Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 18.05.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

6 верасня 2024 г. № 134

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы сядзібны дом» у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы сядзібны дом» у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці (дадаецца).

2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь

06.09.2024 № 134

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы сядзібны дом» у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы сядзібны дом» у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці (далей – праект зон аховы), распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Былы сядзібны дом» у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Г000491.

3. Праект зон аховы распрацаваны навукова-даследчым праектна-вышукальным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Інстытут «Белжылпраект» па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання гісторыка-краязнаўчага музея і сельскага выканаўчага камітэта, якія размешчаны ў гісторыка-культурнай каштоўнасці.

7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па контуры мэтавага зямельнага ўчастка ад кропкі 1 праз кропкі 2–3–4 да кропкі 1.

8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці, дзейнасць, якая прыводзіць да пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні яе аб’ёмна-прасторавых, архітэктурных і канструктыўных элементаў.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У ахоўную зону ўваходзіць тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.

10. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на поўдзень праз кропкі 3–4 па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі 5;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на захад да кропкі 6; далей на поўдзень да кропкі 7; далей на захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 6 да кропкі 8;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на поўнач уздоўж усходняга боку вул. Набярэжнай да кропкі 9; далей на паўночны захад праз кропку 10 да кропкі 11; далей на поўнач перпендыкулярна вул. Паркавай да кропкі 12;

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на ўсход у створы з паўночнай мяжой зямельных участкаў па вул. Паркавай 16, 18, 20 да кропкі 13; далей на поўнач уздоўж паўночна-ўсходняга боку мясцовага праезду да кропкі 14; далей на паўночны ўсход у створы з мяжой зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 2 да кропкі 15.

11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

знішчэнне і прычыненне шкоды каштоўнаму гісторыка-архітэктурнаму асяроддзю – памятнаму знаку ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя будаўніцтва новых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурнай каштоўнасці ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;

размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;

добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;

змена трасіроўкі і шырыні частак гістарычных вуліц Паркавай і Набярэжнай, акрамя аднаўлення гістарычных габарытаў цэнтральнага партэра перад сядзібным домам;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.

Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.

13. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку мясцовага праезду да кропкі 18;

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 2А да кропкі 17;

на усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для вядзення лясной гаспадаркі праз кропку 16 да кропкі 15;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 па мяжы ахоўнай зоны да кропкі 14.

14. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на поўнач уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 7 і паўночна-ўсходняга боку вул. Набярэжнай да кропкі 8;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 па мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 7–6 да кропкі 5;

на усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўднёвы ўсход па верхнім краі адхону да кропкі 19;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 19 на паўднёвы захад да кропкі 20; далей уздоўж мяжы зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 7 да кропкі 21.

15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 8 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў);

усталяванне па межах прылеглых зямельных участкаў агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

16. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя і прыродных панарам наваколля, візуальна звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Зона аховы ландшафту складаецца з двух участкаў.

17. Мяжой першага ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на паўднёвы захад уздоўж вул. Паркавай да кропкі 26;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 26 уздоўж вул. Маладзёжнай у створы з мяжой зямельнага ўчастка па вул. Маладзёжнай, 4 да кропкі 25;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 25 у створы з межамі зямельных участкаў па вул. Маладзёжнай, 10 і вул. Набярэжнай, 9 да кропкі 24;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 24 на поўнач уздоўж вул. Набярэжнай праз кропку 10 па мяжы ахоўнай зоны да кропкі 11.

18. На тэрыторыі першага ўчастка зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя збудаванняў рэкрыяцыйнага прызначэння;

правядзенне добраўпарадкавання з прымяненнем матэрыялаў, не ўласцівых гістарычнаму характару;

змяненне прыроднага ландшафту ўздоўж берагоў вадаёма;

павелічэнне параметраў існуючай танцпляцоўкі па вул. Набярэжнай;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).

19. Мяжой другога ўчастка зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:

на захадзе, паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 22 на поўнач уздоўж усходняга боку вул. Набярэжнай да кропкі 21; далей уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы другога ўчастка праз кропку 20 да кропкі 19; далей праз кропкі 5–4–3–15 да кропкі 16;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для вядзення лясной гаспадаркі і зямельнага ўчастка для вядзення сельскай гаспадаркі да кропкі 23;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на захад у створы з паўночнай мяжой зямельнага ўчастка па вул. Набярэжнай, 8 да кропкі 22.

20. На тэрыторыі другога ўчастка зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў;

змяненне гістарычнага характару ландшафту і рэльефу;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Былы сядзібны дом»
у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага
раёна Магілёўскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.