![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 снежня 2014 г. № 70
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)».
2. Прызнаць страціўшай сілу пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2004 г. № 15 «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».
Першы намеснік Міністра |
І.У.Дрыга |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён) з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «1», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 611Д000363 згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Гліннікам В.В. па заказе ўнітарнага прадпрыемства «Мінскграда».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту, у тым ліку картаграфічнага матэрыялу 1930–1940-х гг. і аэрафотаздымкаў.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах ляснога масіву, у якім адбываліся пакаранні смерцю ахвяр палітычных рэпрэсій і ажыццяўляліся іх пахаванні.
Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена праектам дэтальнага планавання.
Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 26,3 га.
8. Межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – чырвоная лінія паўднёвага боку дарогі Заслаўе–Калодзішчы, якая ідзе на адлегласці шасці метраў ад сучаснага дарожнага палатна;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы па ўсходняй мяжы лесу да ніжняга абрэзу дарожнага палатна Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі (далей – МКАД);
на поўдні – лінія, якая ідзе па ніжнім абрэзе паўночнага схілу насыпу МКАД на захад на адлегласць ста трыццаці пяці метраў, далей паварочвае пад прамым вуглом і, перасякаючы МКАД, ідзе на адлегласць ста метраў, далей паварочвае пад прамым вуглом і ідзе паралельна МКАД да агароджы падземнага вадасховішча;
на захадзе – лінія, якая ідзе па агароджы з усходняга боку падземнага вадасховішча, далей ад вугла агароджы падземнага вадасховішча па ўмоўнай лініі, якая ідзе ў створы з мяжой лесу, далей па мяжы лесу да перасячэння з ахоўнай зонай вадаводаў, па ахоўнай зоне вадаводаў (дзесяць метраў на захад ад крайняга вадаводу) да чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.
На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі;
выкананне работ па ўвекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій;
правядзенне археалагічных даследаванняў;
санітарныя высечкі дрэў і кустоў;
эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўмоў найлепшага яе ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 37,2 га.
11. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад паўночнай чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы па лясной дарозе (просецы) да дарогі на в. Драздова, далей па заходнім краі гістарычнай трасіроўкі дарожнага палатна дарогі на в. Драздова да паўднёвай чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы, далей на ўсход па чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы на поўдзень на адлегласці шэсць метраў ад усходняга краю гістарычнай трасіроўкі дарогі на в. Драздова (каля двухсот сарака метраў ад ляснога масіву), да чырвонай лініі МКАД паўночнага боку, далей на захад па паўночнай чырвонай лініі МКАД да ляснога масіву, далей на поўдзень па мяжы ляснога масіву на адлегласць двухсот метраў;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад мяжы ляснога масіву на захад паралельна МКАД на працягу двухсот метраў да ўсходняга боку агароджы падземнага вадасховішча;
на захадзе – лінія, якая ідзе па агароджы з усходняга і паўночнага бакоў тэрыторыі падземнага вадасховішча, далей па ўмоўнай лініі, якая злучае вугал агароджы тэрыторыі падземнага вадасховішча і кропку на МКАД на перасячэнні дарожнага палатна МКАД і ўмоўнай лініі, якая праходзіць на працягу пяцідзесяці метраў паралельна ўсходняй мяжы ахоўнай зоны вадаводаў да перасячэння з паўночнай чырвонай лініяй дарогі Заслаўе–Калодзішчы.
12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.
13. На тэрыторыі ахоўнай зоны каштоўнасці дазваляецца:
выкананне работ па ўвекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і мерапрыемстваў па ўтрыманні тэрыторыі ў належным санітарным стане;
эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый;
пракладка падземных інжынерных камунікацый, неабходных для эксплуатацыі аб’ектаў увекавечання памяці;
традыцыйнае землекарыстанне (сенакос, палявыя работы, санітарныя высечкі зялёных насаджэнняў і т.п.)
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
14. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання асноўных гістарычных кропак візуальнага ўспрымання помніка гісторыі.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў аднолькавага рэжыму ўтрымання.
Агульная плошча зоны рэгулявання забудовы складае 38,1 га.
15. Першы ўчастак зоны рэгулявання забудовы размешчаны з заходняга боку ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы складае 18,1 га.
16. Межамі першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад берага р. Цна па чырвонай лініі з паўднёвага боку дарогі Заслаўе–Калодзішчы да ахоўнай зоны;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па мяжы ахоўнай зоны, далей па мяжы зоны аховы ландшафту;
на поўдні – лінія, якая ідзе па мяжы забудовы ад зоны аховы ландшафту да берага р. Цна;
на захадзе – лінія, якая ідзе па беразе р. Цна.
17. Другі ўчастак зоны рэгулявання забудовы размешчаны з усходняга боку ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы складае 20,0 га.
18. Межамі другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе па чырвонай лініі з паўднёвага боку дарогі Заслаўе–Калодзішчы, ад ахоўнай зоны да чырвонай лініі вул. Мірашнічэнкі;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па чырвонай лініі вул. Мірашнічэнкі, ад чырвонай лініі дарогі Заслаўе–Калодзішчы да дарожнага палатна Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі;
на поўдні – лінія, якая ідзе па дарожным палатне Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі да ахоўнай зоны;
на захадзе – лінія, якая ідзе па мяжы ахоўнай зоны.
19. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.
20. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў з тэхніка-эканамічнымі параметрамі, вызначанымі праектамі дэтальнага планавання прылеглых тэрыторый, не вышэй за існуючы будынак ГРК «Экспабел» па вул. Мірашнічэнкі;
рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў без павелічэння павярховасці;
пракладка інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
21. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Зона аховы ландшафту займае тэрыторыю з паўднёва-заходняга боку ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 35,6 га.
22. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе па межах ахоўнай зоны і зоны рэгулявання забудовы;
на ўсходзе, поўдні, захадзе – лінія, якая ідзе па мяжы ляснога масіву.
23. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
змяненне характару ландшафту.
24. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі;
пракладка інжынерных камунікацый;
санітарная высечка зялёных насаджэнняў.
|
Дадатак да праекта зон аховы |
Схема межаў і рэжымаў утрымання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)»