![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 снежня 2016 г. № 67
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – «Будынкі па вул. Быхаўская, 6, 12, будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – «Будынкі па вул. Быхаўская, 6, 12, будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – «Будынкі па вул. Быхаўская, 6, 12, будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – «Будынкі па вул. Быхаўская, 6, 12, будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе падпункта 1.1 пункта 1 і часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Праект зон аховы распрацаваны для гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «3», унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167):
будынак (другая палова XIX стагоддзя) па вул. Быхаўскай, 6 у г. Магілёве, шыфр 513Г000013;
будынак (другая палова XIX стагоддзя) па вул. Быхаўскай, 12 у г. Магілёве, шыфр 513Г000014;
будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча (першая палова XIX стагоддзя) па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве, шыфр 513Г000015.
3. Праект зон аховы распрацаваны ўнітарным прадпрыемствам «БелНДІПгорадабудаўніцтва» па заказе Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта ў складзе праекта «Дэтальны план цэнтральнай часткі г. Магілёва з праектам рэгенерацыі гістарычнай зоны. Карэкціроўка. Этап 2. Заходняя частка праектуемага раёна» (аб’ект 2.14).
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай і існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы і зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і стварэння спрыяльных умоў для іх успрымання.
Ахоўная зона складаецца з трох участкаў.
8. Плошча першага ўчастка ахоўнай зоны складае 0,05 га.
Межамі першага ўчастка ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-заходнім фасадам будынка па вул. Быхаўскай, 6, далей ад кута гэтага будынка ў паўднёва-заходнім напрамку (агульная даўжыня 25 м);
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе перпендыкулярна напрамку вул. Быхаўскай ад апошняй кропкі папярэдняй мяжы паралельна паўночна-заходняму фасаду будынка па вул. Быхаўскай, 6 (агульная даўжыня 20 м);
на паўночным усходзе і паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе паралельна напрамку вул. Быхаўскай ад апошняй кропкі папярэдняй мяжы да перасячэння з унутрыквартальным праездам, далей уздоўж унутрыквартальнага праезду да перасячэння з паўночным вуглом паўночна-ўсходняга фасада будынка па вул. Быхаўскай, 6, далей ідзе ў створы з паўночна-ўсходнім фасадам будынка па вул. Быхаўскай, 6.
Плошча другога ўчастка ахоўнай зоны складае 0,18 га.
Межамі другога ўчастка ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе і паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ўздоўж вул. Быхаўскай, ад паўднёвай мяжы ўчастка па вул. Быхаўскай, 12 да ўнутрыдваровага праезду з паўночна-заходняга боку будынка па вул. Быхаўскай, 12, далей ідзе ў перпендыкулярным напрамку вул. Быхаўскай уздоўж праезду на працягу 50 м;
на паўночным усходзе і паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе паралельна напрамку вул. Быхаўскай у створы з агароджай зямельнага ўчастка да паўночнага фасада будынка па вул. Быхаўскай, 12, далей уздоўж паўночнага і паўднёва-ўсходняга фасада будынка да перасячэння з вул. Быхаўскай.
Плошча трэцяга ўчастка ахоўнай зоны складае 0,32 га.
Межамі трэцяга ўчастка ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на ўсходзе і поўначы – лінія, якая ідзе ўздоўж усходняга фасада будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 па агароджы тэрыторыі гэтага будынка ад вул. Чалюскінцаў на працягу 70 м, далей ідзе ў перпендыкулярным напрамку да перасячэння з усходнім фасадам адміністрацыйнага будынка;
на захадзе і поўдні – лінія, якая ідзе ўздоўж усходняга фасада адміністрацыйнага будынка, далей па заходняй агароджы тэрыторыі будынка па вул. Чалюскінцаў, 10, далей ідзе ў перпендыкулярным напрамку ўздоўж паўднёвай агароджы тэрыторыі будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 з боку вул. Чалюскінцаў на працягу 40 м.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя гістарычнага аднаўлення страчаных будынкаў і збудаванняў ці нерэалізаваных праектаў, якія гістарычна звязаны з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;
пракладка інжынерных камунікацый, не звязаных з функцыянаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей;
усталяванне рэкламных канструкцый;
правядзенне будаўнічых і земляных работ без прыняцця мер па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі з выкарыстаннем характэрных гістарычных прыёмаў;
санітарныя рубкі зялёных насаджэнняў.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу забудовы на тэрыторыі, прылеглай да гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 3,2 га.
12. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўдні – лінія, якая ідзе паралельна паўднёвай агароджы тэрыторыі будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 уздоўж вул. Чалюскінцаў ад яе паўднёва-заходняга вугла на працягу 40 м;
на паўночным захадзе – ламаная лінія, якая ідзе па ўнутрыквартальнай тэрыторыі ад апошняй кропкі папярэдняй мяжы да паўднёвага вугла агароджы тэрыторыі жылога дома па вул. Чалюскінцаў, 12, далей уздоўж агароджы да перасячэння з вул. Быхаўскай, далей па бардзюрным камені з паўночнага боку вул. Быхаўскай на працягу 25 м на паўночны захад, затым ідзе ў перпендыкулярным напрамку вул. Быхаўскай да перасячэння з вул. Рынкавы тупік, далей да краю тэрасы над ярам;
на паўночным усходзе – ламаная лінія, якая ідзе па краю тэрасы над ярам да перасячэння з вул. Рынкавы тупік, далей уздоўж паўночна-заходніх фасадаў забудовы рынка да перасячэння з зав. Яравым;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад зав. Яравога па ўнутрыквартальнаму праезду на тэрыторыі рынка, далей на паўночны захад паралельна паўночна-ўсходняму фасаду будынка па вул. Быхаўскай, 6 на працягу 25 м на адлегласці 10 м ад яго, далей у перпендыкулярным напрамку да бардзюрнага каменю з паўночнага боку вул. Быхаўскай, перасякае вул. Быхаўскую і ідзе уздоўж заходняга боку вул. Завадской да вул. Чалюскінцаў;
на поўдні – лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы па вул. Чалюскінцаў ад заходняга боку вул. Завадской да агароджы з усходняга боку тэрыторыі воінскай часткі, далей уздоўж агароджы тэрыторыі воінскай часткі з заходняга і паўночнага боку, далей у паўночна-заходнім напрамку паралельна паўночнаму фасаду будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 на адлегласці 15 м ад яго на працягу 60 м, далей у перпендыкулярным напрамку да перасячэння з бардзюрным каменем з паўночнага боку праезнай часткі вул. Чалюскінцаў.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў;
змяненне планіровачнай структуры, якая гістарычна склалася;
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў вышэй 9 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
рамонт і рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якія не дапускаюць пагаршэнне ўмоў успрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей (вышыня рэканструяваных будынкаў і збудаванняў не павінна быць вышэй за 9 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху);
усталяванне з боку вуліц празрыстай агароджы вышынёй не больш за 1,2 м з выкарыстаннем традыцыйных форм і матэрыялаў;
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі, замена пакрыцця вуліц і сцежак з выкарыстаннем характэрных гістарычных прыёмаў;
пракладка інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
15. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 0,23 га.
16. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляецца лінія, якая ідзе ўздоўж усходняга фасада будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 па агароджы тэрыторыі гэтага будынка ад вул. Чалюскінцаў на працягу 70 м, далей ламаная лінія, якая ідзе па агароджы тэрыторыі воінскай часткі з паўночнага і ўсходняга боку, далей у заходнім напрамку паралельна вул. Чалюскінцаў да ўсходняга вугла агароджы тэрыторыі будынка па вул. Чалюскінцаў, 10 з паўднёвага боку.
17. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
змяненне існуючага рэльефу.
18. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні з выкарыстаннем характэрных гістарычных прыёмаў;
санітарная высечка зялёных насаджэнняў;
пракладка інжынерных камунікацый з аднаўленнем сістэмы добраўпарадкавання.