцца па колеры, фактуры, тэкстуры.
6. Манументальна-дэкаратыўная тканіна – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца ў арганічнай узаемасувязі з архітэктурным асяроддзем для аздаблення інтэр’ера будынка ў тэхніках габелену, батыку, ручнога рэмізнага ткацтва, тэкстыльнай мазаікі або тэкстыльнай змешанай тэхніцы.
7. Мемарыяльная (інфармацыйная) пліта – манументальна-дэкаратыўная скульптура, прысвечаная важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам або вядомым асобам, знакамітым дзеячам, у выглядзе пліты (блока), якая ўстанаўліваецца на тэрыторыях або ў інтэр’ерах, звязаных з важнымі гістарычнымі падзеямі, знамянальнымі датамі, жыццём і дзейнасцю вядомых асоб ці знакамітых дзеячаў, змяшчае шрыфтавую кампазіцыю з кароткімі біяграфічнымі звесткамі аб вядомай асобе ці знакамітым дзеячы або інфармацыю аб важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце, якім яна прысвечана, можа ўключаць рэльеф або жывапісную выяву.
8. Мемарыяльны комплекс – манументальная скульптура ў выглядзе архітэктурна-пластычнай шматпланавай кампазіцыі, якая прысвечана значнай гістарычнай падзеі і мае важнае ландшафтнае значэнне. Мастацкае рашэнне мемарыяльнага комплексу заснавана на прынцыпах сінтэзу архітэктуры, манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і мастацтва, тэкставых, светлавых і гукавых вобразаў, можа ўключаць розныя віды манументальнай скульптуры.
9. Надмагільны манумент – манументальная скульптура, якая размяшчаецца непасрэдна на месцы пахавання вядомай асобы ці знакамітага дзеяча або каля іх, ствараецца ў межах устаноўленых лінейных параметраў для тэрыторыі пахавання.
10. Памятная (мемарыяльная) дошка – манументальная скульптура, прысвечаная важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам або вядомым асобам, знакамітым дзеячам, створаная ў выглядзе дошкі, якая ўстанаўліваецца на фасадзе будынка, тэрыторыях і пабудовах, звязаных з дадзенымі падзеямі, жыццём і дзейнасцю вядомых асоб ці знакамітых дзеячаў, змяшчае кароткія біяграфічныя звесткі аб вядомай асобе ці знакамітым дзеячы або інфармацыю аб падзеі, якой яна прысвечана, можа ўключаць дэкаратыўныя і выяўленчыя элементы.
11. Памятны знак – адна- ці шматкампанентная манументальная скульптура, прысвечаная важнай гістарычнай падзеі ці іншай падзеі, знамянальным датам, якая змяшчае мемарыяльную інфармацыю і вобразнае (трохмернае, плоскае або рэльефнае) пластычнае рашэнне ў навакольнай прасторы.
12. Помнік – адна- ці шматкампанентная манументальная скульптура, якая прысвечана важнай гістарычнай падзеі ці вядомай асобе, знакамітаму дзеячу, а таксама жывым істотам, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі краіны ці народа, уключае, як правіла, партрэтную выяву (выявы), мае важнае значэнне ў арганізацыі навакольнай прасторы (гарадской, паркавай), прыроднага ландшафту.
13. Помнік-бюст – аднафігурная манументальная скульптура, якая ствараецца для ўвекавечвання памяці пэўнага знакамітага дзеяча ці вядомай асобы, уяўляе сабой паплечны, пагрудны або паясны партрэт і размяшчаецца на пастаменце, мае важнае значэнне ў арганізацыі навакольнай прасторы (гарадской, паркавай), прыроднага ландшафту.
14. Роспіс – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, які ствараецца шляхам дэкаравання матэрыяламі паверхні і з’яўляецца часткай спецыяльна задуманай і арганізаванай мастаком прасторы. Можа быць выкананы ў тэхніках алейнага і акрылавага жывапісу, тэмперы, сграфіта, фрэскі па сырой і сухой тынкоўцы, энкаўстыкі, ляўкасу і іншых тэхніках мастацкага аздаблення інтэр’ера і экстэр’ера будынка (мурал і іншае).
15. Рэканструкцыя твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на выкарыстанне па новым прызначэнні твораў мастацтва і (або) звязаных са змяненнем іх асноўных тэхніка-эканамічных паказчыкаў і параметраў, у тым ліку з павелічэннем спажывецкіх якасцей, змяненнем колеру, плошчы і параметраў твораў мастацтва, напрамку і (або) месца іх размяшчэння.
16. Рэстаўрацыя – работы па рэканструкцыі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія ўключаюць аднаўленне струхлелых або разбураных твораў мастацтва ў ранейшым, першапачатковым выглядзе, у тым ліку і з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, якія па колеры і фактуры не змяняюць аблічча і ўспрыманне твораў.
17. Стэла – манументальная скульптура, прысвечаная важным гістарычным ці іншым падзеям, знамянальным датам, створаная ў выглядзе пліты (слупа) з размешчанымі на ёй тэкстам або выявамі, звычайна мае вышыню, суразмерную архітэктурнаму асяроддзю месца ўстаноўкі стэлы.
18. Твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва рэлігійнага характару – манументальна-дэкаратыўная скульптура, а таксама творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (памерам звыш трох квадратных метраў), якія маюць самастойнае значэнне і прысвечаны значным асобам рэлігійнай гісторыі, падзеям, знамянальным датам у розных веравызнаннях.