Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 22.06.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ

23 снежня 2016 г. № 9

Аб зацвярджэннi Iнструкцыi аб парадку правядзення археалагiчных даследаванняў i вядзення палявой дакументацыi пры iх правядзеннi, устанаўленнi формы ўлiковай карткi археалагiчнага артэфакта, уключанага ў рэестр археалагiчных артэфактаў, і прызнанні страціўшай сілу пастановы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi ад 26 лютага 2016 г. № 4 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2015 г. № 485»

У адпаведнасцi з часткай другой пункта 1 і часткай другой пункта 7 артыкула 125 i пунктам 7 артыкула 126 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Устанавiць форму ўлiковай карткi археалагiчнага артэфакта, уключанага ў рэестр археалагiчных артэфактаў, згодна з дадаткам да дадзенай пастановы.

2. Зацвердзiць прыкладзеную Iнструкцыю аб парадку правядзення археалагiчных даследаванняў i вядзення палявой дакументацыi пры iх правядзеннi.

3. Ускласці на дзяржаўную навуковую ўстанову «Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi» фармiраванне i вядзенне рэестра археалагiчных аб’ектаў i рэестра археалагiчных артэфактаў.

4. Прызнаць страцiўшай сiлу пастанову Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi ад 26 лютага 2016 г. № 4 «Аб некаторых мерах па рэалiзацыi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 снежня 2015 г. № 485» (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 31.05.2016, 7/3446).

5. Дадзеная пастанова ўступае ў сiлу з 3 лютага 2017 г.

 

Старшыня Прэзідыума

У.Р.Гусакоў

 

УЗГОДНЕНА

Міністр адукацыі
Рэспублікі Беларусь

М.А.Жураўкоў

13.12.2016

УЗГОДНЕНА

Міністр культуры
Рэспублікі Беларусь

Б.У.Святлоў

14.12.2016

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Брэсцкага абласнога
выканаўчага камітэта

А.В.Ліс

02.12.2016

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гомельскага абласнога
выканаўчага камітэта

У.А.Дворнік

08.12.2016

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта

М.М.Шарснёў

08.12.2016

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага абласнога
выканаўчага камітэта

С.Б.Шапіра

12.12.2016

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гродзенскага абласнога
выканаўчага камітэта

У.В.Краўцоў

13.12.2016

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага гарадскога
выканаўчага камітэта

А.В.Шорац

15.12.2016

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Магілёўскага абласнога
выканаўчага камітэта

У.В.Даманеўскі

15.12.2016

 

 

 


 

 

Дадатак

да пастановы
Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі
23.12.2016 № 9

 

Форма

УЛIКОВАЯ КАРТКА
археалагiчнага артэфакта, уключанага ў рэестр археалагiчных артэфактаў


п/п

Рэестравы (рэгiстрацыйны) нумар

Назва i апiсанне (характарыстыка) археалагiчнага артэфакта

Дата прадстаўлення інфармацыі аб археалагічных артэфактах ад мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню

Дата ўключэння археалагiчнага артэфакта ў рэестр археалагiчных артэфактаў (выключэння яго з рэестра)

Прозвiшча, асабiстае iмя, iмя па бацьку (калi такое маецца), месца жыхарства (месца знаходжання), тэлефон, адрас электроннай пошты фiзiчнай асобы

Назва, месца знаходжання, тэлефон, адрас электроннай пошты юрыдычнай асобы, найменне дзяржаўнага органа, iншай дзяржаўнай арганiзацыi, якiя ажыццявiлi дзяржаўную рэгiстрацыю, рэгiстрацыйны нумар у Адзiным дзяржаўным рэгiстры юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў

Месца, умовы i час выяўлення археалагiчнага артэфакта з геаграфiчнай прывязкай да адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi Рэспублiкi Беларусь

Iнфармацыя аб месцы захавання археалагiчнага артэфакта

Фотафiксацыя археалагiчнага артэфакта з найбольш характэрнай праекцыяй i маштабнай лiнейкай

Заўвагi

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі
23.12.2016 № 9

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку правядзення археалагiчных даследаванняў i вядзення палявой дакументацыi пры iх правядзеннi

РАЗДЗЕЛ I
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Дадзеная Iнструкцыя вызначае парадак правядзення археалагiчных даследаванняў i вядзення палявой дакументацыi пры iх правядзеннi, у тым лiку асноўныя метады i методыку археалагiчных даследаванняў археалагiчных аб’ектаў, у тым лiку помнiкаў археалогii (далей – археалагiчныя аб’екты), i археалагiчных артэфактаў, прадстаўленне вынiкаў археалагiчных даследаванняў у выглядзе навуковай справаздачы аб выкананых археалагiчных палявых работах (далей – навуковая справаздача), склад i структуру навуковай справаздачы, патрабаваннi да яе афармлення i якасцi.

2. У дадзенай Iнструкцыi выкарыстоўваюцца тэрмiны ў значэннях, вызначаных Кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб культуры, а таксама наступныя тэрмiны:

выратавальныя (ахоўныя) археалагiчныя даследаваннi – мерапрыемствы па правядзеннi археалагiчных даследаванняў (вiзуальнае абследаванне тэрыторыi новабудоўлi, пошук, археалагiчны нагляд, археалагiчныя раскопкi) археалагiчных аб’ектаў, якiя знаходзяцца ў аварыйным стане цi ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўленні iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў;

дазвол на права правядзення археалагiчных даследаванняў (далей – дазвол) – дакумент, якi выдаецца Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi (далей – НАН Беларусi) ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку i з’яўляецца пацвярджэннем дадзенага права на правядзенне археалагiчных даследаванняў;

навуковая справаздача – асноўны дакумент, якi змяшчае вынiкi археалагiчных даследаванняў, праведзеных на падставе выдадзенага дазволу;

пашкоджаны культурны пласт (слой) – культурны пласт (слой), парушаны, разбураны цi пераадкладзены ў вынiку прыродных працэсаў i тэхнагеннага ўмяшальнiцтва, у тым лiку пасля засыпкi траншэй або будаўнiчых катлаванаў раней адкапаным культурным слоем, а таксама ў вынiку разворвання, размыву берагоў вадаёмаў i iншых падобных працэсаў;

палявая дакументацыя – дакументы, якія ствараюцца падчас археалагiчных даследаванняў для дакладнага адлюстравання ўсiх этапаў навукова-даследчай археалагiчнай палявой работы і складаюцца з палявога дзённiка; чарцяжоў; планаў раскопаў, шурфаў, пластоў, курганоў, пахаванняў, ям, пабудоў, архiтэктурных рэшткаў i iншых археалагiчных аб’ектаў; планаў размяшчэння археалагiчных артэфактаў; планаў нiвелiроўкi дзённай паверхнi, археалагiчных аб’ектаў i мацерыка; альбома малюнкаў; стратыграфiчных профiляў раскопаў i археалагiчных аб’ектаў; палявых вопiсаў;

палявы дзённiк – першасная палявая дакументацыя, якая штодзённа вядзецца падчас археалагiчных палявых работ;

прафесiйныя веды – комплекс навукова-практычных i тэарэтычных ведаў, якiя неабходны для правядзення археалагiчных даследаванняў i падрыхтоўкi навуковай справаздачы аб выкананых археалагiчных палявых работах;

трымальнiк дазволу або даследчык – фiзiчная асоба, якая атрымала дазвол у адпаведнасцi з заканадаўствам аб адмiнiстрацыйных працэдурах па заяве навуковай арганiзацыi або музея, у якой фiзiчная асоба працуе на ўмовах працоўнага дагавора (кантракта) або ажыццяўляе дзейнасць на падставе грамадзянска-прававога дагавора.

3. Дадзеная Iнструкцыя распаўсюджваецца на ўсiх юрыдычных i фiзiчных асоб, якiя праводзяць археалагiчныя даследаваннi ў адпаведнасцi з заканадаўствам.

РАЗДЗЕЛ II
ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ АРХЕАЛАГIЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАТРАБАВАННI ДА ПРАВЯДЗЕННЯ АРХЕАЛАГIЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

4. Археалагiчныя даследаваннi могуць праводзiцца на падставе дазволаў, выдадзеных па формах № 1–4 у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку выдачы дазволу на права правядзення археалагічных даследаванняў, прыпынення, спынення яго дзеяння, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 5 сакавiка 2016 г. № 185 (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 12.03.2016, 5/41785) (далей – дазволы формаў № 1–4).

5. Выкананне археалагiчных раскопак, археалагiчных разведак i пошуку ў канкрэтных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках ажыццяўляецца на падставе дазволу формы № 1.

Выкананне археалагiчных разведак i пошуку ў канкрэтных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках, абмежаваных археалагiчных раскопак канкрэтных паселiшчаў i грунтовых могiльнiкаў (участкаў да 24 кв. метраў) ажыццяўляецца на падставе дазволу формы № 2.

Выкананне археалагiчных разведак i пошуку без земляных работ у канкрэтных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках ажыццяўляецца на падставе дазволу формы № 3.

Выкананне выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў ажыццяўляецца на падставе дазволу формы № 4.

