|
Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
30 чэрвеня 2025 г. № 73
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Зарачча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Зарачча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Зарачча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
Агульныя палажэнні
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Зарачча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» ў в. Зарачча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000195.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным прыватным унітарным прадпрыемствам «ГАЗБУДПРАЕКТ» па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Браслаўскага раёна».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах існуючай агароджы брацкай магілы, дзе размешчаны помнік, мемарыяльныя пліты з імёнамі пахаваных, элементы азелянення і добраўпарадкавання.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 уздоўж вонкавай мяжы агароджы брацкай магілы праз кропкі 2–3–4 да кропкі 1.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
пракладка інжынерных камунікацый, акрамя рамонту існуючых інжынерных камунікацый і ўсталявання вонкавага асвятлення;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія пагаршаюць візуальнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;
пахаванні, не звязаныя з гісторыка-культурнай каштоўнасцю;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У ахоўную зону ўваходзіць тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропку 2 да кропкі 5;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на адлегласці 5 м ад мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі 6;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 уздоўж праезнай часткі дарогі да кропкі 7;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 уздоўж драўняна-хмызняковай расліннасці да кропкі 4, далей па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі 1.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя і неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
13. Мяжой зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 уздоўж мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 5–2–1 да кропкі 8;
на паўночным ўсходзе, усходзе, паўднёвым ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 па мяжы зямельнага ўчастка для вядзення лясной гаспадаркі з кадастравым нумарам 220800000001002235 праз кропкі 9–10–11–12–13 да кропкі 14;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 уздоўж праезнай часткі дарогі праз кропку 15 да кропкі 6.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
знішчэнне, прычыненне шкоды, дэмантаж каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя (былы дом млынара);
рэканструкцыя і рэстаўрацыя каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя без захавання і аднаўлення гістарычнага аблічча на падставе комплексных навуковых даследаванняў;
выкарыстанне нехарактэрных колераў і формаў дахаў, акрамя двухспадзістых, вальмавых і паўвальмавых з нахілам ад 35° да 50°;
усталяванне агароджы без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
15. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, азелянення, існуючага ландшафту і прыродных панарам наваколля.
16. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўночны ўсход да берага р. Бужыца да кропкі 16;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 уздоўж берага р. Бужыца праз кропку 17 да кропкі 18;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на паўднёвы захад да кропкі 9;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 па мяжы зоны рэгулявання забудовы да кропкі 8.
17. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
знішчэнне, прычыненне шкоды, дэмантаж каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя (руіны будынка вадзянога млына);
рэканструкцыя і рэстаўрацыя каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя без захавання і аднаўлення гістарычнага аблічча на падставе комплексных навуковых даследаванняў;
змена характару ландшафту, акрамя аднаўлення гістарычных рэльефаў прыроднага і антрапагеннага паходжання;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).



