Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 08.06.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

6 ліпеня 2022 г. № 52

Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

На падставе падпунктаў 5.5 і 5.23 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць Інструкцыю аб парадку распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

УЗГОДНЕНА

Брэсцкі абласны
выканаўчы камітэт

Віцебскі абласны
выканаўчы камітэт

Гомельскі абласны
выканаўчы камітэт

Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Магілёўскі абласны
выканаўчы камітэт

Мінскі абласны
выканаўчы камітэт

Мінскі гарадскі
выканаўчы камітэт

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
06.07.2022 № 52

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзеная Інструкцыя вызначае парадак распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – праект зон аховы).

2. Для мэт сапраўднай Інструкцыі выкарыстоўваюцца тэрміны і іх азначэнні ў значэннях, устаноўленых Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры (далей – Кодэкс), а таксама наступныя тэрміны і іх азначэнні:

абгрунтоўваючая частка праекта зон аховы (далей – абгрунтоўваючая частка) – сістэматызаваныя і ўзаемазвязаныя матэрыялы (тэкставая і графічная часткі праекта зон аховы), якія змяшчаюць гістарычныя звесткі, звесткі пра папярэднія работы і навукова-даследчыя работы; абгрунтаванне межаў тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць) і зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей, калі не пазначана іншае, – зоны аховы), рэжымаў іх утрымання і выкарыстання, неабходныя картаграфічныя матэрыялы, фотаматэрыялы;

ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) – тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці і можа ўключаць тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці;

дысаніруючая забудова – негістарычныя будынкі і збудаванні ў гістарычным асяроддзі, якія па сваіх характарыстыках не адпавядаюць гістарычнаму асяроддзю і (або) пагаршаюць умовы ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і гістарычных панарам;

зацвярджаемая частка праекта зон аховы – тэкставая частка праекта зон аховы са схемай зон аховы, якая распрацоўваецца на падставе абгрунтоўваючай часткі і зацвярджаецца Міністэрствам культуры ва ўстаноўленым парадку;

зоны аховы – устаноўленыя ў сваіх межах тэрыторыі, блізкія да тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і якія забяспечваюць захаванне гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя;

зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы культурнага пласта (слоя)) – тэрыторыя, звязаная з гісторыка-культурнай каштоўнасцю гістарычна і функцыянальна і неабходная для выяўлення, захавання і даследавання археалагічных аб’ектаў і артэфактаў;

зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) – тэрыторыя, неабходная для захавання і (або) рэгенерацыі ландшафту;

зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) – тэрыторыя, неабходная для захавання і (або) рэгенерацыі гістарычна абумоўленай сістэмы планіроўкі, архітэктурнага, прыроднага асяроддзя і прасторавай структуры гісторыка-культурнай каштоўнасці, для замацавання значэння гісторыка-культурнай каштоўнасці ў антрапагенным і (або) прыродным асяроддзі, стварэння неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці, рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы;

каштоўнае гісторыка-архітэктурнае асяроддзе – будынкі і збудаванні, якія падлягаюць захаванню і фарміруюць гістарычную кампазіцыйна-планіровачную структуру і забудову населенага пункта, іх маштабныя, сілуэтныя, аб’ёмна-прасторавыя, планіровачныя і стылістычныя характарыстыкі, канструкцыю, матэрыял і колеравае рашэнне;

мяжа тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы – умоўная лінія на паверхні зямлі, якая абазначае тэрыторыю, за межамі якой ажыццяўленне горадабудаўнічай, гаспадарчай і іншай дзейнасці не аказвае прамое або ўскоснае негатыўнае ўздзеянне на захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці ў яе гістарычным асяроддзі;

нейтральная забудова – будынкі і збудаванні, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні кампазіцыі гістарычнай і сучаснай забудовы і не аказваюць сваім знешнім выглядам уздзеяння на ўмовы яе ўспрымання;

праект зон аховы – тэхнічны нарматыўны прававы акт, які складаецца з тэкставай і графічнай частак і змяшчае асноўныя звесткі аб гісторыка-культурнай каштоўнасці і асяроддзі, якое да яе прылягае, апісанне межаў прынятых зон аховы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання тэрыторыі ў межах зон аховы;

