|
Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
5 лютага 2024 г. № 8
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Раства Багародзіцкая царква» па вул. Мічурына, 57 у в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Раства Багародзіцкая царква» па вул. Мічурына, 57 у в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
|
Пастанова 05.02.2024 № 8 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Раства Багародзіцкая царква» па вул. Мічурына, 57 у в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Раства Багародзіцкая царква» па вул. Мічурына, 57 у в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Свята-Раства Багародзіцкая царква» па вул. Мічурына, 57 у в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 112Г000299.
3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «РэстаўрацыяІнвест» па заказе прыходу храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Глінная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і іх межаў, рэжымаў іх ўтрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе праз кропкі 1-2-13-3-4-5-9-1-2.
8. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У ахоўную зону ўваходзіць тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ў створы агароджы прыватных участкаў па вул. Мічурына, 55, 59 ад кропкі 6 да кропкі 7;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходнім баку агароджы царквы ад кропкі 7 праз кропкі 2, 13 да кропкі 3;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім баку агароджы царквы ад кропкі 3 да кропкі 4;
на паўднёвым захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе па агароджы царквы ад кропкі 4 праз кропкі 5, 9, 1 да кропкі 6.
10. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняюцца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану царквы і званіцы, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне іх аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння, пагаршэнне ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя будаўніцтва новых ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый, неабходных для яе функцыянавання;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.
12. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па агароджы прыватных участкаў па вул. Мічурына, 61, 59 ад кропкі 8 да кропкі 6;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 праз кропку 1 да кропкі 9;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 да кропкі 10 паралельна праезнай часткі на адлегласці ад яе 50 м;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па мяжы прыватнага ўчастка па вул. Мічурына, 63 ад кропкі 10 да кропкі 8.
13. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 да кропкі 12 перпендыкулярна паўночна-ўсходняй мяжы ахоўнай зоны;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 да кропкі 11;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 да кропкі 7;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 праз кропку 2 да кропкі 13.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва, рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 метраў ад зямлі да вышэйшай кропкі даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;
усталяванне па межах прылеглых участкаў агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 метра і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.



