![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
30 сакавіка 2023 г. № 61
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Наглядальныя пасты фортавай групы № 12» на тэрыторыі былой в. Лапенкі ў мікрараёне Грандзічы г. Гродна Гродзенскай вобласці
Изменения и дополнения:
Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 15 сентября 2023 г. № 131 (зарегистрировано в Национальном реестре - № 8/40443 от 25.09.2023 г.) <W22340443p>
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Наглядальныя пасты фортавай групы № 12» на тэрыторыі былой в. Лапенкі ў мікрараёне Грандзічы г. Гродна Гродзенскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 30.03.2023 № 61 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Наглядальныя пасты фортавай групы № 12» на тэрыторыі былой в. Лапенкі ў мікрараёне Грандзічы г. Гродна Гродзенскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Наглядальныя пасты фортавай групы № 12» на тэрыторыі былой в. Лапенкі ў мікрараёне Грандзічы г. Гродна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Наглядальныя пасты фортавай групы № 12» на тэрыторыі былой в. Лапенкі ў мікрараёне Грандзічы г. Гродна Гродзенскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць) у складзе комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2» – «Фартыфікацыйныя збудаванні Гродзенскай крэпасці», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 412Д000775.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе ўнітарнага прадпрыемства «Мінскграда» ў складзе праекта «Дэталёвы план кварталаў шматквартэрнай жылой забудовы «Грандзічы 23, 24» у г. Гродна».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы: ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту), зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы культурнага пласта (слоя).
Межы зон аховы дадзены ў WGS сістэме каардынат.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах забудовы наглядальных пастоў і абмежавана вонкавымі сценамі гэтых збудаванняў.
8. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і забеспячэння спрыяльных умоў успрымання ўсіх фартыфікацыйных збудаванняў у яе складзе на адлегласці 50 м ад кожнага з наглядальных пастоў гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе на адлегласці 50 м ад наглядальных пастоў гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 1–2–3–4–5–6–1 згодна з дадаткам.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчаных абектаў і элементаў фартыфікацыі;
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне (у тым ліку змяненне параметраў будынкаў, страта канструктыўных і архітэктурных асаблівасцей і элементаў) і пагаршэнне ўмоў іх успрымання;
пракладка наземных інжынерных камунікацый, дарог з цвёрдым пакрыццём;
пракладка падземных інжынерных камунікацый без аднаўлення характару існуючага рэльефу;
уладкаванне знешняга асвятлення, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў, без уліку тэматыкі і стылістыкі гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, у тым ліку ўсталяванне стэндаў і іншых форм добраўпарадкавання, якія тэматычна не звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а таксама іншых работ, якія пагаршаюць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
11. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена на тэрыторыі прыроднага ландшафту, які непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, з мэтай захавання гістарычнага ландшафту, які акружае гісторыка-культурную каштоўнасць і ўздзейнічае на цэласнасць яе візуальнага ўспрымання.
Зона аховы ландшафту прылягае да ахоўнай зоны з усіх бакоў.
12. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе праз кропкі 7–8–9–10–11–12–13–14–15–7 згодна з дадаткам.
13. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення гістарычна існаваўшых будынкаў і збудаванняў, якія маюць адносіны да абарончага збудавання (гісторыка-культурнай каштоўнасці), некапітальных аб’ектаў рэкрэацыйнага прызначэння і пракладкі падземных інжынерных каммунікацый;
пракладка магістральных дарог;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту, акрамя аднаўлення гістарычна існаваўшых элементаў рэльефа прыроднага і антрапагеннага паходжання;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, якія пагаршаюць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей гісторыка-культурнай каштоўнасці;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных рубак).
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)
14. Зона аховы культурнага пласта (слоя) устаноўлена на тэрыторыі ахоўнай зоны.
Межы зоны аховы культурнага пласта (слоя) супадаюць з межамі ахоўнай зоны.
15. На тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) забараняецца выкананне земляных работ, за выключэннем работ, звязаных з мемарыялізацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці, пашуковых і навукова-даследчых работ пры рэалізацыі мер па забеспячэнні правядзення археалагічнага нагляду і рэалізацыі мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
16. Пры выпадковым выяўленні археалагічных аб’ектаў забараняецца правядзенне земляных работ без прыняцця неабходных мер па даследаванні і захаванні гэтых аб’ектаў у парадку, устаноўленым артыкулам 127 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
|
да праекта зон аховы нерухомай |
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці