![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
7 красавіка 2026 г. № 35
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Уладзіміра Леніна, 26 і вул. Міру, 6 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Уладзіміра Леніна, 26 і вул. Міру, 6 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
|
Пастанова 07.04.2026 № 35 |
Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Уладзіміра Леніна, 26 і вул. Міру, 6 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Уладзіміра Леніна, 26 і вул. Міру, 6 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пунктаў 2, 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей, калі не пазначана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:
«Будынак» па вул. Уладзіміра Леніна, 26 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, катэгорыя «3», шыфр 213Г000115;
«Будынак былой жаночай гімназіі» па вул. Міру, 6 у г. Оршы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, катэгорыя «3», шыфр 213Г000117.
3. Праект зон аховы распрацаваны навукова-даследчым праектна-вышукальным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Інстытут «Белжылпраект» па заказе дзяржаўнай установы «Аршанскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці арганізацый бюджэтнай сферы».
4. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў тэрыторый гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – ахоўныя зоны), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона рэгулявання забудовы) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫІ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ. АХОЎНЫЯ ЗОНЫ
5. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» вызначана вакол межаў мэтавага зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 242400000001011483 для абслугоўвання будынка Аршанскага музея У.С.Караткевіча, які ў цяперашні час размешчаны ў гісторыка-культурнай каштоўнасці.
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой жаночай гімназіі» вызначана па межах мэтавага зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 223650100001000579.
7. Ахоўныя зоны ўстаноўлены для забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Ахоўныя зоны супадаюць з тэрыторыямі гісторыка-культурных каштоўнасцей.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» і яе ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўночны захад па выступаючай частцы паўднёва-заходняй мяжы зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 242400000001011483 і далей у створы з ёй да кропкі 2;
на паўночным захадзе, паўночным і паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 па межах зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 242400000001011483 праз кропкі 3–4–5–6 да кропкі 1.
9. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой жаночай гімназіі» і яе ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па межах зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 223650100001000579 праз кропкі 8–9–10–20 да кропкі 7.
10. На тэрыторыях гісторыка-культурных каштоўнасцей і ахоўных зон забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану, дэмантаж гісторыка-культурных каштоўнасцей;
рамонтна-рэстаўрацыйныя, будаўнічыя, рамонтныя работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных рашэнняў гісторыка-культурных каштоўнасцей;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя будаўніцтва новых ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне і азеляненне, усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурных каштоўнасцей;
правядзенне земляных работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкуламі 129, 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, якія прылягаюць да гісторыка-культурных каштоўнасцей, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з трох участкаў.
12. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на паўночны захад уздоўж паўднёва-заходняй мяжы зямельных участкаў шматкватэрных жылых дамоў па вул. Уладзіміра Леніна, 24, вул. Міру, 3, 5 да кропкі 12;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на паўночны ўсход уздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Міру, 7 да кропкі 13;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на паўднёвы ўсход уздоўж мясцовага праезда да кропкі 2; далей па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» і яе ахоўнай зоны да кропкі 1;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўднёвы захад уздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Уладзіміра Леніна, 24 да кропкі 11.
13. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 па межах зямельнага ўчастка па вул. Міру, 8 праз кропкі 14–15–9 да кропкі 8.
14. Мяжой трэцяга ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на паўднёвы захад уздоўж мяжы зямельных участкаў па вул. Уладзіміра Леніна, 22, 20А да кропкі 17;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 на паўночны захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Уладзіміра Леніна, 20А да кропкі 18, далей на паўночны ўсход да кропкі 19, далей на паўночны захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Міру, 4 да кропкі 20;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 20 на паўночны ўсход уздоўж мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой жаночай гімназіі» і яе ахоўнай зоны да кропкі 10;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы зямельных участкаў па вул. Міру, 4 і Уладзіміра Леніна, 22 да кропкі 16.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўнічая і рамонтная дзейнасць у адносінах да існуючай забудовы з павелічэннем яе аб’ёмна-прасторавага рашэння, з істотнай зменай фасадаў нейтральнай забудовы;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх, транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва.
|
|
да праекта зон аховы нерухомых |
СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ




