![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 ліпеня 2022 г. № 49
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Туроўля Полацкага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Туроўля Полацкага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 06.07.2022 № 49 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Туроўля Полацкага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» ў в. Туроўля Полацкага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» ў в. Туроўля Полацкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000691 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Лейбінскім Феліксам Петровічам па заказу Гомельскага сельскага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлена тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе ахоўная зона.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена памерам 6,5*4,0 м на падставе ўліковых матэрыялаў на гісторыка-культурную каштоўнасць у межах агароджы брацкай магілы, дзе размешчаны пахаванне і кампазіцыя з трох гранітных стэл на адлегласці паміж сабой 1,6 м. Тэрыторыя пахавання вымашчана тратуарнай пліткай і абнесена празрыстай металічнай агароджай вышынёй 0,6 м.
8. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) устаноўлена зыходзячы з умоў захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
Ахоўная зона ўключае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і тэрыторыю, якая непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 з каардынатамі 55.367107, 28.940286 на паўдзень уздоўж жывой загарадзі кустоў да кропкі 2 з каардынатамі 55.366952, 28.940254;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на захад да праезнай часткі мясцовай дарогі да кропкі 3 з каардынатамі 55.366961, 28.939980;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на поўнач уздоўж праезнай часткі мясцовай дарогі да кропкі 4 з каардынатамі 55.367132, 28.940023;
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на ўсход уздоўж жывой загарадзі кустоў да кропкі 1.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжэнерных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы;
знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў, у тым ліку рэканструкцыя з ужываннем нетрадыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
пахаванні, не звязаныя з ахвярамі ўдзельнікаў баявых дзеянняў перыяду 1941–1944 гадоў;
ажыццяўленне дзейнасці без уліку Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675, і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (реканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане і санітарных рубак);
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
|
да праекта зон аховы нерухомай |
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці