![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
8 ліпеня 2020 г. № 60
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Ю.П.Бондар |
|
Пастанова 08.07.2020 № 60 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Д000537 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Салігорскага раённага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная зона, зона аховы ландшафту.
7. Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
8. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах металічнай агароджы вакол брацкай магілы.
Плошча гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,036 га.
9. Мяжой гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе па паўночнай агароджы брацкай магілы;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па ўсходняй агароджы брацкай магілы;
на поўдні – лінія, якая ідзе па паўднёвай агароджы брацкай магілы;
на захадзе – лінія, якая ідзе па заходняй агароджы брацкай магілы.
10. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў:
Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
Правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскіх могілак, асобных воінскіх участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
11. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана зыходзячы з умоў фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, стварэння найлепшых умоў для яе ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,015 га.
12. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўдні – лінія, якая ідзе на захад ад бартавога каменя праезнай часткі цотнага боку вул. Ціхамірава ад кропкі з каардынатамі 52.852050°, 27.171053° да кропкі скрыжавання з паўднёва-ўсходнім вуглом мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;
на захадзе – лінія, якая ідзе на поўнач уздоўж усходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, далей на захад уздоўж паўночнай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, далей на поўнач да кропкі скрыжавання з пешаходнай дарожкай з каардынатамі 52.851870°, 27.171222°;
на поўначы і ўсходзе – лінія, якая ідзе на ўсход ад кропкі з каардынатамі 52.851870°, 27.171222° уздоўж пешаходнай дарожкі, далей на поўдзень па бартавым камені праезнай часткі цотнага боку вул. Ціхамірава да кропкі скрыжавання з лініяй, якая ідзе ў створы з паўднёвай мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з каардынатамі 52.852050°, 27.171053°.
13. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
усталяванне рэкламных канструкцый;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
14. Зона аховы ландшафту вызначана з мэтай забеспячэння найлепшых умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці з улікам гістарычнай сістэмы азелянення.
У зону аховы ландшафту ўключана дваровая тэрыторыя школы, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,091 га.
15. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўдні, захадзе – лінія, якая ідзе ад вул. Ціхамірава ад кропкі з каардынатамі 52.851542°, 27.171182° на захад па бартавым камені паўночнага, паўночна-ўсходняга бакоў праезда на тэрыторыю дзяржаўнай установы адукацыі «Чырвонаслабадская сярэдняя школа Салігорскага раёна» па вул. Ціхамірава, 2 (далей – школа), далей уздоўж усходняй агароджы тэрыторыі школы да кропкі з каардынатамі 52.852110°, 27.170731°;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад паўночна-ўсходняга вугла агароджы тэрыторыі школы ад кропкі з каардынатамі 52.852110°, 27.170731° на паўднёвы ўсход уздоўж пешаходнай дарожкі да кропкі скрыжавання з заходняй мяжой ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці з каардынатамі 52.851870°, 27.171222°;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па заходняй мяжы ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці ад крокі з каардынатамі 52.851870°, 27.171222° на поўдзень да скрыжавання з паўночнай агароджай тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці; далей на захад, поўдзень і ўсход уздоўж агароджы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці; далей на поўдзень уздоўж пешаходнай дарожкі да кропкі скрыжавання з бартавым каменем паўночнага боку праезда на тэрыторыю школы з каардынатамі 52.851542°, 27.171182°.
16. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі інжынерных камунікацый;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей гісторыка-культурных каштоўнасцей;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, а таксама акрамя санітарных рубак).