Выкарыстанне металашукальнiкаў, геарадараў i iншых тэхнiчных сродкаў i iнструментаў для абследавання паверхнi зямлi i (або) дна прыродных i штучных вадаёмаў дапускаецца на падставе дазволаў формаў № 1, 2 i 4.

6. Археалагiчныя даследаваннi пачынаюцца пасля таго, як навуковыя арганiзацыi або музеi, якiя атрымалi дазвол на iмя фiзiчнай асобы, перад пачаткам археалагiчных работ у пiсьмовай форме iнфармуюць органы мясцовай выканаўчай улады аб месцы i тэрмiнах правядзення археалагiчных даследаванняў з прыкладаннем копii дазволу.

7. Трымальнiк дазволу:

непасрэдна кiруе археалагiчнымi даследаваннямi, вызначанымi дазволам, на працягу ўсяго тэрмiну работ;

вядзе палявую дакументацыю, у тым лiку афармляе ў адпаведнасцi з патрабаваннямi дадзенай Iнструкцыi навуковую справаздачу для прадстаўлення яе ў дзяржаўную навуковую ўстанову «Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi» (яе структурнае падраздзяленне) не пазней 30 красавiка наступнага года пасля тэрмiну дзеяння дазволаў;

прысутнiчае падчас выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў, якiя выконваюцца на падставе дазволу формы № 4, а таксама падчас ажыццяўлення земляных i будаўнiчых работ, iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчнага аб’екта па неабходнасцi;

забяспечвае захаванне даследуемых археалагiчных аб’ектаў i археалагiчных артэфактаў, спрыяе iх захаванасцi пасля завяршэння даследаванняў;

пры выяўленнi археалагiчнага аб’екта i (або) археалагiчнага артэфакта выконвае абавязкi, прадугледжаныя артыкулам 87 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры.

8. Падчас археалагiчных даследаванняў на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь прыярытэтным з’яўляецца комплексны падыход да вывучэння археалагiчных аб’ектаў i археалагiчных артэфактаў з прыцягненнем спецыялiстаў сумежных прыродазнаўчых навук (антраполагаў, геафiзiкаў, глебазнаўцаў, геолагаў, геамарфолагаў, палеабатанiкаў, палеазаолагаў) i выкарыстаннем спецыяльных метадаў даследаванняў.

9. Выкарыстанне металашукальнiкаў, геарадараў i iншых тэхнiчных сродкаў i iнструментаў падчас археалагiчных даследаванняў не з’яўляецца самастойным метадам i дапускаецца толькi сумесна з iншымi метадамi даследаванняў на падставе выдадзенага дазволу.

10. Археалагiчныя даследаваннi (археалагiчныя разведкi, археалагiчныя раскопкi) не дапускаецца праводзiць пры наяўнасцi снегавога покрыва i тэмпературы грунту нiжэй за 0 °C. Для ажыццяўлення археалагiчных раскопак, у тым лiку выратавальных (ахоўных), у зiмовы перыяд неабходна ўладкаванне над раскопам павiльёна для забеспячэння аптымальнага тэмпературнага рэжыму (не нiжэй за 5 °С), а таксама асвятлення, дастатковага для графiчнай i фотафiксацыi.

ГЛАВА 2
ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ АРХЕАЛАГIЧНАЙ РАЗВЕДКI

11. Перад пачаткам археалагiчнай разведкi трымальнiк дазволу знаёміцца з лiтаратурнымі i архiўнымі матэрыяламі, якiя маюць дачыненне да археалагiчных аб’ектаў i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, на якiх будуць праводзiцца археалагiчныя даследаваннi, а таксама рыхтуе спадарожнiкавыя здымкi мясцовасцi з маштабам i тапаграфiчныя карты для фiксацыi на iх адкрытых i абследаваных археалагiчных аб’ектаў.

12. Падчас археалагiчнай разведкi трымальнiк дазволу:

пазначае на картаграфічным матэрыяле, у тым ліку на спадарожнікавых здымках, з пазначэннем маштабу ўсе абследаваныя i ўпершыню адкрытыя археалагiчныя аб’екты, а таксама праводзiць iх GPS-фiксацыю;

складае сiтуацыйны план археалагiчнага аб’екта (у маштабе не менш за 1:2000) з абазначэннем гарызанталямi рэльефу i дакладнай прывязкай да арыенцiраў, а таксама абазначае на iм пры магчымасці з дапамогай GPS-фiксацыi ўсе шурфы, зачысткi, канцэнтрацыi артэфактаў, месцы пашкоджання культурнага пласта (слоя), у тым лiку кар’еры, ямы, западзiны;

праводзiць збор археалагiчных артэфактаў i складае iх вопiс;

праводзiць поўную i дакладную фотафiксацыю археалагiчнага аб’екта з адлюстраваннем асаблiвасцей рэльефу i тапаграфiчнай сiтуацыi;

збiрае iнфармацыю для поўнай характарыстыкi археалагiчнага аб’екта: аб геаграфiчным становiшчы, тапаграфii, суадносiнах з суседнiмi вадаёмамi i населенымi пунктамi, форме i памерах, тэрыторыi распаўсюджання археалагiчных артэфактаў, магутнасцi i насычанасцi культурнага пласта (слоя), наяўнасцi на плошчы пабудоў, дрэў, ям, пашкоджанняў, стане захаванасцi i выкарыстання ў гаспадарчых мэтах;

пры выяўленнi выяў або надпiсаў на камянях робiць дакладнае апiсанне камянёў, выяў або надпiсаў, iх лакалiзацыi, метрычных параметраў, ажыццяўляе графiчную i фотафiксацыю найбольш характэрных асаблiвасцей з маштабам i пазначэннем напрамку свету. Не дапускаецца абмяжоўвацца рэгiстрацыяй i апiсаннем найбольш эфектных фiгур i кампазiцый.

Пры капiраваннi выяў або надпiсаў на камянях, iх графiчнай i фотафiксацыi не дапускаецца выкарыстоўванне сродкаў, якiя наносяць шкоду захаванасцi выяў або надпiсаў.

13. Трымальнiк дазволаў формаў № 1, 2 i 4 з мэтай вызначэння магутнасцi, плошчы пашырэння i характару культурнага пласта (слоя) археалагiчнага аб’екта мае права правесцi на iм земляныя работы ў выглядзе зачысткi агаленняў i закладкi шурфаў.

14. Для аднаго археалагiчнага аб’екта агульная плошча шурфаў не павiнна перавышаць 24 кв. метры. Памеры шурфаў вызначаюцца мэтамi археалагiчнага даследавання, характарам археалагiчнага аб’екта i не павiнны мець плошчу менш за 1 кв. метр.

15. Падчас археалагiчнай разведкi неабходна iмкнуцца да мiнiмальнага разбурэння культурнага пласта (слоя) археалагiчнага аб’екта, у тым лiку пазбягаць закладкi вялiкай колькасцi шурфаў i абмяжоўвацца зачысткамi агаленняў. У выпадку выяўлення ў культурным пласце (слоi) археалагiчнага аб’екта, якi разбураецца пад уздзеяннем прыродных або тэхнагенных з’яў, яго па магчымасцi неабходна даследаваць цалкам.

16. Праводзiць шурфоўку на раней даследаваных археалагiчнымi раскопкамi помнiках археалогii дапускаецца ў выключных выпадках i з абгрунтаваннем мэтазгоднасцi археалагiчных земляных работ.

17. Закладка разведачных шурфаў дапускаецца толькi на выяўленых паселiшчах, гарадзiшчах i ў месцах верагодных грунтовых могiльнiкаў. Шурфоўка курганоў, абарончых збудаванняў цi iншых бачных археалагiчных канструкцый, западзiн ад жытлаў не дапускаецца.

18. Пры выяўленнi ў шурфах рэшткаў жытлаў i другiх старажытных пабудоў не дапускаецца парушаць iх комплекснасць. Шурфоўку на гэтым месцы неабходна прыпынiць, рэшткi пабудовы закансерваваць, шурф засыпаць.

19. Пры выяўленнi ў шурфе часткi старажытнага пахавання неабходна павялiчыць памеры шурфа i даследаваць пахаванне цалкам.

20. Пры фатаграфаваннi агульнага выгляду шурфаў i профiляў iх сценак павiнна выкарыстоўвацца маштабная рэйка i паказальнiк напрамку свету.

21. Планы i стратыграфiчныя профiлi ўсiх шурфаў складаюцца незалежна ад наяўнасцi цi адсутнасцi ў iх культурнага пласта (слоя). Асаблiвасцi стратыграфii павiнны быць дакладна апiсаны ў палявым дзённiку i прадстаўлены ў графiчным i фотаграфiчным выглядзе ў навуковай справаздачы.

22. Пасля завяршэння земляных работ усе шурфы павiнны быць засыпаны, што адлюстроўваецца на фотаздымках.

