![]() | Официальная правовая информация |
УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 сакавіка 2026 г. № 97
Аб афіцыйных геральдычных сімвалах Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі
У мэтах захавання і развіцця гістарычных традыцый сістэмы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі пастанаўляю:
1. Заснаваць:
эмблему Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;
флаг Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;
нагрудны знак адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту».
2. Зацвердзіць:
Палажэнне аб эмблеме Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, яе апісанне і выяву (прыкладаюцца);
Палажэнне аб флагу Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, яго апісанне і выяву (прыкладаюцца);
Палажэнне аб нагрудным знаку адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту», яго апісанне і выяву (прыкладаюцца).
3. Фінансаванне расходаў на выраб заснаваных дадзеным Указам афіцыйных геральдычных сімвалаў і пасведчанняў да нагруднага знака адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту» ажыццяўляць у межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
4. Дадзены Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
|
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь |
А.Лукашэнка |
|
|
Указ Прэзідэнта |
ПАЛАЖЭННЕ
аб эмблеме Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі
1. Эмблема Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (далей – эмблема) з’яўляецца атрыбутам і адметным знакам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
2. Выява эмблемы размяшчаецца на флагу Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, ганаровых граматах Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і падзяках Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
3. Выява эмблемы можа выкарыстоўвацца на друкаванай, рэкламнай, сувенірнай і іншай прадукцыі, якая вырабляецца для патрэб Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, а таксама ў іншых выпадках, якія не супярэчаць заканадаўству.
4. Дапускаецца ўзнаўленне выявы эмблемы ў каляровым, чорна-белым і аб’ёмным варыянтах.
5. Выява эмблемы можа размяшчацца ў службовых кабінетах Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, яго намеснікаў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і іншых месцах, якія вызначаюцца Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
6. Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і эмблемы іх размяшчэнне вызначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «О государственных символах Республики Беларусь».
|
|
Указ Прэзідэнта |
АПІСАННЕ
эмблемы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі
Эмблема Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі ўяўляе сабой круг сіняга колеру з аблямоўкай серабрыстага колеру. У цэнтры круга размешчана выява літары «Q» залацістага колеру, на левай частцы якой накладзена лаўровая галіна таго ж колеру. Унутры літары размешчаны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь серабрыстага колеру, у цэнтры якога – абрэвіятура «СТБ» залацістага колеру.
У верхняй частцы аблямоўкі размешчана выява беларускага арнаменту шэрага колеру, у ніжняй – надпіс «ДЗЯРЖАЎНЫ КАМІТЭТ ПА СТАНДАРТЫЗАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» таго ж колеру.
У якасці асноўнага каляровага рашэння абраны сіні колер, які традыцыйна выкарыстоўваецца ў сферы навукі і тэхнікі.
Золата сімвалізуе сілу, славу, вопыт і традыцыі.
Срэбра сімвалізуе сумленнасць, сціпласць і працавітасць.
|
|
Указ Прэзідэнта |
ВЫЯВА
эмблемы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі

|
|
Указ Прэзідэнта |
ПАЛАЖЭННЕ
аб флагу Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі
1. Флаг Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (далей – флаг) з’яўляецца яго афіцыйным геральдычным сімвалам.
2. Флаг можа размяшчацца на будынку Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, у службовых кабінетах Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, яго намеснікаў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і іншых месцах, якія вызначаюцца Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
3. Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь, флага і іншых флагаў іх размяшчэнне вызначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «О государственных символах Республики Беларусь».
4. Флаг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных свят і святочных дзён, урачыстых мерапрыемстваў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, а таксама пры правядзенні культурных і спартыўных мерапрыемстваў.
|
|
Указ Прэзідэнта |
АПІСАННЕ
флага Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі
Флаг Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча сіняга колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры вонкавага і адваротнага бакоў палотнішча размешчана эмблема Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
|
|
Указ Прэзідэнта |
ВЫЯВА
флага Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі

|
|
Указ Прэзідэнта |
ПАЛАЖЭННЕ
аб нагрудным знаку адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту»
1. Нагрудным знакам адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту» (далей – нагрудны знак) узнагароджваюцца работнікі арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, за значны ўклад у развіццё і ўдасканальванне дзейнасці сістэмы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, дасягненне высокіх вынікаў у рабоце, узорнае выкананне службовых абавязкаў.
Нагрудным знакам могуць узнагароджвацца іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і актыўна супрацоўнічалі з Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі.
2. Парадак прадстаўлення да ўзнагароджання нагрудным знакам і форма пасведчання да яго вызначаюцца Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
Узнагароджанне нагрудным знакам ажыццяўляецца згодна з загадам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
3. Нагрудны знак і пасведчанне да яго ўручаюцца ва ўрачыстай абстаноўцы Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі або па яго даручэнні адным з яго намеснікаў.
4. Нагрудны знак носіцца на правым баку грудзей форменнага або цывільнага адзення і размяшчаецца пасля ордэнаў і медалёў, а пры адсутнасці такіх узнагарод – на іх месцы.
5. Узнагароджаныя нагрудным знакам асобы, якія ўчынілі наўмыснае злачынства або дапусцілі грубую дысцыплінарную правіннасць, загадам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі могуць быць пазбаўлены нагруднага знака.
6. Паўторнае ўзнагароджанне нагрудным знакам не ажыццяўляецца. Дублікаты нагруднага знака і пасведчання да яго ўзамен згубленых не выдаюцца.
|
|
Указ Прэзідэнта |
АПІСАННЕ
нагруднага знака адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту»
Нагрудны знак адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту» (далей – нагрудны знак) уяўляе сабой круг з аблямоўкай серабрыстага колеру. У верхняй частцы аблямоўкі размешчана выява беларускага арнаменту шэрага колеру, у ніжняй – надпіс «ДЗЯРЖАЎНЫ КАМІТЭТ ПА СТАНДАРТЫЗАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» таго ж колеру.
У цэнтры круга размешчана выява літары «Q» залацістага колеру з аблямоўкай лаўровым вянком таго ж колеру.
У ніжняй частцы літары надпіс «ЗА ЎКЛАД У РАЗВІЦЦЁ СІСТЭМЫ ДЗЯРЖСТАНДАРТУ» залацістага колеру, у цэнтры літары на фоне сіняга колеру размешчаны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь серабрыстага колеру, у цэнтры якога – абрэвіятура «СТБ» залацістага колеру.
Адваротны бок нагруднага знака мае гладкую паверхню.
Нагрудны знак пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з квадратнай калодкай серабрыстага колеру, на якой размешчана стужка сіняга колеру з двайной аблямоўкай цёмна-сіняга і шэрага колераў з трыма палосамі ў цэнтры: шэры, цёмна-сіні і шэры колеры.
На адвароце калодкі размешчана шпілька для мацавання нагруднага знака да адзення.
Памеры нагруднага знака: дыяметр медальёна – 30 мм, вышыня калодкі – 30 мм, шырыня калодкі – 26 мм.
|
|
Указ Прэзідэнта |
ВЫЯВА
нагруднага знака адзнакі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі «За ўклад у развіццё сістэмы Дзяржстандарту»




