![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 ліпеня 2022 г. № 48
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на Кастрычніцкай плошчы ў г. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на Кастрычніцкай плошчы ў г. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 06.07.2022 № 48 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на Кастрычніцкай плошчы ў г. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на Кастрычніцкай плошчы ў г. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» на Кастрычніцкай плошчы ў г. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Д000159 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе камунальнага ўнітарнага шматгаліновага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Ганцавічская РЖКГ».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлена тэрыторыя гісторыка-культунай каштоўнасці, ахоўная зона і зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культунай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў межах пахавання брацкай магілы памерамі 10 х 15 м, дзе размешчаны скульптура і надмагілле.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж надмагілля праз кропкі 1–2–3–4.
9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні:
Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) устаноўлена зыходзячы з умоў захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання. Ахоўная зона ўключае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і тэрыторыю з добраўпарадкаваннем, якая непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
11. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 6 уздоўж тратуара ўсходняга баку вул. Гагарына праз кропку 5 да кропкі 9;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 9 у створы кветніка каля брацкай магілы да кропкі 8;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 8 уздоўж пешаходнай дарожкі паралельна заходняга фасада будынка па вул. Заслонава, 2А праз кропкі 10 і 3 да мяжы зямельнага ўчастка будынка па вул. Заслонава, 2 да кропкі 7;
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па мяжы зямельнага ўчастка будынка па вул. Заслонава, 2 да тратуара ўсходняга баку вул. Гагарына да кропкі 6.
12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы;
пашкоджанне і (або) знішчэнне надмагілля, мемарыяльных дошак, дэкаратыўных элементаў і малых архітэктурных формаў, элементаў добраўпарадкавання;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
13. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) устаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
У зону аховы ландшафту ўключана тэрыторыя прыроднага і ўрбанізаванага ландшафту часткі гарадскога парку, які непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
14. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўночным захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 9 ад вул. Гагарына па мяжы ахоўнай зоны праз кропку 8 да кропкі 10; далей па мяжы зямельнага участка па вул. Заслонава, 2А да кропкі 11;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 11 уздоўж мяжы тэрыторыі гарадскога парку паралельна вул. 17 Верасня да кропкі 12;
на паўднёвым усходзе – лінія, кая ідзе ад кропкі 12 перпендыкулярна вул. 17 Верасня праз цэнтральную алею гарадскога парку да вул. Гагарына да кропкі 13;
на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 13 уздоўж мяжы тэрыторыі гарадскога парку і вул. Гагарына да кропкі 9.
15. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
будаўніцтва і (або) устаноўка атракцыёнаў і іншых аб’ектаў для арганізацыі актыўнага адпачынку;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
высечка аб’ектаў расліннага свету незалежна ад узросту (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, а таксама акрамя санітарных рубак).
|
да праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай |
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці