Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 29.06.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

2 чэрвеня 2021 г. № 41

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы, 9-ы км у г. Мінску

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы, 9-ы км у г. Мінску (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
02.06.2021 № 41

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы, 9-ы км у г. Мінску

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы, 9-ы км у г. Мінску (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы, 9-ы км у г. Мінску з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 713Д000136 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».

3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе дарожна-эксплуатацыйнага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Рамаўтадар Першамайскага раёна г. Мінска».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлена тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы: ахоўная зона і зона аховы культурнага пласта (слоя).

Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах брукавання пляцоўкі, на якой устаноўлены помнік.

Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,12 га.

8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца:

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходняй мяжы брукавання і па лініі ў створы з ёй ад кропкі 8 з каардынатамі 53.960835, 27.730353 да скрыжавання з чырвонай лініяй няцотнага боку аўтадарогі М-2 «Мінск – Нацыянальны аэрапорт Мінск» (далей – аўтадарога М-2) да кропкі 7 з каардынатамі 53.960602, 27.730694;

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе па чырвонай лініі няцотнага боку аўтадарогі М-2 ад кропкі 7 да скрыжавання з чырвонай лініяй няцотнага боку аўтадарогі М-2 да кропкі 10 з каардынатамі 53.960487, 27.730436;

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе па паўднёва-заходняй мяжы брукавання ад кропкі 10 да кропкі 9 з каардынатамі 53.960745, 27.730136;

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе па паўночна-заходняй мяжы брукавання ад кропкі 9 да кропкі 8.

9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні:

Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;

пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;

Правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскіх могілак, асобных воінскіх участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

10. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) устаноўлена зыходзячы з умоў неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, на тэрыторыі якой у 1941–1944 гг. былі знішчаны і пахаваны савецкія ваеннапалонныя, партызаны і мірныя жыхары.

Ахоўная зона ўстаноўлена на абследаванай тэрыторыі, на якой былі выяўлены масавыя пахаванні, і на тэрыторыі, якая прылягае да яе, дзе існуе верагоднасць выяўлення масавых і адзінкавых пахаванняў – паміж балотам, аўтадарогай М-2, аўтадарогай Н-9031 «Калодзішчы – Заслаўе» (далей – аўтадарога Н-9031) і лясной дарогай.

Плошча ахоўнай зоны складае 181,51 га.

11. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад мяжы балота ад кропкі 2 з каардынатамі 53.973875, 27.736224 да кропкі 3 з каардынатамі 53.968771, 27.737751; далей па лініі, якая ідзе ўздоўж лясной дарогі да кропкі 4 з каардынатамі 53.963117, 27.735049; далей у створы з лясной дарогай да скрыжавання з чырвонай лініяй няцотнага боку аўтадарогі М-2 да кропкі 5 з каардынатамі 53.962637, 27.734699; далей па чырвонай лініі няцотнага боку аўтадарогі М-2 да кропкі 11 з каардынатамі 53.959896, 27.728956;

на поўдні – лінія, якая ідзе па чырвонай лініі няцотнага боку аўтадарогі М-2 ад кропкі 11 да кропкі 14 з каардынатамі 53.960769, 27.713352;

на захадзе – лінія, якая ідзе перпендыкулярна чырвонай лініі паўночна-ўсходняга боку аўтадарогі Н-9031 ад кропкі 14 да кропкі 15 з каардынатамі 53.962691, 27.714119; далей па лініі, якая ідзе ў напрамку да мяжы балота да кропкі 1 з каардынатамі 53.973488, 27.723933;

на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па паўднёва-ўсходнім, паўднёвым беразе балота да кропкі 2.

12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў на тэрыторях, на якіх папярэдне не праводзіліся археалагічныя даследаванні і раскопкі па выяўленні месцаў масавых і адзінкавых пахаванняў, акрамя правядзення работ па бягучым рамонце існуючых будынкаў і збудаванняў;

пракладка падземных інжынерных і транспартных камунікацый;

выкананне земляных работ без забяспячэння археалагічнага нагляду і рэалізацыі мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, а таксама ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 г. № 55-З «О погребении и похоронном деле».

ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)

13. Зона аховы культурнага пласта (слоя) устаноўлена на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, на тэрыторыі ахоўнай зоны і на тэрыторыі, непасрэдна прылеглай да праезнай часткі аўтадарог М-2 і Н-9031, для магчымасці выяўлення масавых і адзінкавых пахаванняў і іх даследаванняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Плошча зоны аховы культурнага пласта (слоя) складае 189,31 га.

14. Мяжой зоны аховы культурнага пласта (слоя) з’яўляюцца:

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад мяжы балота ад кропкі 2 з каардынатамі 53.973875, 27.736224 да кропкі 3 з каардынатамі 53.968771, 27.737751; далей па лініі, якая ідзе ўздоўж лясной дарогі да кропкі 4 з каардынатамі 53.963117, 27.735049; далей у створы з лясной дарогай да скрыжавання з лініяй, якая ідзе па краі праезнай часткі няцотнага боку аўтадарогі М-2 да кропкі 6 з каардынатамі 53.962421, 27.734753;

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 6 па краі праезнай часткі няцотнага боку аўтадарогі М-2, па краі праезнай часткі з’езду з аўтадарогі М-2 да скрыжавання з лініяй, якая ідзе па краі праезнай часткі паўночна-ўсходняга боку аўтадарогі Н-9031 да кропкі 12 з каардынатамі 53.958201, 27.724313;

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 12 па краі праезнай часткі паўночна-ўсходняга боку аўтадарогі Н-9031 да кропкі 13 з каардынатамі 53.960545, 27.713280;

на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 13 перпендыкулярна праезныя часткі паўночна-ўсходняга боку аўтадарогі Н-9031 да кропкі 15 з каардынатамі 53.962691, 27.714119; далей па лініі, якая ідзе ў паўночна-заходнім напрамку да мяжы балота да кропкі 1 з каардынатамі 53.973488, 27.723933;

на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па паўднёва-ўсходнім, паўднёвым беразе балота да кропкі 2.

15. На тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) забараняецца выкананне земляных работ без забяспячэння археалагічнага нагляду і рэалізацыі мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, а таксама ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О погребении и похоронном деле».

 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай
гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая
магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан
і мірных жыхароў» па Маскоўскай шашы,
9-ы км у г. Мінску

Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

 

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.