![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 верасня 2013 г. № 62
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла байцоў зводнага батальёна міліцыі з помнікам у іх гонар (1941 год, 1980 год) у в. Гаі Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла байцоў зводнага батальёна міліцыі з помнікам у іх гонар (1941 год, 1980 год) у в. Гаі Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова 03.09.2013 № 62 |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла байцоў зводнага батальёна міліцыі з помнікам у іх гонар (1941 год, 1980 год) у в. Гаі Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла байцоў зводнага батальёна міліцыі з помнікам у іх гонар (1941год, 1980 год) у в. Гаі Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Брацкая магіла байцоў зводнага батальёна міліцыі з помнікам у іх гонар (1941 год, 1980 год) у в. Гаі Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Д000489 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гiсторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны ўнітарным вытворчым камунальным прадпрыемствам «Цэнтр па рэстаўрацыі» па заказе камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўзелянбуд».
4. Праект зон аховы выкананы з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу сфарміраванай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе навакольнага гістарычнага асяроддзя, а таксама з умоў яе найлепшага ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 0,19 га.
8. Межамі тэрыторыі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе паралельна паўночнай мяжы пляцоўкі, на якой размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць на адлегласці 5,9 м ад пляцоўкі;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе паралельна ўсходняй мяжы пляцоўкі на адлегласці 21,9 м ад яе; далей лінія, якая ідзе паралельна ўсходняй падпорнай сцяне-контрфорсу на адлегласці 5,9 м ад яе; далей лінія, якая ідзе паралельна дарожцы, якая вядзе да гісторыка-культурнай каштоўнасці на адлегласці 5,0 м ад яе;
на поўдні – лінія, якая ідзе ўздоўж бартавога каменю праезнай часткі дарогі;
на захадзе – лінія, якая ідзе паралельна дарожцы, якая вядзе да помніка на адлегласці 5,0 м ад яе; далей лінія, якая ідзе паралельна заходняй падпорнай сцяне-контрфорсу на адлегласці 5,9 м ад яе; далей лінія, якая ідзе паралельна заходняй мяжы пляцоўкі на адлегласці 9,4 м ад яе.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
новае будаўніцтва;
устаноўка буйнапамерных рэкламных канструкцый.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
11. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 0,56 га.
12. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе паралельна мяжы ахоўнай зоны на адлегласці 15,0 м ад яе;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па заходнім краі грунтавой дарогі;
на поўдні – лінія, якая ідзе ўздоўж бартавога каменю праезнай часткі дарогі;
на захадзе – лінія, якая ідзе паралельна мяжы ахоўнай зоны на адлегласці 15,0 м ад яе, далей лінія, якая ідзе паралельна мяжы ахоўнай зоны на адлегласці 9,7 м ад яе.
13. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
змяненне характару ландшафту.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
добраўпарадкаванне і азеляненне, якое не скажае існуючы характар тэрыторыі;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый;
санітарная высечка зялёных насаджэнняў.