23. Выкарыстанне металашукальнiкаў, геарадараў i iншых тэхнiчных сродкаў i iнструментаў падчас археалагiчнай разведкi для пошуку i збору археалагiчных артэфактаў дапускаецца ў наступных выпадках:

з GPS-фiксацыяй месцазнаходжанняў археалагiчных знаходак на сiтуацыйным плане археалагiчнага аб’екта ў маштабе не менш за 1:200 або спадарожнiкавым здымку мясцовасцi з пазначэннем яго маштабу;

на ўчастках археалагiчных аб’ектаў, якiя разбураюцца (ворыва, агаленнi, выкапаныя кар’еры, скарбашукальнiцкiя шурфы, ямы), на глыбiню пашкоджанага культурнага слоя;

для абследавання тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў без выемкi археалагiчных артэфактаў перад пачаткам археалагiчных раскопак;

для праверкi перагледжанага культурнага пласта (слоя) падчас шурфоўкi (адвалаў) археалагiчных аб’ектаў i тэрыторыi пасля засыпкi шурфаў.

24. Падводная археалагiчная разведка (разведка акваторыi) ажыццяўляецца дыстанцыйным i вiзуальным метадамi даследавання з фiксацыяй пошукавых маршрутаў, выяўленых анамалiй, скапленняў археалагiчных артэфактаў i археалагiчных аб’ектаў з дапамогай сродкаў GPS-фiксацыi i нанясеннем iх на агульны план акваторыi. Выяўленыя анамалii, скапленнi артэфактаў, археалагiчныя аб’екты вывучаюцца вiзуальна або з дапамогай шурфоўкi.

25. Падводная археалагiчная шурфоўка можа ажыццяўляцца з прымяненнем спецыяльнай тэхнiкi пасля прывязкi i фiксацыi межаў шурфа да адзiнай каардынацыйнай сеткi. Пры падводных работах павiнна ажыццяўляцца дакладная графiчная i фотафiксацыя.

26. Пры папярэднiм абследаваннi затопленых суднаў i iх рэшткаў, рэшткаў драўлянай забудовы i канструкцый дапускаецца адбор узораў для дэндрахраналагiчнага аналiзу (i iншых аналiзаў) i збор археалагiчных артэфактаў, якiя неабходны для iх iдэнтыфiкацыi i датавання.

27. Выемка арганiчных i металiчных археалагiчных артэфактаў, а таксама рэшткаў канструкцый са стабiльнага асяроддзя пад вадой павiнна быць суаднесена з далейшай магчымасцю iх першапачатковай стабiлiзацыi i кансервацыi.

ГЛАВА 3
ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ АРХЕАЛАГIЧНЫХ РАСКОПАК

28. Для правядзення археалагiчных раскопак выбiраюцца археалагiчныя аб’екты, на якiх могуць быць атрыманы найбольш значныя вынiкi, неабходныя для распрацоўкi фундаментальных навуковых тэм у археалогii i гiсторыi Беларусi i Еўропы.

29. Перад пачаткам археалагiчных раскопак трымальнiк дазволу павiнен азнаёмiцца з лiтаратурнымi i архiўнымi матэрыяламi, якiя характарызуюць аб’ект раскопак, а таксама падрыхтаваць спадарожнiкавыя здымкi i сiтуацыйны план (пры наяўнасцi) археалагiчнага аб’екта.

30. Да пачатку стацыянарных раскопак ажыццяўляецца дадатковае абследаванне археалагiчнага аб’екта i яго наваколля, складаецца сiтуацыйны план (пры неабходнасцi), праводзiцца яго ўсебаковая фотафiксацыя.

31. Выбар месца для закладкi раскопу i памеры раскопу вызначаюцца мэтамi даследавання археалагiчнага аб’екта, тэхнiчнымi i арганiзацыйнымi магчымасцямi археалагiчнай экспедыцыi i iншымi фактарамi. Павiнна ўлiчвацца таксама ступень захаванасцi археалагiчнага аб’екта. Першачарговае даследаванне праводзiцца на тых участках, якiм пагражае разбурэнне ў вынiку прыродных працэсаў i гаспадарчай дзейнасцi.

32. На адным археалагiчным аб’екце павiнна закладвацца мiнiмальная колькасць раскопаў. Павелiчэнне колькасцi раскопаў дапускаецца шляхам прырэзак да iснуючых раскопаў. Не дапускаецца пакiдаць памiж раскопамi невялiкiя ўчасткi недаследаванага культурнага пласта (слоя).

33. Пры неабходнасцi закладкi некалькiх раскопаў на розных участках археалагiчнага аб’екта яны павiнны размяшчацца ў адзiнай каардынацыйнай сетцы, падрыхтаванай для ўсяго археалагiчнага аб’екта, а таксама мець прывязку да адзiнага стацыянарнага рэпера, ад якога робiцца нiвелiроўка ўсiх раскопаў. Пры гэтым можа выкарыстоўвацца прывязка да балтыйскай сiстэмы вышынь.

34. Археалагiчныя раскопкi паселiшчаў i грунтовых могiльнiкаў павiнны ажыццяўляцца вялiкiмi раскопамi, якiя дазваляюць атрымаць матэрыялы для якаснай навуковай культурна-храналагiчнай характарыстыкi археалагiчнага аб’екта. Археалагiчныя раскопкi паселiшчаў i грунтовых могiльнiкаў толькi з дапамогай шурфаў не дапускаюцца.

35. Асобныя гаспадарчыя аб’екты, западзiны ад жытлаў, пляцоўкi жылых i гаспадарчых пабудоў, абарончыя збудаваннi цi iншыя бачныя археалагiчныя канструкцыi павiнны ўваходзiць у межы агульнага раскопу, якi ахоплiвае i плошчу памiж даследуемымi археалагiчнымi аб’ектамi.

36. Раскопы на паселiшчах усiх вiдаў (стаянкi, селiшчы, гарадзiшчы), у тым лiку затопленых, павiнны быць падзелены на квадраты, памер якiх у залежнасцi ад абранай методыкi складае 1 х 1, 2 х 2, 5 х 5 метраў.

Усе квадраты раскопу нiвелiруюцца ад аднаго стацыянарнага рэпера.

37. Пры археалагiчных раскопках паселiшчаў з культурным пластом (слоем) высокай вiльготнасцi, у тым лiку пры высокiм узроўнi грунтовых вод i прыродных анамалiях, павiнны ажыццяўляцца мерапрыемствы, якiя забяспечваюць магчымасць паўнавартаснага вывучэння, фiксацыi культурнага пласта (слоя) i канструкцый да мацерыка. Дапускаецца закладка невялiкiх дрэнажных калодзежаў, ручная або механiзаваная выбарка вады, «прыступкавы» або «шахматны» спосаб даследавання культурнага пласта (слоя) для збору вады ў заглыбленых квадратах. У выпадку неабходнасцi дапускаецца выкарыстанне апалубкi, якая ўтрымлiвае сценкi раскопу ад разбурэння.

38. Археалагiчныя раскопкi курганоў праводзяцца па сектарах або з захаваннем дзвюх узаемна перпендыкулярных бровак. Дапускаецца вывучэнне некалькiх курганоў вялiкiмi раскопамi з разбiўкай iх на квадраты, якiя ахоплiваюць насыпы, ровiкi i прылеглую тэрыторыю памiж курганамi.

39. Археалагiчныя раскопкi грунтовых i курганных могiльнiкаў з мала прыкметнымi i (або) узаемна перакрываючымi адзiн аднаго насыпамi павiнны праводзiцца вялiкiмi раскопамi з разбiўкай iх на квадраты i захаваннем бровак на найбольш выразных участках рэльефу.

Броўкi разбiраюцца пасля iх апiсання, графiчнай i фотафiксацыi.

40. Падчас археалагiчных раскопак грунтовых i курганных могiльнiкаў (насыпаў курганоў) павiнна быць забяспечана выяўленне i фiксацыя ўсiх археалагiчных артэфактаў i археалагiчных аб’ектаў, у тым лiку ўпускных пахаванняў, канструкцый i складу насыпу, узроўню пахаванняў, пахаванай глебы i мацерыка, наяўнасцi падсыпак, рэштак iншых збудаванняў унутры насыпу, пад iм або вакол яго, рэшткаў трызны.

41. Выкарыстанне металашукальнiкаў, геарадараў i iншых тэхнiчных сродкаў i iнструментаў падчас археалагiчных раскопак курганных i грунтовых пахаванняў, а таксама розных вiдаў паселiшчаў дапускаецца ў наступных выпадках:

для папярэдняга абследавання з мэтай вызначэння наяўнасцi металiчных археалагiчных артэфактаў без iх выемкi;

на ўчастках, якiя разбураюцца (ворыва, агаленнi, кар’еры, скарбашукальнiцкiя шурфы, ямы), для збору археалагiчных артэфактаў у выкiнутым грунце з графiчнай i фотафiксацыяй ходу работ;

для праверкi перагледжанага культурнага пласта (слоя) падчас археалагiчных раскопак (адвалаў) i тэрыторыi пасля засыпкi раскопу.

Усе выяўленыя з дапамогай металашукальнiкаў археалагiчныя артэфакты (у тым лiку археалагiчныя артэфакты з адвалаў) павiнны быць уключаны ў палявы вопiс i апiсаны ў навуковай справаздачы з адпаведнымi тлумачэннямi аб умовах выяўлення.