схема зон аховы – картаграфічны дадатак да праекта зон аховы, яго неад’емная частка, на якой адлюстраваны межы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўстаноўленых зон аховы, аб’екты, да якіх прывязаны межы зон аховы, паваротныя кропкі з пазначэннем каардынат, сістэмай неабходных умоўных пазначэнняў;

тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці – тэрыторыя, непасрэдна занятая гісторыка-культурнай каштоўнасцю і (або) яе часткай, звязаная з імі гістарычна і функцыянальна;

шэраговая гістарычная забудова – будынкі і збудаванні, якія з’явіліся да развіцця буйнапанэльнага домабудавання і пераходу да забудовы жылымі раёнамі і мікрараёнамі ў сярэдзіне XX стагоддзя.

3. Праект зон аховы распрацоўваецца для забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя і вырашэння асноўнай задачы аховы гісторыка-культурнай спадчыны – захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей у мэтах зберажэння і памнажэння гісторыка-культурнай спадчыны і стварэння ўмоў для яе перадачы наступным пакаленням. Для аб’ектаў, якія размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексу або ансамбля, распрацоўваецца агульны праект зон аховы.

4. Заказчыкам работ па распрацоўцы праекта зон аховы выступаюць уласнік (карыстальнік) гісторыка-культурнай каштоўнасці або землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (у выпадку распрацоўкі праекта зон аховы ў складзе горадабудаўнічых праектаў дэталёвага планавання).

5. Праекты зон аховы для гісторыка-культурных каштоўнасцей (акрамя помнікаў археалогіі і помнікаў гісторыі) распрацоўваюцца праектнымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць распрацоўку горадабудаўнічых праектаў, іншымі праектнымі арганізацыямі, у якіх працуе грамадзянін, які мае пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, або індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія маюць пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

6. Праекты зон аховы для помнікаў археалогіі распрацоўваюцца навуковымі арганізацыямі, дзяржаўнымі і музейнымі ўстановамі, у якіх працуе грамадзянін, які мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Археалогія», «Гісторыя (археалогія)».

7. Праекты зон аховы для помнікаў гісторыі распрацоўваюцца праектнымі арганізацыямі, дзяржаўнымі і музейнымі ўстановамі, у якіх працуе грамадзянін, які мае адукацыю па спецыяльнасці «Архітэктура».

8. У выпадку распаўсюджвання на адну і тую ж тэрыторыю ў межах зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці розных рэжымаў утрымання і выкарыстання на названай тэрыторыі дзейнічаюць больш строгія рэжымы.

ГЛАВА 2
АГУЛЬНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА РАСПРАЦОЎКІ ПРАЕКТАЎ ЗОН АХОВЫ

9. Праект зон аховы ўяўляе сабой сістэматызаваную дакументацыю ў тэкставай форме са схемай зон аховы, якая змяшчае апісанне межаў тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і зон аховы, апісанне рэжымаў утрымання і выкарыстання тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і межаў зон аховы, у тым ліку патрабаванні да горадабудаўнічых рэгламентаў у межах вызначаных зон.

10. Праект зон аховы распрацоўваецца на падставе матэрыялаў комплексных навукова-даследчых работ (абгрунтоўваючай часткі), падрыхтаваных згодна з главой 3 сапраўднай Інструкцыі.

11. Праект зон аховы складаецца з раздзелаў:

агульныя палажэнні;

тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці;

ахоўная зона;

зона рэгулявання забудовы (пры неабходнасці);

зона аховы ландшафту (пры неабходнасці);

зона аховы культурнага пласта (слоя) (пры неабходнасці).

12. Неад’емнай часткай праекта зон аховы з’яўляецца схема зон аховы.

13. Афармленне тэкставых матэрыялаў праекта зон аховы ажыццяўляецца на аркушах фармату А4 (210 х 297) з наступнымі параметрамі:

палі старонак: верхняе і ніжняе – 2 см, левае – 3 см, правае – 1 см;

шрыфт Times New Roman, звычайны, памер 15 пт;

міжрадковы інтэрвал – адзінарны;

абзац з адступленнем 1,25 см;

выроўніванне па шырыні аркуша і без пераносу слоў;

нумары старонак у цэнтры верхняга калантытула з адлегласцю 1,0–1,5 см па верхнім краі, памер шрыфту 14 пт (першая старонка не нумаруецца).

