![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 мая 2025 г. № 55
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці (дадаецца).
2. Прызнаць страціўшай сілу пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2013 г. № 39 «Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Замкавы комплекс «Мір» у г.п. Мір Гродзенскай вобласці».
3. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
Пастанова 12.05.2025 № 55 |
Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы), распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Праект зон аховы распрацаваны для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей, калі не ўказана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці), якія пералічаны ў дадатку 1.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе праектнага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскпраект».
Праект зон аховы скарэкціраваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона аховы ландшафту), зоны аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона аховы культурнага пласта (слоя) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаецца (дадатак 2).
Каардынатная схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаецца (дадатак 3).
Геаграфічныя каардынаты межаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаюцца (дадатак 4).
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурных каштоўнасцей устаноўлена ў вонкавых межах агароджы ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір».
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе па вул. Танкістаў кропкі 1, далей праз кропкі 2–3–4–5–6 па мяжы тэрыторыі ўстановы адукацыі «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» да кропкі 7;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па мяжы зямельнага ўчастка ўстановы аховы здароўя «Мірская гарадская бальніца» і рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Спіртзавод Мірскі» праз кропкі 8–9–10–11 да кропкі 12;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 па мяжы зямельнага ўчастка пладовага саду і аўтамабільнай дарогі Р-11 «Парэчаны – Навагрудак – Нясвіж» праз кропкі 13–14–15–16–17–18–19 да кропкі 20;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 па праездзе, які злучае аўтамабільную дарогу Р-11 «Парэчаны – Навагрудак – Нясвіж» і вул. Танкістаў да кропкі 1.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца:
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
будаўніцтва новых будынкаў і збудаванняў, акрамя збудаванняў, неабходных для функцыянавання ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» (агароджа тэрыторыі, збудаванняў у складзе агароджы і мастоў на сістэме каналаў).
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай, горадабудаўнічай і планіровачнай якасці гісторыка-культурных каштоўнасцей і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей.
10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходняму боку праезнай часткі вул. Танкістаў ад кропкі 24 на паўднёвы ўсход да кропкі 1;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ўздоўж паўночна-заходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей з вонкавага боку агароджы ад кропкі 1 на паўднёвы захад да кропкі 20; далей уздоўж паўднёва-заходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з вонкавага боку агароджы ад кропкі 20 на паўднёвы ўсход да кропкі 19;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ўздоўж паўночна-ўсходняй мяжы першага участка зоны аховы ландшафту ад кропкі 19 на паўночны захад да кропкі 21;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе уздоўж агародж прысядзібных участкаў па вул. Піянерскай ад кропкі 21 на паўночны ўсход праз кропкі 22–23 да кропкі 24.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
будаўніцтва новых будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных інжынерных камунікацый і правядзення работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі;
рэканструкцыя і мадэрнізацыя існуючых будынкаў, якая вядзе да павелічэння павярховасці і плошчы забудовы, у тым ліку з прымяненнем нетрадыцыйных архітэктурных форм і матэрыялаў.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена для рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурных каштоўнасцей і ахоўнай зоны, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і яе элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з 5 участкаў з рознымі рэжымамі ўтрымання.
13. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на поўначы і паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па восі зав. Ленінградскага ад кропкі 39 (скрыжаванне з воссю вул. Ленінградскай) праз кропку 40 да кропкі 41 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. Піянерскай);
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. Піянерскай ад кропкі 41 да кропкі 42; далей па паўночна-ўсходняй мяжы прысядзібных участкаў праз кропку 43 да кропкі 44; далей па межам прысядзібных участкаў з паўночна-ўсходняга боку вул. Танкістаў праз кропкі 45–46–47 да кропкі 24; далей па паўднёва-ўсходняй мяжы прысядзібных участкаў у створы з паўночна-заходняй мяжой ахоўнай зоны праз кропкі 24–23–22–21; далей па паўднёва-ўсходняй мяжы прысядзібных участкаў з паўднёва-ўсходняга боку вул. Піянерскай і па паўднёва-заходняй мяжы прысядзібнага ўчастка з паўднёва-ўсходняга боку вул. Піянерскай праз кропкі 21–33–34–35да кропкі 36;
на паўднёвым і паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-ўсходняй мяжы прысядзібных участкаў з паўднёва-заходняга боку вул. 1-га Мая ад кропкі 36 праз кропку 37 і далей па межам прысядзібных участкаў з паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга бакоў вул. Ленінградскай на паўночны захад і поўнач па зав. Ленінградскаму праз кропкі 38–39 да кропкі 40.
14. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным і паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 па паўночна-заходняй, паўночна-ўсходняй, паўднёва-ўсходняй межах прысядзібных участкаў з паўднёва-ўсходняга боку вул. Танкістаў праз кропкі 25–26–27; далей на паўднёвы ўсход ад кропкі 27 праз кропку 28 да кропкі 29 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе ў створы з паўночна-заходнім краем аўтамабільнай дарогі Р-64 «Стоўбцы – Мір»);
на паўднёвым і паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 29 на паўночны захад уздоўж паўднёва-заходняга краю праезнай часткі вул. Танкістаў уздоўж вонкавага краю агароджы паўночнай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей праз кропкі 30–31–32–6–5–4–3–2 да кропкі 1.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання забараняецца рэканструкцыя і ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за шэсць метраў ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху.
16. Мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 69 на поўдзень паралельна вул. 17 Верасня да кропкі 70; далей на паўночны ўсход паралельна вул. Камсамольскай да кропкі 71; далей на паўднёвы ўсход праз кропкі 72–73–74 да кропкі 75;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 75 на паўночны захад уздоўж паўднёва-заходняй мяжы прысядзібных участкаў паўднёва-заходняга боку вул. Савецкай праз кропкі 76–77–78–79–80; далей у створы з паўночна-ўсходняй, паўночнай (уздоўж вул. Савецкай) і паўночна-заходняй межамі могілак праз кропкі 81–82–83–84–85–86–87 да кропкі 41 (скрыжаванне з паўднёва-ўсходняй мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудова першага рэжыму ўтрымання); далей уздоўж агароджаў прысядзібных участкаў з паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга бакоў вул. Ленінградскай на паўднёвы і паўночны захад праз кропкі 40–39–38 да кропкі 37 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе па паўднёва-заходнім краі праезнай часткі вул. 1-га Мая);
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-заходнім краі праезнай часткі вул. 1-га Мая ад кропкі 37 да кропкі 36; далей па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. 1-га Мая праз кропку 48 да кропкі 49; далей на паўночны захад праз кропкі 50–51–52–53–54–55 да кропкі 56 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй агароджай тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»);
на паўночным захадзе і поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй агароджай тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» ад кропкі 56 праз кропкі 57–58 да кропкі 59 (скрыжаванне з воссю вул. Чырвонаармейскай); далей на паўночны захад і поўнач праз кропку 60 да кропкі 61 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці ста дваццаці пяці метраў на паўночны захад ад восі вул. Філончыка); далей у створы з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці ста дваццаці пяці метраў ад восі вул. Філончыка на паўночны ўсход праз кропку 62 да кропкі 63 (скрыжаванне з паўночна-ўсходнім краем праезнай часткі вул. Кірава); далей на поўдзень уздоўж паўночна-ўсходняга краю праезнай часткі вул. Кірава да кропкі 64 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці ста метраў ад восі вул. Камсамольскай); далей на паўночны ўсход праз кропку 65 да кропкі 66 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці ста метраў на паўночны захад ад восі вул. 17 Верасня); далей на поўнач у створы з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці ста метраў на паўночны захад ад восі вул. 17 Верасня да кропкі 67 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці двухсот пяцідзесяці метраў на поўнач ад восі вул. Камсамольскай); далей на паўночны ўсход у створы з умоўнай лініяй, якая ідзе на адлегласці двухсот пяцідзесяці метраў на поўнач ад восі вул. Камсамольскай праз кропку 68 да кропкі 69.
17. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання забараняецца рэканструкцыя і ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за восем метраў ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху.
18. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы трэцяга рэжыму ўтрымання згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 31 на паўднёвы ўсход па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. Танкістаў уздоўж паўночна-ўсходняга боку забудовы тэрыторыі былога фальварка да кропкі 30 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім краі праезда ўздоўж забудовы тэрыторыі былога фальварка з паўднёва-ўсходняга боку);
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім краі праезда ўздоўж забудовы тэрыторыі былога фальварка з паўднёва-ўсходняга боку, і ўмоўная лінія, якая ідзе ў створы з ёй ад кропкі 30 праз кропкі 88–89 да кропкі 90;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 90 да кропкі 91;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. Завадской ад кропкі 91 да кропкі 92; далей на паўночным усходзе, паўднёвым усходзе, паўднёвым захадзе праз кропкі 93–94 да кропкі 95; далей па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. Завадской да кропкі 96;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 96 да кропкі 97; далей на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе паралельна праезнай частцы вул. Завадской да кропкі 98; далей на паўночны захад ад паўночна-заходняга краю праезнай часткі вул. Завадской да кропкі 99;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 99 праз кропку 100 да кропкі 101; далей у створы з паўночна-заходняй агароджай тэрыторыі Мірскага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «Гродзенскі лікёра-водачны завод» і па гэтай агароджы да кропкі 14; далей па паўднёва-ўсходняй, паўднёва-заходняй, паўднёва-ўсходняй, усходняй, паўднёва-ўсходняй, паўночна-ўсходняй межах тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей праз кропкі 13–12–11–10–9–8–7 да кропкі 32 (скрыжавання з паўднёва-ўсходняй мяжой другога ўчастку зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання); далей па паўднёва-ўсходняй мяжы другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання да кропкі 31 (скрыжавання з паўднёва-заходнім краем праезнай часткі вул. Танкістаў).
19. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы трэцяга рэжыму ўтрымання згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёва-заходнім краі праезнай часткі вул. Чырвонаармейскай ад кропкі 109 на паўднёвы-ўсход да кропкі 102;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 102 на паўднёвы-захад да кропкі 103;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ў створы з агароджай электрычнай падстанцыі і агароджамі прысядзібных участкаў ад кропкі 103 на паўночны-захад праз кропкі 104–105 да кропкі 106;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 106 у створы з агароджамі прысядзібных участкаў на паўночны-ўсход праз кропкі 107–108 да кропкі 109 (скрыжавання з паўднёва-заходнім краем праезнай часткі вул. Чырвонаармейскай).
20. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы трэцяга рэжыму ўтрымання забараняецца ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за шэсць метраў ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
21. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена на тэрыторыях, якія захавалі гістарычны характар ландшафту.
Зона аховы ландшафту складаецца з двух участкаў.
22. Мяжой першага ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 117 (скрыжаванне правага берага р. Міранка і прасёлкавай дарогі ўздоўж паўночна-ўсходняй мяжы могілак) на паўночны ўсход у створы з прасёлкавай дарогай уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы могілак праз кропку 118 да кропкі 119;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 119 да кропкі 28;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 28 уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання праз кропкі 27–26–25 да кропкі 1; далей уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы ахоўнай зоны, паўночна-ўсходняй мяжы першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання праз кропкі 24–47–46–45–44–43–42 да кропкі 41;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ўздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання ад кропкі 41 праз кропкі 87–86–85–84–83–82–81–80–79–78–77–76–75–74–73–72–71 да кропкі 117.
23. Межамі другога ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам 2 з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – паўднёва-заходняя мяжа ахоўнай зоны ад кропкі 21 да кропкі 109; далей уздоўж паўднёвай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей з вонкавага боку агароджы праз кропкі 18–17–16–15 да кропкі 101; далей праз кропкі 100–99–98–97–96–95–94–93–92–91–90–89–88 па паўднёва-заходняй і паўднёва-ўсходняй межах першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы трэцяга рэжыму ўтрымання да кропкі 30; далей на паўднёвы ўсход па паўднёва-заходнім краі праезнай часткі вул. Танкістаў у створы з паўднёва-заходняй мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання да кропкі 29;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе па паўночна-заходнім краі аўтамабільнай дарогі Н-20089 «Усходні абыход гарадскога пасёлка Мір (ад аўтамабільнай дарогі Р-11 Парэчаны (ад аўтамабільнай дарогі М-6/Е 28) – Навагрудак – Нясвіж да аўтамабільнай дарогі Р-64 Стоўбцы – Мір» ад кропкі 29 да кропкі 110; далей уздоўж паўночна-ўсходняга краю вул. Фестывальнай да кропкі 111; далей уздоўж паўночна-заходняга краю праезнай часткі пад’язной дарогі да былога фальварка праз кропкі 112–113; далей у паўднёва-заходнім накірунку да кропкі 114;
на паўднёвым-захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па правым беразе р. Міранка ад кропкі 114 у паўднёва-заходнім напрамку праз кропку 115 да кропкі 116 (скрыжаванне з лініяй, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання па паўднёва-ўсходнім краі праезнай часткі вул. 1-га Мая); далей у паўночна-заходнім напрамку да кропкі 49 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання);
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання, ад кропкі 49 (скрыжаванне з умоўнай лініяй, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання) да кропкі 48 (скрыжаванне з паўднёва-заходняй мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання); далей на паўночным усходзе, паўночным захадзе – па паўднёва-заходняй, паўднёва-ўсходняй межам першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання праз кропкі 35–34–33 да кропкі 21 (скрыжаванне з паўднёва-заходняй мяжой ахоўнай зоны).
24. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, пракладка магістральных дарог, змена характару ландшафту, акрамя правядзення работ па добраўпарадкаванні, пракладкі неабходных інжынерных камунікацый і правядзення мерапрыемстваў па захаванні і аднаўленні гістарычнага ландшафту.
ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)
25. Зона аховы культурнага пласту (слоя) устаноўлена на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны.
26. На тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) пры выкананні земляных работ неабходна забяспечыць правядзенне археалагічнага нагляду і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
|
да праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных |
ПЕРАЛІК ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ
№ |
Назва |
Датаванне |
Месцазнаходжанне |
Шыфр |
Катэгорыя |
1 |
«Замкавы комплекс «Мір»: |
XVI–ХХ стагоддзі |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір |
410Г000317 |
0 |
2 |
будынкі, збудаванні, планіровачная структура, ландшафтныя кампазіцыі, рэшткі земляных абарончых збудаванняў, элементы абваднення на тэрыторыі, абмежаванай лініяй, якая праходзіць на поўдні па вул. Танкістаў, па мяжы зямельнага ўчастка прафесійна-тэхнічнага вучылішча, з усходу па мяжы зямельнага ўчастка пасялковай бальніцы і спіртзавода, з поўдня па мяжы зямельнага ўчастка пладовага саду і шашы Навагрудак – Нясвіж, з захаду па праезду, які злучае шашу і вул. Танкістаў: |
|
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён |
|
без катэгорыі |
3 |
замак |
XVI–ХХ стагоддзі |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, вул. Чырвонаармейская, 2 |
410Г000721 |
0 |
4 |
пейзажны парк |
пачатак ХХ стагоддзя |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, на усход ад замка |
412Г000722 |
2 |
5 |
капліца-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх |
1904–1910 гады |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, у парку |
412Г000723 |
2 |
6 |
мазаічны абраз «Спас Пантакратар» |
1900–я гады |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, на фасадзе капліцы-пахавальні |
412Г000318 |
2 |
7 |
флігель |
пачатак ХХ стагоддзя |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, вул. Завадская, 14Б |
413Г000724 |
3 |
8 |
тэрыторыя рэгулярнага сада |
першая палова XVII стагоддзя |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, на поўнач ад замка |
|
без катэгорыі |
9 |
стаў |
1896–1899 гады |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, на поўдзень ад замка |
|
без катэгорыі |
10 |
абарончы вал |
XVI–XVII стагоддзі |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, вакол замка |
|
без катэгорыі |
11 |
уязная брама з домікам вартаўніка |
пачатак ХХ стагоддзя |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, на паўночны ўсход ад замка |
413Г000725 |
3 |
12 |
прыдарожная капліца |
1909 год |
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, на развілцы дарог на Стоўбцы і Нясвіж |
413Г000726 |
3 |
|
да праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных |
СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ
|
да праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных |
КААРДЫНАТНАЯ СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