42. Не дапускаецца выкарыстанне металашукальнiкаў для збору i выемкi iнвентару пахаванняў без поўнай расчысткi i даследавання пахавальнага комплексу.

43. Археалагiчныя раскопкi розных вiдаў паселiшчаў (стаянак, селiшчаў, гарадзiшчаў), у тым лiку шматслойных i затопленых, праводзяцца паквадратна i паслойна з дакладнай фiксацыяй i апiсаннем усiх:

асаблiвасцей кожнага знятага слоя i паселiшча ў цэлым;

выяўленых асобных культурных пластоў (слаёў);

стэрыльных праслоек;

археалагiчных аб’ектаў;

археалагiчных артэфактаў, iх размяшчэння на плошчы раскопу (планiграфii), а таксама суадносiн са слаямi i пабудовамi.

Магутнасць кожнага асобнага слоя ў раскопе залежыць ад вiду археалагiчнага аб’екта i не павiнна перавышаць 0,1–0,2 метра.

44. Археалагiчныя раскопкi культурнага пласта (слоя) на археалагiчных аб’ектах праводзяцца ручным iнструментам. Дапускаецца выкарыстанне землярыйных машын i механiзмаў:

для баластавых (падрыхтоўчых) работ, у тым лiку зняцця перакрываючага стэрыльнага слоя (грунту), пагрузкi i транспарцiроўкi перабранага грунту;

на палях бiтваў, пераправах i тэрыторыi ваенных лагераў пры ўмове значнай пашкоджанасцi або адсутнасцi культурнага пласта (слоя).

Зняцце грунту землярыйнымi машынамi цi механiзмамi павiнна ажыццяўляцца тонкiмi (не болей за 0,1 метра) пластамi з пастаянным кантролем даследчыка i далейшай расчысткай i выемкай выяўленых археалагiчных аб’ектаў i археалагiчных артэфактаў ручнымі iнструментамі.

45. Археалагiчныя раскопкi культурнага пласта (слоя) на археалагiчных аб’ектах праводзяцца да мацерыка, калi гэтаму не перашкаджаюць знойдзеныя будаўнiчыя i архiтэктурныя рэшткi, якiя патрэбна захаваць.

46. Пасля зачысткi паверхнi мацерыка ажыццяўляецца кантрольны перакоп мацерыка на ўсёй плошчы раскопу на глыбiню да 0,2 метра.

47. Культурны пласт (слой) з высокай канцэнтрацыяй дробных артэфактаў прамываецца (флатацыя) або прасейваецца праз дробнаячэiстую металiчную сетку з паквадратнай i паслойнай фiксацыяй археалагiчных артэфактаў.

48. Археалагiчныя раскопкi археалагiчных аб’ектаў, на якiх прысутнiчаюць архiтэктурныя канструкцыi, праводзяцца да iх поўнага выяўлення i фiксацыi без выемкi i разбурэння. У выпадку правядзення сiстэматычных шматгадовых археалагiчных раскопак на адным археалагiчным аб’екце з захаваннем знойдзеных архiтэктурных канструкцый у адкрытым выглядзе павiнны быць прыняты меры для iх кансервацыi i аховы.

49. Падчас раскопак археалагiчных аб’ектаў усiх тыпаў павiнна праводзiцца нiвелiроўка дзённай i мацерыковай паверхнi (раскопу, кургана) ад адзiнага нулявога рэпера, а таксама ўсiх слаёў i аб’ектаў, у тым лiку пабудоў, узроўняў падлогi, прапласткаў, вогнiшчаў, пахаванняў, рэшткаў трызны, важных археалагiчных артэфактаў.

50. Падчас археалагiчных раскопак павiнна праводзiцца фотафiксацыя ўсiх этапаў працэсу археалагiчных даследаванняў i ўсiх выяўленых археалагiчных аб’ектаў. Пры фотафiксацыi пазначаюцца напрамкі свету, выкарыстоўваюцца маштабная рэйка, лiнейка, дзяленнi якой павiнны праглядацца на фотаздымку. Вынiкi фотафiксацыi прадстаўляюцца ў навуковай справаздачы.

51. Выяўленыя падчас археалагiчных раскопак археалагiчныя артэфакты, у тым лiку фрагментаваныя i часткова пашкоджаныя, бяруцца для правядзення камеральных работ.

Камеральным работам падлягаюць:

iнвентар пахавальных комплексаў;

матэрыялы закрытых комплексаў (пабудоў);

цэлыя цi складаныя рэчы;

iндывiдуальныя знаходкi;

нумiзматычныя i эпiграфiчныя знаходкi;

знаходкi, якiя маюць мастацкае значэнне;

знаходкi, па якiх можна датаваць раскоп, пласт i г.д.;

знаходкi, якiя паказваюць культурную прыналежнасць археалагiчнага аб’екта, яго гаспадарчую характарыстыку i г.д.;

невядомыя да гэтага рэчы;

знаходкi з помнiкаў каменнага i бронзавага вякоў;

астэалагiчны матэрыял.

Пазначаныя археалагiчныя артэфакты павiнны быць занесены ў палявы вопiс i мець пашпартныя дадзеныя з указаннем дакладнага месцазнаходжання кожнай рэчы цi фрагмента (назва археалагiчнага аб’екта, нумарацыя раскопу, квадрата, пласта, аб’екта, а таксама глыбiня залягання).

Чалавечыя касцявыя парэшткi павiнны вызначацца антраполагамi, пасля чаго яны могуць быць уключаны ў склад калекцыi або перапахаваны.

Дапускаецца адбор для астэалагiчнага вызначэння матэрыялу з непашкоджаных стратыфiкаваных культурных напластаванняў i закрытых комплексаў.

Адбор астэалагiчных, палеабатанiчных, антрапалагiчных знаходак i рэшткаў металургiчнай вытворчасцi праводзiцца з удзелам спецыялiстаў. Пры адсутнасцi спецыялiстаў забiраюцца ўсе знаходкi.

52. У залежнасцi ад ступенi вывучанасцi i захаванасцi археалагiчнага аб’екта дапускаецца пакiданне часткі знаходак (дробныя сценкi ганчарнай керамiкi, фрагментаваныя косткi жывёл са стратай вызначальных кампанентаў) на месцы археалагiчных палявых работ.

Пакiнутыя ў раскопе археалагiчныя артэфакты павiнны быць падлiчаны, зафатаграфаваны, апiсаны, падрабязна зафiксаваны ў палявым дзённiку i адлюстраваны ў навуковай справаздачы з пазначэннем дакладнага месца захавання на плане раскопу.

53. Пасля завяршэння археалагiчных раскопак усе раскопы засыпаюцца, узнаўляюцца насыпы курганоў i абарончых збудаванняў, прыбiраюцца выкiды глебы, аднаўляецца ландшафт, якi iснаваў да пачатку раскопак.

Пасля археалагiчных раскопак каменных могiльнiкаў, могiльнiкаў з каменнымi крыжамi, культавых камянёў, каменных выкладак яны ўзнаўляюцца ў блiзкiм да першапачатковага стане.

Вынiкi фотафiксацыi ўзноўленых пасля археалагiчных раскопак археалагiчных аб’ектаў прадстаўляюцца ў навуковай справаздачы.

54. Не завершаныя па аб’ектыўных прычынах раскопы, у тым лiку недаследаваныя археалагiчныя аб’екты ў iх, кансервуюцца, што фiксуецца на фотаздымках i прадстаўляецца ў навуковай справаздачы.

55. Пры стацыянарных работах на палях бiтваў, пераправах i месцах ваенных лагераў дапускаецца прымяненне металашукальнiкаў з суцэльнай выбаркай археалагiчных артэфактаў з iх GPS-фiксацыяй, а таксама пазначэннем на тапаграфiчным плане з каардынатнай сеткай не меней за 1:200. Адзначаюцца ўмовы i глыбiнi выяўлення археалагiчных артэфактаў, што адлюстроўваецца ў навуковай справаздачы.

56. Перад пачаткам суцэльнай выбаркi археалагiчных артэфактаў распрацоўваюцца два шурфы плошчай не менш за 4 кв. метры ў розных месцах археалагiчнага аб’екта для фiксацыi наяўнасцi (адсутнасцi) культурнага пласта (слоя).

57. Падводныя археалагiчныя раскопкi могуць ажыццяўляцца з прымяненнем спецыяльнай тэхнiкi, у тым лiку помпы для размыўкi грунту, пасля прывязкi i фiксацыi межаў раскопаў да адзiнай каардынацыйнай сеткi, якая ахоплiвае даследуемы археалагiчны аб’ект i прылеглы да яго ўчастак дна. Пры падводных работах павiнна ажыццяўляцца дакладная графiчная i фотафiксацыя, а таксама вiдэафiксацыя ходу i вынiкаў работ. Выкарыстоўваюцца метады вымярэння, якiя адаптаваны да ўмоў акваторыi.

Выемка арганiчных i металiчных археалагiчных артэфактаў, а таксама рэшткаў канструкцый са стабiльнага асяроддзя пад вадой павiнна быць суаднесена з далейшай магчымасцю iх першапачатковай стабiлiзацыi i кансервацыi.

ГЛАВА 4
ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ ВЫРАТАВАЛЬНЫХ (АХОЎНЫХ) АРХЕАЛАГIЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

58. Выратавальныя (ахоўныя) археалагiчныя даследаваннi праводзяцца на археалагiчных аб’ектах, якiя знаходзяцца ў аварыйным стане цi ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў.

59. Правядзенне выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў ажыццяўляецца на падставе дазволу формы № 4 шляхам вiзуальнага абследавання тэрыторыi новабудоўлi, пошуку, археалагiчнага нагляду, археалагiчных раскопак.

60. Перад правядзеннем выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў, у тым лiку археалагiчнага нагляду, неабходна азнаёмiцца з архiўнымi, лiтаратурнымi, iншымi крынiцамi i матэрыяламi, якiя характарызуюць даследуемы археалагiчны аб’ект i тэрыторыю земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў.

61. Правядзенне выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў у выглядзе вiзуальнага абследавання тэрыторыi новабудоўлi, пошуку i археалагiчных раскопак ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi глаў 2 i 3 дадзенай Iнструкцыi, калi iншае не прадугледжана дадзенай главой.

62. На археалагiчных аб’ектах, якiя знаходзяцца ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi, выратавальныя (ахоўныя) археалагiчныя даследаваннi ажыццяўляюцца з улiкам патрабаванняў артыкулаў 129 и 130 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры.

63. Выратавальныя (ахоўныя) археалагiчныя даследаваннi ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў праводзяцца трымальнiкам дазволу на падставе дагавора НАН Беларусi з юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi, у тым лiку iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, якiя забяспечваюць распрацоўку i фiнансаванне мер па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананнi работ у названых зонах i з’яўляюцца заказчыкамi гэтых работ.

Меры па ахове археалагiчных аб’ектаў уключаюцца ў праектную дакументацыю на выкананне работ на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў.

Парадак рэалiзацыi мер па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананнi работ на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў распрацоўваецца навуковымi арганiзацыямi i музеямi, якiм выдадзены дазвол на права правядзення археалагiчных даследаванняў.

64. Для распрацоўкi мер па ахове археалагiчных аб’ектаў у зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў трымальнiк дазволу праводзiць:

фiксацыю вядомых археалагiчных аб’ектаў на праектным матэрыяле;

абследаванне зоны земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў з мэтай выяўлення няўлiчаных археалагiчных аб’ектаў, у тым лiку iх фiксацыю, і пры неабходнасцi археалагiчныя даследаваннi (археалагiчныя раскопкi, археалагiчны нагляд).

Пры распрацоўцы мер па ахове археалагiчных аб’ектаў у зоне земляных, будаўнiчых, меліярацыйных і іншых работ павiнны ўлiчвацца клiматычныя ўмовы. У перыяд наяўнасцi снегавога покрыва i тэмпературы грунту нiжэй за 0 °C неабходна прадугледжваць уладкаванне павiльёна над даследуемым участкам для забеспячэння аптымальнага тэмпературнага рэжыму (не нiжэй за 5 °С), а таксама асвятлення, дастатковага для графiчнай i фотафiксацыi.

65. Пры правядзеннi археалагiчных раскопак на археалагiчных аб’ектах, якiя знаходзяцца ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi, дапускаецца ў выпадку навуковай неабходнасцi зрабiць прырэзку да раскопу па-за межамi ўчастка такiх работ.

Пры немагчымасцi правядзення археалагiчных раскопак на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў, якiя трапiлi ў зону земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўляецца археалагiчны нагляд, якi вядзецца адначасова з гэтымi работамi, у тым лiку на працягу ўсяго каляндарнага года.

66. Археалагiчны нагляд праводзiцца на ўсёй тэрыторыi земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўлення iншай дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў, якiя закранаюць археалагiчны аб’ект, у адпаведнасцi з праектнай дакументацыяй на выкананне дадзеных работ. Як правiла, археалагiчны нагляд не праводзiцца ў месцах добраўпарадкавання тэрыторыi без парушэння культурнага пласта (слоя) i перакладкi iнжынерных камунiкацый па старым напрамку.

67. Падчас археалагiчнага нагляду праводзяцца гарызантальныя i вертыкальныя зачысткi ў будаўнiчых катлаванах i траншэях, фiксацыя i вывучэнне ўсiх выяўленых археалагiчных аб’ектаў, выемка археалагiчных артэфактаў у поўным аб’ёме, апiсанне асаблiвасцей культурнага пласта (слоя) i выяўленых археалагiчных артэфактаў i археалагiчных аб’ектаў, што адлюстроўваецца ў палявой дакументацыi i навуковай справаздачы.

Праводзiцца фотафiксацыя ўсiх этапаў земляных работ, графiчная фiксацыя профiляў будаўнiчых катлаванаў i траншэй, археалагiчных аб’ектаў i канструкцый у маштабе не менш за 1:40 у месцах наяўнасцi культурных напластаванняў, нiвелiроўка i абмеры рэшткаў выяўленых археалагiчных аб’ектаў, у тым лiку абарончых, культавых, грамадскiх, жыллёвых, прамысловых i гаспадарчых пабудоў, будаўнiчага матэрыялу.

Пры давядзеннi будаўнiчых катлаванаў i траншэй да ўзроўню мацерыка даецца яго апiсанне з улiкам заглыблення ў мацярык iснуючых археалагiчных аб’ектаў, пабудоў i канструкцый.

У выпадку перавышэння магутнасцi культурнага пласта (слоя) глыбiнi будаўнiчых катлаванаў яго фiксацыя праводзiцца ў межах глыбiнi земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ. У такiм выпадку, як правiла, праводзiцца кантрольная шурфоўка асобных участкаў з паслойнай фiксацыяй стратыграфii да мацерыка.

68. Падчас археалагiчнага нагляду праводзiцца пераборка культурнага пласта (слоя), якi выкiнуты з будаўнiчых катлаванаў i траншэй, выемка археалагiчных артэфактаў са дна i сценак катлаванаў i траншэй з фiксацыяй асаблiвасцей культурнага пласта (слоя), месца i ўмоў выяўлення артэфакта.

69. Пры правядзеннi археалагiчнага нагляду, як правiла, павiнен выкарыстоўвацца металашукальнiк з мэтай больш поўнага збору археалагiчных артэфактаў, якiя фiксуюцца на тапаграфiчным плане i плане археалагiчнага аб’екта з пазначэннем умоў i глыбiнi iх выяўлення.

Металашукальнiкам павiнны абследавацца выкiды i адвалы грунту, дно катлаванаў i траншэй.

70. Пры выяўленні на тэрыторыі земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, ажыццяўленні iншай дзейнасцi, у тым ліку на ўчастках будаўнічых катлаванаў і траншэй, непашкоджанага культурнага пласта (слоя), археалагічных аб’ектаў і архітэктурных канструкцый, такія работы прыпыняюцца і праводзяцца выратавальныя (ахоўныя) археалагічныя раскопкі.

РАЗДЗЕЛ III
ПАРАДАК ВЯДЗЕННЯ ПАЛЯВОЙ ДАКУМЕНТАЦЫI

ГЛАВА 5
АГУЛЬНЫЯ ПАТРАБАВАННI ДА ВЯДЗЕННЯ ПАЛЯВОЙ ДАКУМЕНТАЦЫI

71. Падчас археалагiчных даследаванняў трымальнiк дазволу штодзённа вядзе палявую дакументацыю.

72. Чарцёжная i графiчная дакументацыя павiнна дакладна адлюстроўваць усе назiраннi даследчыка, у тым лiку ўзаемнае размяшчэнне слаёў i пабудоў, суадносiны iх глыбiнi размяшчэння, склад, структуру i колер культурнага пласта (слоя), наяўнасць грунтовых, попельных, вугальных i iншых плям, распаўсюджванне археалагiчных артэфактаў па плошчы раскопу, умовы i глыбiнi iх залягання, размяшчэнне касцявых рэшткаў.

73. Дапускаюцца наступныя маштабы палявых чарцяжоў: 1:1, 1:2, 1:5, 1:10, 1:20, 1:50.

Планы, разрэзы i профiлi раскопаў выконваюцца ў адзiным маштабе, аднак не менш за 1:20/1:40, а для помнiкаў каменнага веку – не менш за 1:10/1:20.

Планы курганоў – не менш за 1:20/1:40.

Планы i разрэзы каменных канструкцый павiнны быць выкананы ў маштабе не менш за 1:20.

Планы i разрэзы пахаванняў складаюцца ў маштабе не менш за 1:10/1:20.

Уся чарцёжная дакументацыя павiнна мець лiнейны маштаб.

74. Палявы дзённiк лiчыцца асноўным палявым дакументам i не можа быць заменены iншымi запiсамi. У палявы дзённiк заносяцца ўсе назiраннi падчас археалагiчных палявых работ, асноўныя паказчыкi, апiсаннi i прамеры з планаў i чарцяжоў, асаблiвасцi выяўлення i фiксацыi археалагiчных аб’ектаў i археалагiчных артэфактаў, астэалагiчных, палеабатанiчных знаходак.

75. Вынiкi камеральных работ з атрыманымі археалагiчнымі матэрыяламі i апрацаваная палявая дакументацыя разам з фотаздымкамi прадстаўляюцца ў навуковай справаздачы.

Навуковая справаздача павiнна адлюстроўваць усе праведзеныя вiды археалагiчных даследаванняў, на якiя выдаваўся дазвол.

Пры вядзеннi палявой дакументацыi i падрыхтоўцы навуковай справаздачы павiнны выкарыстоўвацца базавыя дапаможнiкi па палявой археалогii.

76. Навуковая справаздача з’яўляецца навуковым творам, якi быў выкананы ў якасцi службовага задання i на якi распаўсюджваецца заканадаўства аб аўтарскiм праве i сумежных правах.

У тых выпадках, калi ў стварэннi навуковай справаздачы прымалi ўдзел iншыя супрацоўнiкi (акрамя трымальнiка дазволу), то iх удзел павiнен быць адзначаны ў змесце навуковай справаздачы i тэкставай частцы. Па прапанове трымальнiка дазволу прозвiшчы гэтых асоб могуць быць адзначаны на тытульным лiсце навуковай справаздачы.

ГЛАВА 6
СТРУКТУРА НАВУКОВАЙ СПРАВАЗДАЧЫ I ПАТРАБАВАННI ДА ЯЕ АФАРМЛЕННЯ

77. Навуковая справаздача павiнна адпавядаць патрабаванням, прадугледжаным артыкулам 91 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры, а таксама ўключаць наступныя дадзеныя:

мэты i задачы, якiя ставiў перад сабой даследчык, i ступень iх выканання ў палявым сезоне;

сувязь археалагiчных палявых работ, што выконвалiся, з папярэднiмi археалагiчнымi даследаваннямi тых самых археалагiчных аб’ектаў цi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак;

арганiзацыя работ i крынiцы фiнансавання;

асноўныя ўдзельнiкi археалагiчных даследаванняў i iх функцыi;

методыка археалагiчных палявых работ;

перспектывы i планы далейшых археалагiчных даследаванняў тых самых археалагiчных аб’ектаў цi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак.

78. Навуковая справаздача афармляецца друкаваным тэкстам (з дадаткамi) на беларускай або рускай мове ў папяровым i электронным (на электронным носьбiце) выглядзе.

Калекцыйныя вопiсы, карты, чарцяжы, фотаздымкi i малюнкi прыкладаюцца да навуковай справаздачы ў форме дадатку пасля асноўнага тэксту або афармляюцца ў выглядзе асобнага альбома. Фармат папяровага лiста навуковай справаздачы i альбома (як правiла, А4) не павiнен перавышаць 45 х 32 см. 

Выкарыстоўваецца агульная нумарацыя старонак, якая пачынаецца з тытульнага лiста i ўключае iлюстратыўную частку з дадаткамi. У навуковых справаздачах, якiя складаюцца з некалькiх тамоў, нумарацыя старонак даецца для кожнага тома асобна.

Навуковая справаздача прадстаўляецца ў папцы, падрыхтаванай да пераплёту, з двума тытульнымi лiстамi або ў цвёрдым пераплёце (акрамя пластыкавага).

79. Навуковая справаздача завяраецца подпісам і пячаткай кіраўніка навуковай арганізацыі або музея, якія хадайнічалі аб выдачы дазволу, і зацвярджаецца НАН Беларусі.

Тытульны ліст навуковай справаздачы афармляецца згодна з дадаткам да дадзенай Iнструкцыi.

80. Пасля тытульнага лiста навуковай справаздачы прыкладаецца дазвол, затым – змест, уводзiны, асноўны тэкст, заключэнне i дадаткi (калекцыйныя вопiсы iндывiдуальных i масавых археалагiчных артэфактаў, спiс iлюстрацый (малюнкаў, фотаздымкаў), iлюстрацыi, дадзеныя антрапалагiчнага, астэалагiчнага, палеабатанiчнага, прыродазнаўчых вызначэнняў, звесткі (даведка) аб перадачы археалагiчных артэфактаў на пастаяннае (часовае) захаванне ў адпаведнасцi з заканадаўствам). Інфармацыя аб артэфактах у звестках аб перадачы павiнна адпавядаць калекцыйным вопiсам навуковай справаздачы.

81. Уводзiны змяшчаюць дадзеныя аб месцы правядзення работ, археалагiчных аб’ектах, задачах археалагiчнага даследавання, арганiзацыi работ, крынiцах iх фiнансавання i тэрмiнах правядзення, аб агульным складзе ўдзельнiкаў археалагiчных палявых работ.

Асноўная частка навуковай справаздачы ўключае апiсанне методыкi археалагiчнага даследавання, працэсу i вынiкаў археалагiчных палявых работ, вынiкаў камеральных работ i папярэдняга аналiзу атрыманых археалагiчных артэфактаў, iнфармацыю аб фактах i метадах выкарыстання металашукальнiкаў, геарадараў i iншых тэхнiчных сродкаў i iнструментаў, а таксама iнфармацыю аб кансервацыi раскопаў, iх засыпцы, рэкультывацыi глебы на месцы раскопак, узнаўленнi надмагiльных канструкцый i пабудоў.

Заключэнне змяшчае асноўныя вынiкi праведзеных археалагiчных даследаванняў, а таксама (калi неабходна) рэкамендацыi па далейшым вывучэннi i выкарыстаннi археалагiчнага аб’екта.

Дадаткi павiнны змяшчаць:

калекцыйны вопiс знаходак (iндывiдуальных, масавых), якi павiнен утрымлiваць указанне на парадкавы i калекцыйны нумар знаходкi, каардынаты знаходкi (квадрат, пласт, глыбiня), назву знаходкi, матэрыял знаходкi, а таксама быць звязаны з тэкстам, iлюстрацыямi (фотаздымкамi), вызначэннямi шляхам адпаведных спасылак;

фотаздымкi, якiя адлюстроўваюць усе стадыi археалагiчнага даследавання, у тым лiку планы i профiлi раскопаў, разрэзы курганных насыпаў, выяўленыя археалагiчныя аб’екты i працэс iх даследавання, павiнны выконвацца з маштабнай лiнейкай i пазначэннем напрамкаў свету;

iнфармацыю аб правядзеннi спецыяльных аналiзаў i вызначэнняў з указаннем iх аўтарства i пазначэннем месца ўзяцця проб на адпаведнай чарцёжнай дакументацыi.

82. Пасля тэкставай часткi i дадаткаў навуковай справаздачы ставiцца подпiс аўтара(аў).

83. Чорна-белыя чарцяжы выконваюцца тушшу або рапiдографам на паперы, кальцы, мiлiмiтроўцы.

Дапускаецца прадстаўленне чорна-белых чарцяжоў у выглядзе ксеракопii, а таксама каляровых iлюстрацый.

84. Буйнафарматныя чарцяжы, якiя нельга паменшыць, павiнны складвацца да памераў альбома цi тэксту навуковай справаздачы. Прадстаўленне чарцяжоў у рулонах не дапускаецца.

85. Кожны чарцёж, у тым лiку карты, планы, профiлi, разрэзы, павiнны мець расшыфроўку ўсiх выкарыстаных умоўных абазначэнняў. Дапускаецца вынясенне расшыфроўкi на асобны лiст (пры ўмове выкарыстання ў навуковай справаздачы адзiнай сiстэмы ўмоўных абазначэнняў).

Усе чарцяжы павiнны мець указанне напрамкаў свету i лiнейны паказальнiк маштабу.

86. Пры фатаграфаваннi цi iншых метадах памяншэння чарцяжоў трэба звяртаць увагу на тое, каб усе дэталi, у тым лiку надпiсы i лiчбы, былi добра бачны. Не дапускаецца празмернае памяншэнне чарцяжоў, што вядзе да недастатковай выразнасцi копiй.

87. На iлюстрацыях (малюнках, фотаздымках) прадстаўляюцца важнейшыя знаходкi (як правiла, усе iндывiдуальныя знаходкi, а для масавага матэрыялу – найбольш характэрныя рэчы) з указаннем iх калекцыйных нумароў.

Малюнкi цi фотаздымкi знаходак павiнны мець лiнейны паказальнiк маштабу. Iндывiдуальныя знаходкi прадстаўляюцца ў маштабе 1:1, масавыя – 1:2 цi 1:4.

88. Малюнкi i фотаздымкi археалагiчных артэфактаў кампануюцца ў таблiцы, прычым кожны з iх у таблiцы павiнен мець свой парадкавы i калекцыйны нумар, на якiя робiцца спасылка ў тэкставай частцы i калекцыйным вопiсу навуковай справаздачы.

Памiж тэкстам навуковай справаздачы i дадаткамi, у тым лiку калекцыйным вопiсам, альбомам iлюстрацый, вызначэннямi, павiнна iснаваць цесная сувязь у выглядзе адпаведных спасылак.

