Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 18.05.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

15 кастрычніка 2024 г. № 146

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынкі былой сядзібы: сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынкі былой сядзібы: сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці (дадаецца).

2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
15.10.2024 № 146

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынкі былой сядзібы: сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынкі былой сядзібы: сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Будынкі былой сядзібы: сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Г000214.

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Вашкевічам Аляксандрам Сяргеевічам па заказе агракамбіната «Туча» – філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «МІНСК КРЫШТАЛЬ» – кіруючая кампанія холдынгу «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах гістарычнай часткі тэрыторыі былой сядзібы з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.

7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.

8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўночны захад уздоўж драўляных насаджэнняў і сельскагаспадарчага ўчастка праз кропкі 2–3 да кропкі 4;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на поўнач уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для размяшчэння і абслугоўвання артэзіянскай свідравіны і воданапорнай вежы праз кропкі 5–6 да кропкі 7; далей на захад уздоўж паўднёвага боку мясцовага праезду да кропкі 8; далей на поўнач уздоўж заходняга боку гістарычнай алеі дрэў да кропкі 9; далей на ўсход уздоўж мяжы зямельных участкаў па вул. Ланьскай да кропкі 10; далей на поўнач уздоўж мяжы зямельных ўчасткаў па вул. Ланьскай, 5, 3 праз кропку 24 да кропкі 11;

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на ўсход да кропкі 12; далей на паўднёвы ўсход праз кропкі 13–14–15–16 да кропкі 17; далей уздоўж мяжы зямельных участкаў па вул. Ланьскай да кропкі 18 (да адхону дарогі);

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на паўднёвы захад па паўночна-заходняй лініі адхону дарогі да кропкі 1.

9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану, дэмантаж будынкаў і збудаванняў гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне яе аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння, пагаршэнне ўмоў успрымання;

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама будаўніцтва новых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану аб’ектаў каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя (будынак дома для рабочых);

навукова неабгрунтаванае змяненне архітэктурна-планіровачнай кампазіцыі былога парку, змяненне рэльефу і характару ландшафту, правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, якія пагоршаць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, без уліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;

размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;

будаўніцтва дадатковых транспартных камунікацый, акрамя рамонту існуючых праездаў і пад’ездаў да гісторыка-культурнай каштоўнасці;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў);

правядзенне земляных, будаўнічых і меліярацыйных работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкуламі 129, 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.

Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.

11. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 уздоўж мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 15–16–17 да кропкі 18; далей на паўночны ўсход па паўночна-заходняй лініі адхону дарогі да кропкі 19; далей на паўночны захад уздоўж мяжы сельскагаспадарчага ўчастка да кропкі 14.

12. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на захад уздоўж мяжы ахоўнай зоны да кропкі 9; далей уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Ланьскай да кропкі 20;

на захадзе, поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 20 уздоўж межы зямельных участкаў па вул. Ланьскай праз кропкі 21–22–23 да кропкі 24;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 24 на поўдзень уздоўж мяжы ахоўнай зоны да кропкі 10.

13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;

усталяванне па межах прылеглых зямельных участкаў агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

14. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя і прыродных панарам наваколля, гістарычна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

15. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на захад уздоўж паўднёвага боку мясцовага праезду і мяжы сельскагаспадарчага ўчастка праз кропку 25 да кропкі 26;

на захадзе, паўночным захадзе, поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 26 па мяжы сельскагаспадарчага ўчастка праз кропкі 27–28–29–30 да кропкі 11;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 уздоўж мяжы ахоўнай зоны і мяжы другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы праз кропкі 24–23–22–21 да кропкі 20; далей на паўднёвы ўсход да кропкі 9; далей на поўдзень уздоўж мяжы ахоўнай зоны да кропкі 8.

16. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя збудаванняў рэкрыяцыйнага прызначэння;

змяненне гістарычнага прыроднага характару ландшафту і рэльефу, акрамя работ па ачыстцы берагоў і дна былых вадаёмаў, аднаўлення гістарычных сажалак, умацаванні схілаў і іншых аналагічных работ;

будаўніцтва дадатковых транзітных транспартных камунікацый;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Будынкі былой сядзібы:
сядзібны дом, свіран» у в. Янавічы
Клецкага раёна Мінскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.