![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
2 снежня 2021 г. № 80
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Школьнай у аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Школьнай у аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Першы намеснік Міністра |
В.І.Грамада |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Школьнай у аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Школьнай у аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» на вул. Школьнай у аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Д000487 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2019 г. № 17 «Аб гісторыка-культурных каштоўнасцях» удакладнена месцазнаходжанне гісторыка-культурнай каштоўнасці.
3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Навукова-праектны цэнтр «Рэстабіліс» па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Круглянскага раёна».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная зона і зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў межах агароджы брацкай магілы.
8. Мяжа тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні:
Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) устаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
11. Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
устаноўка рэкламных канструкцый;
пракладка інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
13. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) устаноўлена вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзячы з неабходнасці захавання зялёнай зоны тэрыторыі, якая мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
14. Мяжа зоны аховы ландшафту ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
15. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
устаноўка рэкламных канструкцый;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
высечка дрэў, за выключэннем аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, і санітарных рубак;
дапускаць галінам раслін пагаршаць умовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці (неабходна своечасова праводзіць абрэзку).