Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 14.07.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

23 ліпеня 2020 г. № 62

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і «Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

На падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і «Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

Ю.П.Бондар

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
23.07.2020 № 62

Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і «Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і «Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей, калі не ўказана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці):

«Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Г000586 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей»;

«Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000587 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578.

3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Навукова-праектны цэнтр «Рэстабіліс» па заказе мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю і зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту і зона аховы культурнага пласта (слоя).

Межы праекта зон аховы дадзены ў геаграфічнай сістэме каардынат.

7. Схема зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Фрагменты парку» ў г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і «Брацкая магіла» па вул. Ленінскай у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

8. Тэрыторыя гісторыка-культурных каштоўнасцей супадае з мяжой гістарычнай тэрыторыі парка былога фальварка за выключэннем тэрыторыі, дзе размешчана сучасная забудова.

На тэрыторыі парка размешчаны каштоўныя гістарычныя элементы: паркавая брама з фрагментамі агароджы, фальваркавая брама, руіны лядоўні, мост, а таксама брацкая магіла.

Плошча тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей – 6,2 га.

9. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляюцца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 (55°08'18.70''N; 27°12'26.20''E) у створы з гістарычнай агароджай парка ўздоўж паўднёвага края праезнай часткі зав. Ленінскага да кропкі 4 (55°08'19.89''N; 27°12'31.59''E);

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад паўднёвага края праезнай часткі зав. Ленінскага ад кропкі 4 на поўднёвы ўсход да верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 5 (55°08'15.31''N; 27°12'34.18''E); далей на ўсход па верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 6 (55°08'15.99''N; 27°12'37.48''E); далей на паўднёвы захад, поўдзень па ўсходняй мяжы парка па верхняй броўцы берагавой тэрасы да паўднёвай мяжы парка да кропкі 12 (55°08'06.14''N; 27°12'39.45''E);

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 па паўднёвай мяжы парка на паўднёвы захад да кропкі 13 (55°08'04.48''N; 27°12'29.07''E), далей на паўднёвы ўсход да кропкі 14 (55°08'03.21''N; 27°12'29.63''E), далей на паўночны захад да фальваркавай брамы да кропкі 2 (55°08'04.20''N; 27°12'26.90''E);

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад фальваркавай брамы ад кропкі 2 па ўсходняму краю праезнай часткі вул. Ленінскай на поўнач да ўваходнай паркавай брамы да кропкі 3.

10. На тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў:

Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;

пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;

Правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскіх могілак, асобных воінскіх участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

11. Ахоўная зона гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначана з улікам забеспячэння фізічнага захавання і найлепшага ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Ахоўная зона гісторыка-культурных каштоўнасцей уключае тэрыторыю гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Мяжа тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей супадае з мяжой тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Плошча тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей – 6,2 га.

12. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца:

новае будаўніцтва, акрамя рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры і будаўніцтва новых паркавых збудаванняў, тэматычна звязаных з сучаснай функцыяй тэрыторыі (гарадскі парк культуры і адпачынку), але падпарадкаваных гістарычнаму характару тэрыторыі, а таксама пракладкі падземных інжынерных камунікацый;

афармленне новых зямельных участкаў, функцыянальнае прызначэнне якіх не звязана з утрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурых каштоўнасцей;

добраўпарадкаванне тэрыторыі без уліку характару гістарычнага асяроддзя, захавання гістарычнай планіровачнай структуры і без уліку выкарыстання пры правядзенні работ гістарычных прыёмаў і матэрыялаў;

рэканструкцыя існуючых дысгарманічных будынкаў і збудаванняў з павелічэннем іх аб’ёмна-прасторавага рашэння і памераў у плане, акрамя работ па іх візуальнай нейтралізацыі і прыстасаванні ў гістарычным асяроддзі;

уладкаванне знешняга асвятлення, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і без уліку характара гістарычнага асяроддзя;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурных каштоўнасцей;

высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і больш, за выключэннем аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, і санітарных рубак;

правядзенне земляных работ без прыняцця неабходных мер па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

13. Зона рэгулявання забудовы вызначана зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да ахоўнай зоны ў непасрэднай блізкасці ад гісторака-культурных каштоўнасцей.

Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў з аднолькавымі рэжымамі.

Агульная плошча зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурных каштоўнасцей – 5,5 га.

14. Першы ўчастак зоны рэгулявання забудовы вызначаны на паўночным усходзе ад тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, дзе размешчаны прыватныя сядзібы.

Плошча першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы – 1,3 га.

15. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:

на поўначы і ўсходзе – лінія, якая ідзе ўздоўж паўднёвага края праезнай часткі зав. Ленінскага ад кропкі 4 (55°08'19.89''N; 27°12'31.59''E) да кропкі 7 (55°08'16.76''N; 27°12'42.50''E);

на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 6 (55°08'15.99''N; 27°12'37.48''E) і па ўсходняй мяжы парка да кропкі 5 (55°08'15.31''N; 27°12'34.18''E);

на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 5 па мяжы парка ўздоўж паўночна-ўсходняй мяжы ахоўнай зоны да кропкі 4.

16. Другі ўчастак зоны рэгулявання забудовы вызначаны на поўдні ад тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, дзе размешчаны праватныя сядзібы і сельскагаспадарчыя пабудовы.

Плошча другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы – 4,2 га.

17. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:

на поўначы – лінія, якая ідзе ад фальваркавай брамы ад кропкі 2 (55°08'04.20''N; 27°12'26.90''E) на ўсход уздоўж паўднёвай мяжы ахоўнай зоны да кропкі 12 (55°08'06.14''N; 27°12'39.45''E) на верхняй броўцы берагавой тэрасы;

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на поўдзень па верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 10 (55°08'01.12''N; 27°12'41.39''E);

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 10 па ўмоўнай лініі, якая пралягае ад верхняй броўкі берагавой тэрасы ў створы з паўднёва-ўсходнім фасадам гаспадарчай пабудовы да праезнай часткі мясцовага праезда да кропкі 11 (55°07'58.36''N; 27°12'30.29''E);

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 11 у паўночна-заходнім накірунку ўздоўж праезнай часткі мясцовага праезда да перасячэння з праезнай часткай вул. Ленінскай да кропкі 1 (55°07'59.99''N; 27°12'25.15''E);

на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па ўсходняму краю праезнай часткі вул. Ленінскай да кропкі 2.

18. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышынёй больш за адзін паверх з мансардай (вышэй 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху) і без ужывання гістарычных параметраў (прапорцый) будынкаў (памеры ў плане 7–8 м х 10–12 м);

выкарыстанне тыповых і серыйных праектаў будынкаў і пабудоў, а таксама канструкцый прамысловага панэльнага домабудавання (неабходна выкарыстоўваць традыцыйныя для рэгіёна архітэктурныя формы і будаўнічыя матэрыялы);

выкарыстанне не характэрных формаў дахаў (акрамя двусхільных, вальмавых і паўвальмавых з нахілам ад 35° да 50°), нетрадыцыйных колераў (яскравыя колеры, не характэрныя для рэгіянальнага будаўніцтва);

рамонт і рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў з выкарыстаннем нетрадыцыйных будаўнічых матэрыялаў і архітэктурных прыёмаў (вышыня пабудоў не павінна быць вышэй за 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху);

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, транспартна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

19. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначана з мэтай захавання асаблівасцей гістарычнага асяроддзя гісторыка-культурных каштоўнасцей: прыроднага ландшафту, рэльефу мясцовасці, ландшафтна-відавых зон, непасрэдна звязаных з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

Зона аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначана ў межах асушанага паркавага става, месца якога цяпер займаюць паплавы.

Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей – 7,4 га.

20. Мяжой зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляюцца:

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 6 (55°08'15.99''N; 27°12'37.48''E) па паўднёвай мяжы ахоўнай зоны да кропкі 7 (55°08'16.76''N; 27°12'42.50''E);

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па паўднёва-заходнім краі праезнай часткі зав. Ленінскага да кропкі 8 (55°08'14.82''N; 27°12'45.65''E);

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 8 па верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 9 (55°07'58.23''N; 27°12'48.49''E);

на паўднёвым захадхе – лінія, якая ідзе ад кропкі 9 па левым беразе р. Заражанка да кропкі 10 (55°08'01.12''N; 27°12'41.39''E);

на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 10 па верхняй броўцы берагавой тэрасы да кропкі 6.

21. У зоне аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;

вулічна-дарожнае будаўніцтва (магістралі, развязкі, эстакады, масты), у тым ліку аўтамабільныя стаянкі, праезды і аналагічныя збудаванні транспартнай інфраструктуры;

змяненне характару традыцыйнага ландшафту і рэльефу, акрамя работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі з выкарыстаннем традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей гісторыка-культурных каштоўнасцей;

высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, а таксама санітарных рубак.

ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)

22. Зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначана на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей і на тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей.

23. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) неабходна забяспечыць правядзенне археалагічнага нагляду і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

 


 

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.