![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 кастрычніка 2024 г. № 151
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Першамайскай, 125 у г. Магілёве Магілёўскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Першамайскай, 125 у г. Магілёве Магілёўскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Першамайскай, 125 у г. Магілёве Магілёўскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Першамайскай, 125 у г. Магілёве Магілёўскай вобласці (далей – праект зон аховы), распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Будынак» па вул. Першамайскай, 125 у г. Магілёве Магілёўскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Г000043.
3. Праект зон аховы распрацаваны навукова-даследчым праектна-вышукальным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Інстытут «Белжылпраект» па заказе дзяржаўнай установы «ГАЛОЎНАЕ ГАСПАДАРЧАЕ УПРАЎЛЕННЕ» КІРАЎНІЦТВА СПРАВАМІ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўночны захад праз кропку 2 уздоўж існуючай металічнай агароджы да кропкі 3;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на паўночны ўсход уздоўж існуючай металічнай агароджы да кропкі 4;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўднёвы ўсход уздоўж існуючай металічнай агароджы да кропкі 5, далей праз кропкі 6–7 уздоўж існуючай цаглянай агароджы і фасадаў дысаніруючай забудовы па вул. Першамайскай, 125/1 да кропкі 8;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўднёвы захад па мяжы зямельнага ўчастка ўздоўж існуючай цаглянай агароджы і паўднёва-ўсходняга фасада гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропку 9 уздоўж існуючай металічнай агароджы да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне яе аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных рашэнняў, пагаршэнне ўмоў успрымання;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя будаўніцтва падземных інжынерных камунікацый ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі, без уліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
усталяванне агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў (у тым ліку па межах прылеглых зямельных участкаў).
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.
11. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на паўночны ўсход у створы з мяжой зямельнага ўчастка шматкватэрнага жылога дома па вул. Першамайскай, 119А да кропкі 10;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на паўднёвы ўсход уздоўж межаў зямельных ўчасткаў жылых дамоў па вул. Першамайскай, 119А, 119 праз кропкі 11–12 да кропкі 13;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на паўднёвы захад уздоўж паўночна-заходняга боку тратуару па вул. Бялінскага да кропкі 14;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку тратуару па вул. Першамайскай да кропкі 15.
12. На тэрыторыі першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
рэканструкцыя шэраговай гістарычнай забудовы з павелічэннем параметраў будынкаў па вул. Першамайскай, 119, 119А, а таксама неабгрунтаванае змяненне аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных рашэнняў фасадаў гэтых будынкаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;
усталяванне агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і (або) без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.
13. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 па мяжы зямельнага ўчастка блакіраванага жылога дома па вул. Першамайскай, 127 праз кропкі 18–19–20 да кропкі 17.
14. На тэрыторыі другога участка зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;
усталяванне па межах прылеглых зямельных участкаў агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
15. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага ландшафту і найлепшага візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
16. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку тратуару вул. Першамайскай да кропкі 16;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на паўночны ўсход праз кропку 1 уздоўж мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны да кропкі 9;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на паўднёвы ўсход у створы з мяжой зямельнага ўчастка шматкватэрнага жылога дома па вул. Першамайскай, 123 да кропкі 10;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на паўднёвы захад уздоўж мяжы першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы да кропкі 15.
17. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў);
змяненне гістарычнага характару ландшафту і рэльефу;
добраўпарадкаванне і азеляненне, якія пагаршаюць умовы візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых і архітэктурных асаблівасцей гісторыка-культурнай каштоўнасці.