Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 01.06.2026
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

9 верасня 2025 г. № 85

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці (дадаецца).

2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

Р.І.Чарнецкі

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь

09.09.2025 № 85

Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці (далей – праект зон аховы), распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – гісторыка-культурныя каштоўнасці), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:

«Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі» па вул. Ф.І.Паскевіча, 1 у г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, катэгорыя «3», шыфр 313Г000235;

«Брацкая магіла» па вул. Гагарына ў г. Добрушы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, катэгорыя «3», шыфр 313Д000232.

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Добрушскага раёна».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх навакольнага асяроддзя і заключаецца ў вызначэнні межаў тэрыторый гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаецца (дадатак 1).

Табліца каардынат паваротных кропак дадаецца (дадатак 2).

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫІ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ. АХОЎНЫЯ ЗОНЫ

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі» вызначана па межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання будынка раённага краязнаўчага музея.

Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» вызначана па вонкавых межах бетонна-плітачнай пляцоўкі, размешчанай каля паўночнага берага р. Іпуць, на якой усталяваны мемарыяльны комплекс «Памяць», пліты з імёнамі пахаваных, помнік загінуўшым воінам, элементы добраўпарадкавання.

7. Ахоўныя зоны ўстаноўлены для забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурных каштоўнасцей і найлепшага іх зрокавага ўспрымання.

Ахоўныя зоны супадаюць з тэрыторыямі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі» і яе ахоўнай зоны згодна з дадаткам 1 з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па мяжы мэтавага зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 321250100001000294 праз кропкі 2–3–4–5–6–7–8–9–10–11–12–13 да кропкі 1.

9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі» і яе ахоўнай зоны забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне яе аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння, пагаршэнне ўмоў успрымання;

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя будаўніцтва новых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурных каштоўнасці, ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;

будаўнічая дзейнасць у адносінах да дысаніруючай забудовы, якая прадугледжвае павелічэнне яе аб’ёмна-прасторавага рашэння і (або) ужыванне дысгарманічных матэрыялаў і колераў;

правядзенне земляных, будаўнічых і меліярацыйных работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкуламі 129, 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

10. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» і яе ахоўнай зоны згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на ўсход уздоўж вул. Ф.І.Паскевіча праз кропку 24 да кропкі 16;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на поўдзень уздоўж пешаходных сцяжынак праз кропку 17 да кропкі 18;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на захад уздоўж пешаходных сцяжынак праз кропкі 25–26 да кропкі 27;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 27 на поўнач да кропкі 23 (перакрыжавання з вул. Ю.Гагарына).

11. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» і яе ахоўнай зоны забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці і мемарыяльнага комплекса «Памяць»;

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя інжынерных камунікацый і вонкавага асвятлення;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія пагаршаюць візуальнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;

пахаванні, не звязаныя з гісторыка-культурнай каштоўнасцю;

ажыццяўленне дзейнасці без выканання Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.

ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

12. Зона аховы ландшафту вызначана з мэтай захавання навакольнага асяроддзя, азелянення і існуючага ландшафту, візуальна і гістарычна звязаных з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

Зона аховы ландшафту складаецца з трох участкаў.

13. Мяжой першага ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на ўсход уздоўж мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі» і яе ахоўнай зоны праз кропкі 2–3–4–5 да кропкі 6;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на поўнач уздоўж заходняга боку вул. Ф.І.Паскевіча да кропкі 14;

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на захад уздоўж праезнай часткі дарогі да кропкі 15;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на поўдзень уздоўж заходняга боку вул. Ю.Гагарына да кропкі 1.

14. Мяжой другога ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на ўсход уздоўж паўднёвага боку вул. Ф.І.Паскевіча да кропкі 20;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 20 на поўдзень да кропкі 19;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 19 на захад да кропкі 18;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на поўнач уздоўж усходняй мяжы тэрыторыі і ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» праз кропку 17 да кропкі 16.

15. Мяжой трэцяга ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 22 на ўсход уздоўж паўднёвага боку вул. Ю.Гагарына да кропкі 23;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на поўдзень уздоўж заходняй мяжы тэрыторыі і ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» праз кропкі 27–26–25 да кропкі 18;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на захад да кропкі 21;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на поўнач да кропкі 22 (перакрыжавання з вул. Ю.Гагарына).

16. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;

змена прыроднага характару ландшафту і рэльефу;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.

 


 

 

Дадатак 1

да праекта зон аховы нерухомых
матэрыяльных гісторыка-культурных
каштоўнасцей, размешчаных
у г. Добрушы Добрушскага раёна
Гомельскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

 


 

 

Дадатак 2

да праекта зон аховы нерухомых
матэрыяльных гісторыка-культурных
каштоўнасцей, размешчаных
у г. Добрушы Добрушскага раёна
Гомельскай вобласці

Табліца каардынат паваротных кропак

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.