14. Электронны варыянт тэкставых матэрыялаў павінен быць у фармаце .doc або .docx.

15. Схема зон аховы афармляецца наступным чынам:

надпісы і ўмоўныя пазначэнні на схеме выконваюцца шрыфтам Times New Roman;

геападаснова (кадастравая ці тапаграфічная карта) для выканання картаграфічных матэрыялаў павінна быць выкарыстана ў маштабе, дастатковым для забеспячэння адназначнага візуальнага прачытання карты, месцазнаходжання гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе элементаў, у тым ліку карэктнага адлюстравання неабходных умоўных пазначэнняў, надпісаў, і з’яўляцца актуальнай на момант распрацоўкі праекта зон аховы;

на схеме адлюстроўваецца пазначэнне напрамку на поўнач;

выкарыстоўваецца каардынатная сістэма WGS84;

каардынаты прыводзяцца ў градусах у выглядзе дзесятковага дробу;

каардынаты межаў павінны быць прывязаны да асноўных паваротных кропак і адлюстраваны ў табліцы або ў асобным дадатку (каардынатнай схеме).

16. Умоўныя пазначэнні на схеме зон аховы выконваюцца ў дастатковым аб’ёме для карэктнага прачытання схемы зон аховы.

Сістэма ўмоўных пазначэнняў павінна быць выразнай, не мець візуальна блізкіх колераў. Пры неабходнасці можа быць выкарыстана сістэма пункціраў (штрыхпункціраў). Колернае адлюстраванне аб’ектаў павінна быць агульнаўжывальным і зразумелым.

17. Электронны варыянт схемы зон аховы павінен быць у фармаце .pdf.

18. Друкаваны варыянт выконваецца на аркушах фармату А4, А3 або болей у залежнасці ад выкарыстанага маштабу схемы.

ГЛАВА 3
ПАТРАБАВАННІ ДА МАТЭРЫЯЛАЎ НАВУКОВЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ. АБГРУНТОЎВАЮЧАЯ ЧАСТКА

19. Распрацоўцы праекта зон аховы папярэднічаюць навукова-даследчыя вышуканні, якія з’яўляюцца абгрунтоўваючай часткай.

20. Абгрунтоўваючая частка распрацоўваецца ў мэтах абгрунтавання вызначаных у праекце зон аховы межаў тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, зон аховы і іх межаў, рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы і тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

21. Абгрунтоўваючая частка павінна змяшчаць:

тытульны ліст;

змест (пералік раздзелаў праекта);

уводзіны (у тым ліку мэты і задачы праекта, звесткі аб распрацоўніку і заказчыку праекта, кароткая характарыстыка праекта);

асноўная частка (главы і раздзелы);

высновы;

спіс архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў;

дадатак (у тым ліку фотаматэрыялы, графічныя матэрыялы, карты і схемы).

22. Абгрунтоўваючая частка складаецца з наступных раздзелаў:

навукова-даследчыя работы;

межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы;

іншыя звесткі, неабходныя для абгрунтавання прынятых рашэнняў.

23. Раздзел «Навукова-даследчыя работы» рыхтуецца з мэтай падрыхтоўкі навуковага і метадычнага абгрунтавання складу і межаў зон аховы, дастатковых для навуковага абгрунтавання прынятых праектных рашэнняў.

Раздзел «Навукова-даследчыя работы» ўключае архіўна-бібліяграфічныя і натурныя даследаванні, аналіз развіцця горадабудаўнічай сітуацыі і сучасны стан, ландшафтны аналіз тэрыторыі, археалагічныя вышуканні (для помнікаў археалогіі).

24. Па выніках праведзеных архіўна-бібліяграфічных даследаванняў (вывучэнне пісьмовых, літаратурных, архіўных крыніц) складаецца гістарычная даведка, якая змяшчае наступныя матэрыялы:

выпіскі з архіўных і бібліяграфічных крыніц, якія прадстаўляюць пералік гістарычных звестак аб гісторыка-культурнай каштоўнасці;

копіі гістарычных планаў і (або) карт ці іх фрагментаў, пачынаючы з найбольш ранніх, з адлюстраваннем тэрыторый, на якіх размешчаны гісторыка-культурныя каштоўнасці;

гістарычныя натурныя фотаздымкі ці малюнкі асобных будынкаў, збудаванняў, іх комплексаў або ансамбляў, горадабудаўнічых панарам, іншых неабходных для падрыхтоўкі праекта зон аховы адлюстраванняў тэрыторый, якія закранаюцца гэтым праектам;

архіўныя графічныя матэрыялы, фотаматэрыялы, якія даюць уяўленне аб гістарычным развіцці і сучасным становішчы гісторыка-культурнай каштоўнасці на тэрыторыі (населеным пункце);

аналіз гісторыка-архітэктурнага апорнага плана тэрыторыі (населенага пункта), дзе размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць;

даследаванне забудовы тэрыторыі (населенага пункта) з вызначэннем горадафарміруючых аб’ектаў і аб’ектаў, якія патрабуюць захавання, а таксама аб’ектаў, якія парушаюць архітэктурнае адзінства ці ўмовы ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей ці ландшафту;

выяўленне тэрыторый распаўсюджвання культурнага пласта (слоя);

спіс бібліяграфічных, музейных, архіўных і іншых крыніц, якія ўтрымліваюць звесткі аб гісторыка-культурнай каштоўнасці.

25. Па выніках натурных даследаванняў і візуальнага вывучэння характару размяшчэння і ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці ў натуральных умовах у абгрунтоўваючай частцы адлюстроўваюцца звесткі аб праведзеных даследаваннях, у тым ліку:

аб архітэктурных асаблівасцях гісторыка-культурнай каштоўнасці;

аб планіровачнай і прасторавай структуры тэрыторыі, дзе размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, і асаблівасцях яе гістарычнага фарміравання – сістэмы вуліц, плошчаў, дарог, заселеных і незаселеных, занятых расліннасцю, і адкрытых тэрыторый і іх прасторавай арганізацыі;

аб зрокавых сувязях паміж архітэктурнымі комплексамі, сувязі іх з прыродным акружэннем;

аналіз ландшафту і своеасаблівасцей абрысу населенага пункта;

даследаванне забудовы населенага пункта – мастацка-гістарычная каштоўнасць складаючых яго будынкаў і збудаванняў, вызначэнне горадафарміруючага значэння гісторыка-культурных каштоўнасцей, выяўленне аб’ектаў, якія патрабуюць захавання і надання ім статуса гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама аб’ектаў, што парушаюць архітэктурнае адзінства горадабудаўнічага комплексу або перашкаджаюць візуальнаму ўспрыманню гісторыка-культурных каштоўнасцей або ландшафту;

фотафіксацыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ў існуючай сістэме планіровачнай структуры з вызначэннем найбольш значных відавых кропак;

ландшафтны аналіз тэрыторыі – адлюстраванне асаблівасцей прыроднага ландшафту і візуальнага ўспрымання прыродных і архітэктурных дамінант, выяўленне каштоўных і дысаніруючых элементаў;

вызначэнне межаў культурнага пласта і яго магутнасці на тэрыторыі праектавання на падставе архіўна-бібліяграфічных і археалагічных звестак;

апісанне прынцыпаў ацэнкі забудовы, яе тыпалогіі, парадак аднясення тых ці іншых аб’ектаў да дысгарманічных, тлумачэнне прынятых умоўных адзнак, пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей, рэкамендацыі па правядзенні неабходных мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх асяроддзя, а таксама па ліквідацыі парушэнняў, якія прычыняюць шкоду гісторыка-культурным каштоўнасцям і іх асяроддзю.

