![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
24 снежня 2025 г. № 152
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Помнік Францішку Багушэвічу» ў скверы імя Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Помнік Францішку Багушэвічу» ў скверы імя Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
|
Пастанова 24.12.2025 № 152 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Помнік Францішку Багушэвічу» ў скверы імя Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Помнік Францішку Багушэвічу» ў скверы імя Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Помнік Францішку Багушэвічу» ў скверы імя Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 412Ж000734.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным прыватным унітарным прадпрыемствам «ГАЗБУДПРАЕКТ» па заказе Жупранскага сельскага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе навакольнага асяроддзя і заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана па межах брукаванай васьміграннай пляцоўкі, на якой размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па вонкавай мяжы брукаванай васьміграннай пляцоўкі праз кропкі 1–2–3–4–5–6–7–8–1.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе архітэктурных, скульптурных элементаў, у тым ліку іх рамонт і (або) рэканструкцыя са зменай формы, матэрыялаў скульптурнай групы з ужываннем нетрадыцыйных прыёмаў, матэрыялаў і каляровага рашэння;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія пагаршаюць візуальнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай ва ўстаноўленым парадку.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У ахоўную зону ўваходзіць тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным і паўднёвым усходзе, паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па межах мэтавага зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання помніка Францішку Багушэвічу ад кропкі 14 праз кропкі 9–10–11–12 да кропкі 13;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на поўнач уздоўж алейных пасадак да кропкі 14.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, не звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый, рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый і ўсталявання вонкавага асвятлення;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання існуючага ландшафту, прыродных панарам наваколля, візуальна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Зона аховы ландшафту складаецца з двух участкаў.
13. Мяжой першага ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 уздоўж праезнай часткі вул. Ф.Багушэвіча праз кропку 15 да кропкі 16;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 уздоўж пешаходнай дарожкі да кропкі 14;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 па паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны да кропкі 13.
14. Мяжой другога ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 уздоўж мясцовага праезда да кропкі 18;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 уздоўж праезнай часткі вул. Ф.Багушэвіча да кропкі 19;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 19 уздоўж пешаходнай дарожкі да будынка па вул. Ф.Багушэвіча, 11 да кропкі 20;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 20 уздоўж мяжы зялёнай зоны перад будынкам па вул. Ф. Багушэвіча, 11 да кропкі 17.
15. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый і рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;
змена існуючага характару ландшафту;
пракладка транспартных камунікацый;
высечка дрэў і элементаў алейных пасадак, акрамя санітарных высяканняў на падставе адпаведнага заключэння.




