Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 28.04.2026
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

18 верасня 2025 г. № 95

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парк «Парэчча» ў в. Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парк «Парэчча» ў в. Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).

2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

Р.І.Чарнецкі

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
18.09.2025 № 95

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парк «Парэчча» ў в. Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парк «Парэчча» ў в. Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Парк «Парэчча» ў в. Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 112Г000575.

3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Тэлеханскі лясгас».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца (дадатак 1).

Табліца каардынат паваротных кропак дадаецца (дадатак 2).

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана на выснове навукова-даследчых работ па месцы знаходжання гістарычнага сядзібнага парка.

7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на захадзе і паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 (скрыжавання паўночна-ўсходняга краю праезнай часткі дарогі на в. Чамярын з усходнім краем праезнай часткі дарогі да дзіцячага аздараўленчага лагера «Парэчча») на поўнач да кропкі 2, далей на паўночны ўсход праз кропкі 3–4 да кропкі 5;

на паўночным усходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўднёвы ўсход уздоўж пойменнай часткі левага берага р. Ясельда праз кропкі 6–7–8–9–10 да кропкі 11;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 уздоўж межаў зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 125488900001000001 праз кропкі 12–13–14–15–16–17 да кропкі 18;

на поўдні, паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 уздоўж паўднёвай мяжы мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання парка «Парэчча» праз кропкі 19–20–21–22–23–24 да кропкі 1.

8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці;

узвядзенне (будаўніцтва) будынкаў і збудаванняў, дадатковых транзітных транспартных камунікацый, наземных інжынерных камунікацый і збудаванняў, змяненне існуючага рэльефу, акрамя: аднаўлення страчанай планіроўкі былога сядзібнага парка і яго элементаў на падставе навукова-праектнай дакументацыі; пракладкі падземных інжынерных камунікацый або рэканструкцыі існуючых інжынерных сетак і транспартных камунікацый з выкананнем добраўпарадкавання без пашкоджання зялёных насаджэнняў; усталявання вонкавага асвятлення;

знішчэнне, прычыненне шкоды магіле і помніку Р.Скірмунта, памятнаму крыжу;

выкананне земляных і меліярацыйных работ без забеспячэння археалагічнага нагляду і рэалізацыі мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;

размяшчэнне (усталяванне) буйнапамерных сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага гістарычнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 па ўсходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 17–16–15–14–13 да кропкі 12;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі 11, далей уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 125488900001000001 праз кропкі 25–26 да кропкі 27;

на паўднёвым усходзе – ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 27 уздоўж паўднёва-усходняй мяжы зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 125488900001000001 праз кропку 28 да кропкі 29;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 29 уздоўж праезнай часткі зав. Завадскога праз кропку 30 да кропкі 18.

11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, не звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, акрамя: аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі; пракладкі ці рэканструкцыі (рамонту) інжынернай і транспартнай інфраструктуры; усталявання вонкавага асвятлення;

будаўнічая і (або) рамонтная дзейнасць у адносінах да каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, якая прадугледжвае змяненне яго архітэктурнага, канструктыўнага, аб’ёмна-прасторавага рашэнняў і (або) з ужываннем дысгарманічных матэрыялаў і колераў;

размяшчэнне (усталяванне) буйнапамерных сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў;

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва.

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.

Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.

13. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на паўночны ўсход па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 22–21–20–19 да кропкі 18, далей па паўднёва-ўсходняй мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 30–29 да кропкі 28;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 28 на паўднёвы ўсход па межам зямельных участкаў паўночна-заходняга боку вул. Паркавай да кропкі 31;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 31 па паўночна-заходнім краі праезнай часткі вул. Паркавай праз кропку 32 да кропкі 33 (скрыжавання з паўночна-ўсходнім краем праезнай часткі вул. Цэнтральнай);

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 33 уздоўж паўночна-ўсходняга краю праезнай часткі вул. Цэнтральнай праз кропкі 34–35 да кропкі 36, далей уздоўж паўночна-ўсходняга боку праезнай часткі дарогі на в. Чамярын да кропкі 23.

14. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на захадзе і паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 37 на поўнач уздоўж зялёных насаджэнняў і заходняй мяжы зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 125488900001000019 для абслугоўвання аздараўленчага лагера «Парэчча» праз кропкі 38–39–40 да кропкі 41;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 41 па паўночна-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка з кадастравым нумарам 125488900001000019 праз кропку 61 да кропкі 4;

на паўднёвым усходзе – ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 па паўднёва-заходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 3–2 да кропкі 1;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 уздоўж паўночна-ўсходняга боку праезнай часткі дарогі на в. Чамярын да кропкі 37.

15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;

усталяванне агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

16. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання гістарычнага асяроддзя і прыродных панарам наваколля, візуальна і гістарычна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

17. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 1 з’яўляецца:

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 41 на паўночны ўсход праз кропку 42 і р. Ясельду да кропкі 43 (скрыжавання з поймай правага берага р. Ясельды);

на паўночным усходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 43 на паўднёвы ўсход па лініі поймы правага берага р. Ясельды праз кропкі 44–45–46–47–48–49–50–51–52–53–54–55 да кропкі 56 (паўночна-заходняга краю праезнай часткі грунтовай дарогі);

на паўднёвым усходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 56 на паўднёвы захад па паўночна-заходнім краі праезнай часткі грунтовай дарогі (працяг вул. Паркавай) праз кропкі 57–58–59–60 да кропкі 31;

на паўднёвым захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 31 па мяжы першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы да кропкі 28, далей па паўднёва-ўсходняй мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 27–26–25 да кропкі 11, далей па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 10–9–8–7–6–5 да кропкі 4, далей на паўночны захад па паўночна-ўсходняй мяжы другога ўчастку зоны рэгулявання забудовы праз кропку 61 да кропкі 41.

18. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, пракладка транспартных камунікацый, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;

ажыццяўленне гаспадарчай ці іншай дзейнасці, якая можа прывесці да змены характару гістарычнага ландшафту, да пашкоджання ці знішчэння дрэў, акрамя аднаўлення гістарычных рэльефаў прыроднага і антрапагеннага паходжання;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў.

 


 

 

Дадатак 1

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Парк «Парэчча»
ў в. Парэчча Пінскага раёна
Брэсцкай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

 


 

 

Дадатак 2

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Парк «Парэчча»
ў в. Парэчча Пінскага раёна
Брэсцкай вобласці

КААРДЫНАТЫ ПАВАРОТНЫХ КРОПАК

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.