89. Усе iлюстрацыi, у тым лiку чарцяжы, малюнкi, фотаздымкi, павiнны мець тлумачальныя надпiсы, якiя ўтрымлiваюць назву даследаванага археалагiчнага аб’екта i вычарпальную iнфармацыю аб археалагiчным артэфакце. Спiс iлюстрацыйнага матэрыялу не можа замянiць тлумачальных надпiсаў.

90. У тлумачальных надпiсах пад фотаздымкамi раскопаў i археалагiчных аб’ектаў, акрамя назвы здымка з указаннем назвы помнiка, года даследавання, неабходна ўказваць, з якога боку фатаграфаваўся раскоп цi археалагiчны аб’ект.

ГЛАВА 7
НАВУКОВАЯ СПРАВАЗДАЧА АБ АРХЕАЛАГIЧНЫХ РАЗВЕДКАХ

91. Навуковая справаздача аб археалагiчных разведках павiнна змяшчаць:

апiсанне маршруту цi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi археалагiчных разведак з пералiкам усiх абследаваных археалагiчных аб’ектаў;

карту археалагiчнай разведкi з абазначэннем геаграфiчных арыенцiраў, у тым лiку рэкi, азёры, населеныя пункты, а таксама маршруту археалагiчнай разведкi i ўсiх даследаваных археалагiчных аб’ектаў;

поўнае апiсанне кожнага вывучанага археалагiчнага аб’екта з адлюстраваннем яго назвы, геаграфiчнага месцазнаходжання, захаванасцi, стану паверхнi, тапаграфiчных асаблiвасцей, формы i памераў (калi яны вызначаюцца вiзуальна), межаў распаўсюджання археалагiчных артэфактаў, характарыстыкi культурнага пласта (слоя) (пры правядзеннi шурфоўкi) i ўсяго знойдзенага матэрыялу;

iнфармацыю аб тым, адкрыты цi абследаваны археалагiчны аб’ект упершыню або быў вядомы раней, кiм i калi абследаваўся i вывучаўся;

указанне памераў усiх шурфаў, траншэй, зачыстак з адлюстраваннем iх стратыграфii;

планы i стратыграфiчныя профiлi ўсiх аб’ектаў незалежна ад наяўнасцi цi адсутнасцi на iх культурнага пласта (слоя);

апiсанне знойдзеных падчас археалагiчных разведак археалагiчных матэрыялаў.

92. Абследаваныя археалагiчныя аб’екты павiнны быць пазначаны адпаведным нумарам на карце.

93. Кожны даследаваны археалагiчны аб’ект павiнен прадстаўляцца ў навуковай справаздачы планам, iнструментальным цi вiзуальным, якi складаецца ў пэўным маштабе i адлюстроўвае асаблiвасцi рэльефу i тапаграфiчную сiтуацыю. Для гарадзiшчаў i iншых археалагiчных аб’ектаў з адмысловым рэльефам, як правiла, прадстаўляецца яшчэ разрэз у тым жа маштабе, што i план археалагiчнага аб’екта.

94. План археалагiчнага аб’екта павiнен мець лiнейны маштаб, дакладную тапаграфiчную прывязку да пастаянных арыенцiраў на мясцовасцi, у тым лiку ўказанне адлегласцi i напрамку да населеных пунктаў, дарог, мастоў, геадэзiчных пунктаў, тэлеграфных слупоў. Усе прывязкi павiнны быць указаны ў тэксце навуковай справаздачы.

95. Пры адлюстраваннi на плане рэльефу з дапамогай гарызанталей павiнны ўказвацца берг-штрыхамi напрамак схiлу i адзначацца вышыня сячэння гарызанталей.

96. Пры закладцы на археалагiчным аб’екце шурфаў, зачыстак i невялiкiх раскопаў усе яны павiнны быць дакладна i ў маштабе зафiксаваны. У тэксце навуковай справаздачы ўказваюцца iх памеры, а таксама даецца апiсанне стратыграфii i атрыманага археалагiчнага матэрыялу.

97. Палявыя фотаздымкi павiнны найбольш поўна i падрабязна перадаваць асаблiвасцi рэльефу, тапаграфiчнае становiшча абследаваных археалагiчных аб’ектаў i iх памер.

Навуковая справаздача павiнна ўтрымлiваць фотаздымкi ўсiх абследаваных археалагiчных аб’ектаў, зачыстак, шурфаў, у тым лiку зачыстак i шурфаў, у якiх культурны слой адсутнiчае.

98. Усе знойдзеныя падчас разведак археалагiчныя матэрыялы павiнны быць апiсаны ў тэксце, прадстаўлены ў калекцыйным вопiсе iндывiдуальных i масавых знаходак, а таксама ў дадатках.

ГЛАВА 8
НАВУКОВАЯ СПРАВАЗДАЧА АБ АРХЕАЛАГIЧНЫХ РАСКОПКАХ

99. Навуковая справаздача аб археалагiчных раскопках павiнна змяшчаць:

поўнае апiсанне археалагiчнага аб’екта, якi даследаваўся археалагiчнымi раскопкамi, з адлюстраваннем яго назвы, геаграфiчнага месцазнаходжання, захаванасцi, стану паверхнi, тапаграфiчных асаблiвасцей, формы i памераў (калi яны вызначаюцца вiзуальна), межаў распаўсюджвання археалагiчных артэфактаў, характарыстыкi культурнага пласта (слоя) (пры правядзеннi шурфоўкi), усяго знойдзенага матэрыялу i гiсторыi вывучэння;

сiтуацыйны план археалагiчнага аб’екта з дакладным абазначэннем у маштабе ўсiх раскопаў, траншэй, шурфаў, якiя закладвалiся даследчыкам у адпаведнасцi з выдадзеным дазволам, а таксама ў папярэднi час;

апiсанне методыкi археалагiчных раскопак з абгрунтаваннем яе выбару;

планы i стратыграфiчныя профiлi ўсiх раскопаў, археалагiчных аб’ектаў, мацерыка;

апiсанне знойдзеных падчас археалагiчных раскопак археалагiчных матэрыялаў.

100. Кожны раскоп прадстаўляецца планам, у тым лiку на асобныя пласты, i профiлямi сценак раскопу, бровак. Пры значнай глыбiнi раскопу i археалагiчным даследаваннi шматслойных паселiшчаў на кожны будаўнiчы гарызонт (пласт) павiнен рабiцца асобны план з пазначэннем лiнейнага маштабу i напрамку свету.

101. На планы раскопу наносяцца:

нiвелiровачныя адзнакi (цi прадстаўляецца асобны план нiвелiроўкi паверхнi) дзённай паверхнi i мацерыка. Гэтыя дадзеныя павiнны паўтарацца на профiлях;

размяшчэнне рэпера, у тым лiку з прывязкай да балтыйскай сiстэмы вышынь;

асаблiвасцi культурнага пласта (слоя);

усе выяўленыя археалагiчныя аб’екты, а таксама iндывiдуальныя знаходкi з адзнакамi iх месцазнаходжання, у тым лiку глыбiнь. Усе зафiксаваныя археалагiчныя аб’екты нумаруюцца, прычым iх нумар выкарыстоўваецца ў тэкставай частцы навуковай справаздачы i чарцяжах.

102. Планы i профiлi раскопу выконваюцца ў адным маштабе. На профiлях адзначаюцца межы квадратаў, якiя прадстаўлены на плане. У выпадку значнага памяншэння агульнага плана раскопу дапускаецца рабiць планы асобных комплексаў (пабудовы, вогнiшчы) у больш буйным маштабе.

Планы i профiлi (разрэзы) археалагiчных аб’ектаў таксама выконваюцца ў адным маштабе.

103. Пры археалагiчным даследаваннi ў раскопе каменных, цагляных цi драўляных архiтэктурных пабудоў, акрамя iх падрабязнага апiсання, планаў i профiляў раскопаў, прадстаўляюцца дакладныя планы пабудоў, разрэзы, фасiроўкi i iншыя архiтэктурныя чарцяжы з указаннем лiнейнага маштабу.

104. Профiлi сценак раскопу цi бровак павiнны дакладна адлюстроўваць стратыграфiчную сiтуацыю. Не дапускаецца абагульненая стратыграфiя па некаторых профiлях цi стратыграфiчныя калонкi, якiя адлюстроўваюць толькi частку профiлю.

105. Усе выяўленыя ў раскопе археалагiчныя аб’екты падрабязна апiсваюцца ў тэксце з адзнакамi iх месцазнаходжання, памераў, формы, запаўнення i iншымi характарыстыкамi. На чарцяжах прадстаўляюцца iх профiлi (разрэзы) з указаннем лiнейнага маштабу.

106. Пакiнутыя ў раскопе археалагiчныя артэфакты павiнны таксама быць адлюстраваны ў навуковай справаздачы з указаннем iх колькасцi i фотафiксацыяй.

107. Пры археалагiчных раскопках могiльнiкаў дадаткова прадстаўляецца абгрунтаванне неабходнасцi раскопак i выбранай методыкi. Даецца падрабязная характарыстыка кожнага даследаванага пахавання, усiх выяўленых у iх археалагiчных аб’ектаў без залежнасцi ад захаванасцi, наяўнасцi або адсутнасцi антрапалагiчных парэшткаў i знаходак.