26. У залежнасці ад прызначэння карт (схем) на картаграфічных матэрыялах адлюстроўваюцца ў тым ліку:

гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

каштоўнае гісторыка-архітэктурнае асяроддзе;

шэраговае гісторыка-архітэктурнае асяроддзе;

нейтральная забудова;

дысаніруючая забудова;

археалагічныя аб’екты і (або) тэрыторыі з наяўным культурным пластам;

чырвоныя лініі кварталаў;

напрамкі вуліц, якія захаваліся з мінулага;

межы домаўладанняў;

зялёныя пасадкі, якія захаваліся з мінулага;

мяжа тэрыторыі гістарычнай часткі населенага пункта;

кропкі візуальных панарамных раскрыццяў;

тэрыторыі кварталаў забудовы;

прамыслова-складскія тэрыторыі;

крутыя схілы тэрас і равоў;

зялёныя пасадкі агульнага карыстання;

назвы населеных пунктаў, вуліц, нумары дамоў, напрамкі назвы дарог;

схемы гістарычных этапаў змянення праекціровачнай і аб’ёмна-прасторавай структуры развіцця.

27. Раздзел «Межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы» змяшчае апісанне межаў тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці або комплексу, вызначаных зон аховы, іх рэжымаў утрымання і выкарыстання з абгрунтаваннем прынятых рашэнняў.

ГЛАВА 4
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ. ЗОНЫ АХОВЫ. МЕЖЫ, РЭЖЫМЫ ЎТРЫМАННЯ І ВЫКАРЫСТАННЯ ЗОН АХОВЫ

28. Для забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя ў праекце зон аховы вызначаюцца тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і адна або некалькі зон аховы.

Склад зон аховы вызначаецца праектам зон аховы для кожнай гісторыка-культурнай каштоўнасці з улікам яе індывідуальных асаблівасцей і ўмоў размяшчэння ў навакольным асяроддзі.

Межы зон аховы неабходна сумяшчаць з межамі планіровачных або прыродных аб’ектаў, у тым ліку з габарытамі кварталаў, вуліцамі, плошчамі, дарогамі, берагамі рэк, ірвамі і ярамі, ляснымі ўзлескамі.

29. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку помнікаў археалогіі, зоны аховы, рэжымы іх утрымання і выкарыстання вызначаюцца зыходзячы з аналізу архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе гістарычнай тэрыторыі (навуковых даследаванняў), аналізу існуючага палажэння з улікам горадабудаўнічага, антрапагеннага ўплыву на тэрыторыю, асаблівасцей лакалізацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, аналізу існуючых зон аховы (пры іх наяўнасці).

30. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці на падставе заканадаўства забяспечваецца магчымасць яе навуковага даследавання, захавання і правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці.

31. Зоны аховы ўстанаўліваюцца для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення яе гісторыка-мастацкай вартасці і выкарыстання з улікам абмежаванняў.

32. Для кожнай зоны аховы вызначаюцца рэжымы іх утрымання і выкарыстання, якія прадугледжваюць абмежаванне або поўную забарону дзейнасці, якая стварае пагрозу захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасці і (або) яе навакольнаму асяроддзю.

33. Ахоўная зона прызначана для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай, горадабудаўнічай і планіровачнай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

34. У межы ахоўнай зоны ўключаюцца тэрыторыя адкрытай прасторы, прылеглая да гісторыка-культурнай каштоўнасці, і ўчасткі з гістарычнай забудовай, ландшафтам.

Ахоўныя зоны помнікаў археалогіі ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часткі другой пункта 2 артыкула 105 Кодэкса і сапраўднай Інструкцыі.

35. Зона рэгулявання забудовы вызначаецца зыходзячы з умоў зоны бачнасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і візуальнага ўспрымання антрапагеннага і прыроднага асяроддзя ад гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

36. У межы зоны рэгулявання забудовы ўключаюцца тэрыторыі з гістарычнай планіровачнай і аб’ёмна-прасторавай структурай, а таксама з новай забудовай, у залежнасці ад месцазнаходжання асноўных кропак агляду гісторыка-культурнай каштоўнасці і гарадскіх панарам, неабходнасці забеспячэння рэгулявання вышыні і габарытаў новай забудовы (рэканструкцыі існуючай забудовы) на ўсю глыбіню бачнасці, які разгортваецца з гэтых кропак.

