![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 снежня 2023 г. № 210
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Узрэчча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Узрэчча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 26.12.2023 № 210 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Узрэчча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Узрэчча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Вайсковыя могілкі» ў в. Узрэчча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000164.
3. Праект зон аховы распрацаваны ўстановай культуры «Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова» па заказе дзяржаўнай лесагаспадарчай ўстановы «Бешанковіцкі лясгас».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зону аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
Межы зон аховы дадзены ў геаграфічнай сістэме каардынат WGS84.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах існуючых кветнікаў брацкай магілы, на тэрыторыі якой размешчаны асноўныя архітэктурныя элементы, элементы добраўпарадкавання, якія вызначаюць межы пахавання.
7. Межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на ўсход, па вонкавай плоскасці існуючай агароджы могілкаў, да кропкі 2;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на поўдзень, па вонкавай плоскасці існай агароджы могілкаў, да кропкі 3;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на захад, па вонкавай плоскасці існай агароджы могілкаў, да кропкі 4;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на поўнач, па вонкавай плоскасці існай агароджы могілкаў, да кропкі 1.
8. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы;
знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў, у тым ліку рэканструкцыя з ужываннем нетрадыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
ажыццяўленне дзейнасці без уліку Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675, і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона прылягае да меж тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, размешчана з улікам забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці, найлепшага візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці (архітэктурна-планіровачнага рашэння і твора манументальнага мастацтва, усталяванага на брацкай магіле).
10. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на ўсход, паралельна існуючай агароджы могілак, на адлегласці 2 метраў ад яе, да кропкі 6;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на поўдзень, паралельна існуючай агароджы могілак, на адлегласці 5 метраў ад яе, да кропкі 7;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на захад, паралельна існуючай агароджы могілак, на адлегласці 5 метраў ад яе, да кропкі 8;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 8, паралельна існуючай агароджы могілак, на адлегласці 5 метраў ад яе, да кропкі 5.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
навукова неабгрунтаваная змена ўмоў успрымання элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
ажыццяўленне будаўнічай дзейнасці і земляных прац без выканання патрабаванняў, пракладка наземных, падземных інжынерных камунікацый (цяпло – электрасеткі і інш.), акрамя рамонту існуючых інжынерных камунікацый;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
правядзенне прац па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і зацверджанай ва ўсталяваным парадку і без уліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту атачае з усіх бакоў гісторыка-культурную каштоўнасць, устаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання зялёнай зоны тэрыторыі, якая мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
13. Межамі зоны аховы ланшафту з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на ўсход, паралельна існуючай пешаходнай дарожцы, вядучай да могілак, на адлегласці 23 метраў ад яе цэнтральнай восі, да кропкі 10;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на поўдзень, паралельна існуючай агароджы могілак, на адлегласці 12 метраў ад яе, да кропкі 11;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на захад, паралельна існуючай пешаходнай дарожцы, вядучай да могілак, на адлегласці 42 метраў ад яе цэнтральнай восі, да кропкі 12;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на поўнач, паралельна аўтамабільнай дарозе Н-2063 (Ула – Паніззе – Зорнікі), да кропкі 9.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
дзейнасць, якая пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навакольнага асяроддзя;
змена характару ландшафту.