108. На план могiльнiка з указаннем лiнейнага маштабу i напрамкаў свету наносяцца ўсе знойдзеныя пахаваннi з дакладным адлюстраваннем месцаразмяшчэння, формы, памераў i арыенцiроўкi шкiлетаў у магiлах.

109. Апiсанне кожнага пахавальнага комплексу павiнна ўключаць поўную характарыстыку магiльнага збудавання з адлюстраваннем памераў, формы, канструктыўных дэталей, запаўнення магiльнай ямы, а таксама апiсанне палажэння кожнага шкiлета ў могiльнiку, пералiк усяго iнвентару пахавання з дакладным месцазнаходжаннем кожнай рэчы ў адносiнах да шкiлета.

Пры апiсаннi глыбiнь неабходна указаць, ад якога ўзроўню праводзiлася вымярэнне.

110. Кожнае пахаванне прадстаўляецца асобным планам у маштабе не менш за 1:10/1:20, на якiм даюцца дакладныя контуры магiльнай ямы (калi яны праглядаюцца), выявы шкiлета i ўсiх рэчаў, якiя выяўлены пры археалагiчных раскопках, а таксама ўсе элементы пахавальнага абраду, у тым лiку падсыпкi, вогнiшчы, рэшткi трунаў, з дакладнай фiксацыяй размяшчэння кожнай рэчы ў прасторы i нiвелiрнымi адзнакамi.

111. На плане ўсе рэчы пахавальнага iнвентару i знаходкi з мiжмагiльнай прасторы нумаруюцца i апiсваюцца (расшыфроўваюцца) у тлумачальных надпiсах да плана.

112. Пры археалагiчных раскопках курганоў прадстаўляюцца планы i, як правiла, не менш двух разрэзаў (профiляў) кожнага кургана, выкананыя ў адным маштабе. На планах i профiлях курганоў пазначаюцца нiвелiровачныя адзнакi, якiя адлюстроўваюць усе асаблiвасцi будовы насыпаў, пахавальных элементаў i выяўленых пахаванняў. Кожны разрэз кургана апiсваецца з указаннем паслядоўнасцi размяшчэння пахаванняў i стварэння насыпу.

У выпадку змяшчэння ў навуковую справаздачу паменшанага плана курганоў з выяўленымi пахаваннямi прыкладаецца план асобных пахаванняў у больш буйным маштабе.

113. Кожнае пахаванне прадстаўляецца на фотаздымках.

Тлумачальныя надпiсы пад фотаздымкамi, а таксама графiчнай дакументацыяй павiнны змяшчаць вычарпальную iнфармацыю аб праведзеных работах i аб’екце археалагiчнага даследавання.

ГЛАВА 9
НАВУКОВАЯ СПРАВАЗДАЧА АБ ВЫРАТАВАЛЬНЫХ (АХОЎНЫХ) АРХЕАЛАГIЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ

114. Навуковая справаздача аб выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаваннях у выглядзе археалагiчных разведак i (або) археалагiчных раскопак афармляецца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi глаў 7 i 8 дадзенай Iнструкцыi.

115. Акрамя таго, навуковая справаздача аб выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаваннях, у тым лiку археалагiчным наглядзе, павiнна змяшчаць:

вынiкi фiксацыi вядомых археалагiчных аб’ектаў на праектным матэрыяле;

вынiкi абследавання зоны земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ i фiксацыю выяўленых няўлiчаных археалагiчных аб’ектаў на праектным матэрыяле;

сiтуацыйны план размяшчэння аб’екта археалагiчнага нагляду ў межах ахоўнай зоны археалагiчнага аб’екта;

пазначэнне аб’екта археалагiчнага нагляду на тапаграфiчнай карце з прывязкай да населеных пунктаў (або ў межах населенага пункта), а таксама на спадарожнiкавых здымках;

план зоны земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ i (або) аб’екта археалагiчнага нагляду з дакладным абазначэннем у маштабе ўсiх будаўнiчых катлаванаў i траншэй з геадэзiчнымi (нiвелiровачнымi) адзнакамi, таксама на плане абазначаюцца раскопы, участкi праведзеных археалагiчных даследаванняў, у тым лiку археалагiчнага нагляду;

гiстарычную i археалагiчную даведку з поўнай характарыстыкай археалагiчнага аб’екта, апісаннем месцаразмяшчэння зоны земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ;

характарыстыку методыкi выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаванняў, у тым лiку археалагiчнага нагляду, з абгрунтаваннем яе выбару;

даведку аб папярэднiх параметрах i плошчы земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, у тым лiку будаўнiчых катлаванаў i траншэй у адпаведнасцi з праектным матэрыялам, а таксама iнфармацыю аб фактычных аб’ёмах i плошчы праведзеных археалагiчных даследаванняў.

116. Прадстаўленне вынiкаў археалагiчнага нагляду ў зоне земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з праектным матэрыялам, у якiм абазначаны будаўнiчыя ўчасткi, катлаваны, траншэi. Пры наяўнасцi культурных напластаванняў кожны ўчастак прадстаўляецца графiчнай фiксацыяй стратыграфii сценак i фотафiксацыяй. Даследаваныя значныя археалагiчныя аб’екты паказваюцца на асобных планах.

На планах прадстаўляюцца таксама нiвелiровачныя адзнакi (цi прадстаўляецца асобны план нiвелiроўкi паверхнi), якiя павiнны паўтарацца на профiлях сценак будаўнiчых катлаванаў i траншэй.

Планы i профiлi будаўнiчых катлаванаў i траншэй выконваюцца ў адным маштабе. На профiлях адзначаюцца межы квадратаў, якiя прадстаўлены на плане. У выпадку значнага памяншэння агульных планаў i профiляў робяцца планы асобных археалагiчных аб’ектаў у больш буйным маштабе.

Калекцыйны вопiс знаходак (iндывiдуальных, масавых) павiнен мець указанне на парадкавы i калекцыйны нумары знаходкi, лакалiзацыю знаходак i быць звязаны адпаведнымi спасылкамi з тэкстам i iлюстрацыйным матэрыялам.

117. Профiлi будаўнiчых катлаванаў i траншэй, у якiх захавалiся рэшткi культурнага пласта (слоя), павiнны дакладна адлюстроўваць стратыграфiчную сiтуацыю. Не дапускаецца прадстаўленне абагульненай стратыграфiі па некаторых профiлях цi стратыграфiчных калонках, якiя адлюстроўваюць толькi частку профiлю.

118. Усе выяўленыя падчас археалагiчнага нагляду археалагiчныя аб’екты i археалагiчныя артэфакты дакладна i падрабязна прадстаўляюцца ў навуковай справаздачы, у тым лiку ў тэкставай частцы, чарцяжах, малюнках i фотаздымках з маштабнай лiнейкай i пазначэннем напрамкаў свету.

119. Фотаздымкi, якiя прадстаўляюцца ў навуковай справаздачы аб праведзеных выратавальных (ахоўных) археалагiчных даследаваннях, павiнны адлюстроўваць усе стадыi археалагiчных даследаванняў, асаблiвасцi выбранай методыкi, параметры i плошчу земляных, будаўнiчых, мелiярацыйных i iншых работ, у тым лiку будаўнiчых катлаванаў i траншэй, у адпаведнасцi з праектным матэрыялам.

 

 


 

 

Дадатак

да Iнструкцыi аб парадку
правядзення археалагiчных
даследаванняў i вядзення палявой
дакументацыi пры iх правядзеннi

 

Форма

 

_____________________________________________________________________________

(назва навуковай арганiзацыi або музея)

 

Справа № _______

 

Зацверджана

Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусi

__________________________________

(дата, пасада, прозвiшча, подпiс)

 

_____________________________________________________________________________

(прозвiшча, асабiстае iмя, iмя па бацьку (калi такое маецца) трымальнiка дазволу)

НАВУКОВАЯ СПРАВАЗДАЧА

аб правядзеннi

_____________________________________________________________________________

(вiд археалагiчных даследаванняў (разведкi, раскопкi, нагляд)

_____________________________________________________________________________

(назва археалагiчных аб’ектаў, iх лакалiзацыя згодна з сучасным

_____________________________________________________________________________

адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным размяшчэннем, год правядзення работ)

 

Узгоднена

___________________________________________________

(прозвiшча, подпiс кiраўнiка навуковай арганiзацыi або музея,
у якiх падрыхтавана справаздача; дата, пячатка)

 

Разгледжана

___________________________________________________

(назва структурнага падраздзялення дзяржаўнай навуковай установы «Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi»)

___________________________________________________

(дата, пасада, прозвiшча, подпiс, iншыя звесткi)

 

Прынята

___________________________________________________

(назва структурнага падраздзялення дзяржаўнай навуковай
установы «Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi», дзе будзе
прымацца навуковая справаздача)

___________________________________________________

(дата, пасада, прозвiшча, подпiс, iншыя звесткi)

 

___________________________________________________

(месца i год падрыхтоўкi навуковай справаздачы)

 

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.