![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
2 лістапада 2022 г. № 87
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Шылін Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Шылін Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Шылін Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Вайсковыя могілкі» ў в. Шылін Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Вайсковыя могілкі» ў в. Шылін Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляюцца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Д000158.
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе Здзітаўскага сельскага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) і зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту).
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў межах агароджы вайсковага пахавання.
8. Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Мяжа ахоўнай зоны ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы;
знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў, у тым ліку рэканструкцыя з ужываннем нетрадыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
ажыццяўленне дзейнасці без уліку Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675, і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
11. У зону аховы ландшафту ўключана частка тэрыторыі прыроднага і урбанізаванага ландшафту, які непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці і мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
12. Мяжа зоны аховы ландшафту ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
13. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і наземных збудаванняў;
пракладка транспартных камунікацый;
усталяванне рэкламных канструкцый;
змена характару ландшафту.