Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 19.04.2026
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

10 лютага 2026 г. № 15

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Успенская царква» ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Успенская царква» ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці (дадаецца).

2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

Р.І.Чарнецкі

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
10.02.2026 № 15

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Успенская царква» ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Успенская царква» ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Успенская царква» ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Г000498.

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе рэлігійнай арганізацыі «Рэлігійная абшчына «Прыход храма Успення Прасвятой Багародзіцы аг. Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ.
АХОЎНАЯ ЗОНА

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана па межах мэтавага зямельнага ўчастка для ўтрымання і абслугоўвання храма з кадастравым нумарам 724485605601000347.

7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.

8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па межах мэтавага зямельнага ўчастка праз кропкі 1–2–3–8–4–1.

9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне яе аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных рашэнняў, пагаршэнне ўмоў успрымання;

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя будаўніцтва ці рэканструкцыі інжынерных камунікацый;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія пагаршаюць візуальнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці;

правядзенне земляных, будаўнічых і меліярацыйных работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкуламі 129, 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

10. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена для захавання навакольнага асяроддзя і ландшафту, візуальна і гістарычна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Зона аховы ландшафту складаецца з двух участкаў.

11. Мяжой першага ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўднёвы ўсход уздоўж агароджы царквы да кропкі 2;

на паўднёвым усходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на паўночны ўсход па паўночна-заходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Зарэчнай, 7, да кропкі 6;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на паўночны захад да кропкі 5;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўднёвы захад паралельна праезнай частцы вул. Савецкай да кропкі 1.

12. Мяжой другога ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўночны захад уздоўж агароджы царквы да кропкі 4;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўднёвы захад паралельна праезнай частцы вул. Савецкай да кропкі 7;

на паўднёвым захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на паўднёвы ўсход уздоўж праезнай часткі вул. Зарэчнай да кропкі 8.

13. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя інжынерных камунікацый;

добраўпарадкаванне ці азеляненне, якія парушаюць характар традыцыйнага ландшафту і рэльефу, ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей гісторыка-культурнай каштоўнасці;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Успенская царква»
ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна
Магілёўскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.