Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 29.12.2024
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

13 чэрвеня 2024 г. № 227

Аб афіцыйных геральдычных сімвалах Міністэрства прамысловасці

У мэтах захавання і развіцця гістарычных традыцый Міністэрства прамысловасці пастанаўляю:

1. Заснаваць:

эмблему Міністэрства прамысловасці;

флаг Міністэрства прамысловасці;

нагрудны знак адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь».

2. Зацвердзіць:

Палажэнне аб эмблеме Міністэрства прамысловасці, яе апісанне і выяву (прыкладаюцца);

Палажэнне аб флагу Міністэрства прамысловасці, яго апісанне і выяву (прыкладаюцца);

Палажэнне аб нагрудным знаку адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь», яго апісанне і выяву (прыкладаюцца).

3. Фінансаванне расходаў на выраб заснаваных дадзеным Указам афіцыйных геральдычных сімвалаў і пасведчанняў да нагруднага знака адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь» ажыццяўляць у межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Міністэрства прамысловасці.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ПАЛАЖЭННЕ
аб эмблеме Міністэрства прамысловасці

1. Эмблема Міністэрства прамысловасці (далей – эмблема) з’яўляецца атрыбутам і адметным знакам Міністэрства прамысловасці.

2. Выява эмблемы размяшчаецца на флагу Міністэрства прамысловасці, афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, ганаровых граматах, граматах і падзяках Міністэрства прамысловасці.

3. Выява эмблемы можа выкарыстоўвацца на бланках, памятных значках, друкаванай, рэкламнай, сувенірнай, інфармацыйнай, кіна-, відэа-, фота- і іншай прадукцыі, якая вырабляецца для патрэб Міністэрства прамысловасці, а таксама падчас правядзення прэзентацыйных, інфармацыйных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў.

4. Выява эмблемы можа размяшчацца ў службовых кабінетах Міністра прамысловасці, яго намеснікаў, прэс-сакратара, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, кіраўнікоў арганізацый сістэмы Міністэрства прамысловасці, залах пасяджэнняў, падчас правядзення мерапрыемстваў, звязаных з дзейнасцю Міністэрства прамысловасці, у іншых выпадках, вызначаных Міністрам прамысловасці.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

АПІСАННЕ
эмблемы Міністэрства прамысловасці

Эмблема Міністэрства прамысловасці ўяўляе сабой выяву зямнога шара блакітнага колеру з кантынентамі сіняга колеру, у ніжняй частцы якой размешчана стылізаваная выява прамысловага прадпрыемства серабрыстага колеру. Зямны шар і прадпрыемства размешчаны ў крузе цёмна-сіняга колеру з аблямоўкай і шасцярнёй серабрыстага колеру. У верхняй частцы круга – стужка чырвонага і зялёнага колераў, на цэнтральным вітку якой выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь серабрыстага колеру на крузе чырвонага колеру з аблямоўкай серабрыстага колеру. На шасцярні размешчаны надпіс «МІНІСТЭРСТВА ПРАМЫСЛОВАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» цёмна-сіняга колеру.

Выява прамысловага прадпрыемства на фоне зямнога шара адлюстроўвае асноўную задачу Міністэрства прамысловасці – забеспячэнне ўстойлівага развіцця эканомікі на аснове міжнароднага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, эфектыўнай прамысловай кааперацыі. Шасцярня – традыцыйны знак тэхнічнай сферы.

Срэбра сімвалізуе сумленнасць, сціпласць і працавітасць, у кантэксце эмблемы – гэта сталь. Сіні колер – карпаратыўны колер прамысловасці. Чырвона-зялёная гама стужкі, выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, беларуская мова, на якой напісана назва Міністэрства, паказваюць на яго ранг і прыналежнасць да Рэспублікі Беларусь.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ВЫЯВА
эмблемы Міністэрства прамысловасці (каляровая)

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ПАЛАЖЭННЕ
аб флагу Міністэрства прамысловасці

1. Флаг Міністэрства прамысловасці (далей – флаг) з’яўляецца яго афіцыйным геральдычным сімвалам.

2. Флаг можа размяшчацца на будынках Міністэрства прамысловасці, арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму, у службовых кабінетах Міністра прамысловасці, яго намеснікаў, прэс-сакратара, начальнікаў структурных падраздзяленняў, залах пасяджэнняў, а таксама ў месцах, якія вызначаюцца Міністрам прамысловасці.

3. Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і флага іх размяшчэнне вызначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «О государственных символах Республики Беларусь».

4. Флаг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных свят і святочных дзён, урачыстых мерапрыемстваў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, грамадзянска-патрыятычных і культурных мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятных дат, а таксама падчас спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку за межамі будынкаў Міністэрства прамысловасці.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

АПІСАННЕ
флага Міністэрства прамысловасці

Флаг Міністэрства прамысловасці (далей – флаг) уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча сіняга колеру шырынёй 75 см, даўжынёй 150 см.

У цэнтры палотнішча размешчана эмблема Міністэрства прамысловасці дыяметрам 60 см.

Флаг двухбаковы. Бакі ідэнтычныя.

Дапускаецца выраб флага большага або меншага памеру з захаваннем суадносін яго шырыні і даўжыні 1:2 і адпаведных прапорцый.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ВЫЯВА
флага Міністэрства прамысловасці (каляровая)

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ПАЛАЖЭННЕ
аб нагрудным знаку адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь»

1. Нагрудным знакам адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь» (далей – нагрудны знак) узнагароджваюцца работнікі Міністэрства прамысловасці і арганізацый сістэмы Міністэрства прамысловасці, якія адпрацавалі ў іх, як правіла, не менш чым 10 гадоў, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і паспяховае выкананне задач, што ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства прамысловасці.

Нагрудным знакам могуць узнагароджвацца іншыя асобы, якія актыўна супрацоўнічалі з Міністэрствам прамысловасці, унеслі значны ўклад і садзейнічалі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне прамысловасці.

2. Парадак прадстаўлення да ўзнагароджання нагрудным знакам і форма пасведчання да яго вызначаюцца Міністрам прамысловасці.

Узнагароджанне нагрудным знакам ажыццяўляецца згодна з загадам Міністра прамысловасці.

3. Нагрудны знак і пасведчанне да яго ўручаюцца Міністрам прамысловасці або яго намеснікамі ва ўрачыстай абстаноўцы.

4. Нагрудны знак носіцца на правым баку грудзей грамадзянскага або форменнага адзення і размяшчаецца пасля ордэнаў і медалёў, а пры адсутнасці такіх узнагарод – на іх месцы.

5. Асобы, узнагароджаныя нагрудным знакам, якія ўчынілі наўмыснае злачынства або дапусцілі грубыя дысцыплінарныя правіннасці, загадам Міністра прамысловасці пазбаўляюцца нагруднага знака.

6. Паўторнае ўзнагароджанне нагрудным знакам не ажыццяўляецца. У выпадку страты нагруднага знака і (або) пасведчання да яго дублікаты не выдаюцца.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

АПІСАННЕ
нагруднага знака адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь»

Нагрудны знак адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь» (далей – нагрудны знак) уяўляе сабой замацаваную на калодцы падвеску з выявай зямнога шара сіняга колеру з кантынентамі серабрыстага колеру, у ніжняй частцы якой размешчана стылізаваная выява прамысловага прадпрыемства серабрыстага колеру. Зямны шар і прадпрыемства размешчаны ў крузе цёмна-сіняга колеру з шасцярнёй серабрыстага колеру. У верхняй частцы круга – стужка чырвонага і зялёнага колераў, на цэнтральным вітку якой выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь серабрыстага колеру на крузе чырвонага колеру з аблямоўкай серабрыстага колеру. На шасцярні размешчаны надпіс «МІНІСТЭРСТВА ПРАМЫСЛОВАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» цёмна-сіняга колеру.

На адваротным баку падвескі нагруднага знака размешчаны надпіс «ЗА ЎКЛАД У РАЗВІЦЦЁ ПРАМЫСЛОВАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» серабрыстага колеру.

Падвеска нагруднага знака мацуецца да прамавугольнай калодкі серабрыстага колеру пры дапамозе вушка і кольца. На калодцы размешчана стужка сіняга колеру, на верхняй планцы калодкі – фрагмент беларускага арнаменту серабрыстага колеру. Нагрудны знак мацуецца да адзення пры дапамозе заколкі-шпількі, размешчанай на адваротным баку калодкі.

Памеры нагруднага знака: вышыня – 84 мм, дыяметр падвескі – 32 мм, вышыня калодкі – 50 мм, шырыня калодкі – 29 мм.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
13.06.2024 № 227

ВЫЯВА
нагруднага знака адзнакі Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь» (каляровая)

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.