Для забеспячэння спрыяльных умоў візуальнага ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх комплексаў неабходна:

не засланяць гісторыка-культурныя каштоўнасці новымі будынкамі ў кропках і зонах найлепшага візуальнага ўспрымання;

пазбягаць размяшчэння ў зоне бачнасці гісторыка-культурных каштоўнасцей новых будынкаў, якія фарміруюць неспрыяльны для ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей фон;

улічваць басейн бачнасці – зону актыўнага ўплыву гісторыка-культурных каштоўнасцей на навакольнае асяроддзе пры ажыццяўленні комплекснай горадабудаўнічай рэканструкцыі тэрыторыі.

37. Рэжымы ўтрымання і выкарыстання зоны рэгулявання забудовы вызначаюцца ўмовамі захавання архітэктурнага абрысу гістарычнай часткі населенага пункта і (або) прыроднага асяроддзя, якія акружаюць гісторыка-культурную каштоўнасць, не дапускаюць магчымасці скажэння характару гістарычных планіроўкі, забудовы і (або) ландшафту, уздзеяння новага будаўніцтва, якое не спрыяе на гісторыка-культурныя каштоўнасці, ансамблі, панараму, іх сілуэт.

Рэжымы выкарыстання зоны рэгулявання забудовы ўлічваюць канкрэтную сітуацыю ўзаемадзеяння гісторыка-культурных каштоўнасцей і новай забудовы.

38. У залежнасці ад гістарычнай вартасці планіроўкі і забудовы, іх месцазнаходжання ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх значэння ў фарміраванні асяроддзя распрацоўшчыкам могуць вызначацца асобныя ўчасткі рэгулявання забудовы з рознымі рэгламентамі.

39. Зона аховы ландшафту ўключае прыроднае асяроддзе гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку рэльеф, якое ўздзейнічае на цэласнасць успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

40. Мяжа зоны аховы ландшафту ўстанаўліваецца зыходзячы з узаемасувязі гісторыка-культурнай каштоўнасці з прыроднымі гістарычнымі ландшафтамі.

У мяжу зоны аховы ландшафту ўключаюцца тэрыторыі як натуральна прыродныя, так і тыя, што знаходзяцца пад антрапагенным уздзеяннем, у залежнасці ад ступені ўрбанізацыі тэрыторыі.

У мяжы зоны аховы ландшафту павінна быць захавана або адноўлена характэрнае прыроднае асяроддзе, у тым ліку рэльеф, водныя сістэмы, сельскі ландшафт.

41. Рэжымы ўтрымання і выкарыстання зоны аховы ландшафту вызначаюцца ўмовамі захавання гістарычнага ландшафту, які кампазіцыйна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

42. Зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, звязана з ёй гістарычна і функцыянальна і неабходна для выяўлення, захавання і даследавання археалагічных аб’ектаў. Можа супадаць з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.

43. Рэжымамі ўтрымання і выкарыстання зоны аховы культурнага пласта (слоя) неабходна прадугледжваць правядзенне земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці з умовай прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам, а таксама іншыя меры, якія забяспечваюць ахову культурнага пласта ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей помніка археалогіі.

44. Для помнікаў археалогіі, размешчаных у межах населеных пунктаў, вызначаюцца ўсе неабходныя зоны аховы ў адпаведнасці з сапраўднай Інструкцыяй.

ГЛАВА 5
ЗАЦВЯРДЖЭННЕ ПРАЕКТА ЗОН АХОВЫ

45. Праект зон аховы зацвярджаецца пастановай Міністэрства культуры.

46. Змяненні і (або) дапаўненні ў зацверджаны праект зон аховы ўносяцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб нарматворчай дзейнасці.

47. Пасля ўступлення ў сілу пастановы, якой зацверджаны праект зон аховы, Міністэрства культуры не пазней за 5 дзён накіроўвае паведамленне распрацоўшчыку і адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу.

48. Пры выключэнні гісторыка-культурнай каштоўнасці з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама яе перамяшчэнні праект зон аховы, распрацаваны ў дачыненні да гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, падлягае прызнанню страціўшым сілу.

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.