![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 кастрычніка 2025 г. № 99
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы» па вул. Школьнай, 12 у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы» па вул. Школьнай, 12 у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
|
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
|
Пастанова 03.10.2025 № 99 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы» па вул. Школьнай, 12 у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былой школы» па вул. Школьнай, 12 у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Будынак былой школы» па вул. Школьнай, 12 у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Г000661.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Вырасткам Уладзімірам Станіслававічам па заказе дзяржаўнай установы «Мядзельскі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана па вонкавай мяжы адмосткі будынка школы.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па вонкавым контуры адмосткі будынка ад кропкі 1 праз кропкі 2–3–4–5–6 да кропкі 1.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці, дзейнасць, якая прыводзіць да пагаршэння ўмоў ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні яе аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных элементаў, у тым ліку дзвярных і ваконных запаўненняў;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні без уліку тэматыкі і стылістыкі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У ахоўную зону ўваходзіць тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на поўнач па ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння Р-95 Лынтупы – Свір – Смаргонь – Крэва – Гальшаны да кропкі 8;
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на ўсход па мяжы мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання будынкаў і збудаванняў былой установы адукацыі «Куцькаўская няпоўная сярэдняя школа» (далей – мэтавы зямельны участак) да кропкі 9;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на поўдзень па мяжы мэтавага зямельнага ўчастка праз кропкі 10–11 да кропкі 12;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на захад паралельна з паўднёвай мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці на адлегласці ад яе 7,44 м да кропкі 7.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя: аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі; будаўніцтва ці рэканструкцыі (рамонту) інжынернай і транспартнай інфраструктуры; усталявання вонкавага асвятлення;
змена гістарычнага прыроднага ландшафту;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
усталяванне па межах прылеглых зямельных участкаў агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя і прыродных панарам наваколля, візуальна і гістарычна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
13. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па паўднёвай мяжы ахоўнай зоны да кропкі 12, далей на поўдзень па мяжы мэтавага зямельнага ўчастка да кропкі 13, далей на ўсход па паўднёвай мяжы зямельнага ўчастка па вул. Куцькаўскай, 26 да кропкі 14;
на ўсходзе – умоўная лінія працягласцю 77,93 м, якая ідзе ад кропкі 14 на поўдзень да кропкі 15;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на паўднёвы захад уздоўж сельскагаспадарчага ўчастка да кропкі 16, далей па межах зямельнага ўчастка па вул. Школьнай, 8 праз кропку 17 да кропкі 18, далей на адлегласць 47,85 м уздоўж сельскагаспадарчага участка да кропкі 19;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 19 на поўнач па ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння Р-95 Лынтупы – Свір – Смаргонь – Крэва – Гальшаны да кропкі 7.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя збудаванняў рэкрыяцыйнага прызначэння і акрамя будаўніцтва падземных інжынерных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, добраўпарадкаванне і азеляненне, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
змяненне прыроднага характара ландшафта і рэльефа;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.
|
|
да праекта зон аховы нерухомай |
СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ




