![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 ліпеня 2021 г. № 51
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мемарыяльны комплекс «Прарыў» у г.п. Ушачы, за 7 км ад пасёлка, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мемарыяльны комплекс «Прарыў» у г.п. Ушачы, за 7 км ад пасёлка, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло Ушацкага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мемарыяльны комплекс «Прарыў» у г.п. Ушачы, за 7 км ад пасёлка, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мемарыяльны комплекс «Прарыў» у г.п. Ушачы, за 7 км ад пасёлка, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло Ушацкага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Мемарыяльны комплекс «Прарыў» у г.п. Ушачы, за 7 км ад пасёлка, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло Ушацкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 212Д000780 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны абласным дзяржаўным унітарным праектным прадпрыемствам «Інстытут Віцебскграмадзянпраект» па заказе камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
6. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў межах мемарыяльнага комплексу «Прарыў».
Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,75 га.
8. Мяжа тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні:
Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
Правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскіх могілак, асобных воінскіх участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
11. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена на тэрыторыі вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,919 га.
12. Мяжа ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
13. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый і правядзення добраўпарадкавання тэрыторыі з выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб культуры ў частцы аховы археалагічнай спадчыны.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
14. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да гісторыка-культурнай каштоўнасці, стварэння спрыяльных умоў для ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 1,65 га.
15. Мяжа зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
16. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне транспартных магістраляў і развязак, эстакад, мастоў;
размяшчэнне прамысловых і складскіх будынкаў і збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі і (або) забруджваюць паветраны і водны басейны, і (або) з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
17. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена на тэрыторыі, прылеглай да ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,29 га.
18. Мяжа зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
19. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
узвядзенне капітальных будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі транспартных і падземных інжынерных камунікацый і ўтрымання існуючых транспартных і інжынерных камунікацый у належным стане;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, і санітарных рубак).