![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 верасня 2024 г. № 135
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс касцёла св. Ганны» па зав. Школьнаму, 4 у аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс касцёла св. Ганны» па зав. Школьнаму, 4 у аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс касцёла св. Ганны» па зав. Школьнаму, 4 у аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс касцёла св. Ганны» па зав. Школьнаму, 4 у аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Комплекс касцёла св. Ганны» па зав. Школьнаму, 4 у аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413Г000376.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе прыходу касцёла Святой Ганны ў аг. Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах мэтавага зямельнага ўчастка для ўтрымання і абслугоўвання будынка касцёла.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на поўнач па вонкавым боку агароджы касцёла да кропкі 2;
на поўначы – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на паўднёвы ўсход па вонкавым боку агароджы касцёла праз кропкі 3–4 да кропкі 5;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на поўдзень па вонкавым боку агароджы касцёла да кропкі 6;
на поўдні – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на захад па вонкавым боку агароджы касцёла праз кропкі 7–8 да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану, дэмантаж будынкаў і збудаванняў гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне яе аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння, пагаршэнне ўмоў успрымання;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама будаўніцтва новых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;
размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
правядзенне земляных, будаўнічых і меліярацыйных работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкуламі 129, 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з чатырох участкаў.
11. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на поўнач паралельна паўночнага боку зав. Школьнага праз кропку 10 да кропкі 11;
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на паўднёвы ўсход да перакрыжавання з зав. Школьным да кропкі 12;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 ўздоўж зав. Школьнага на паўднёвы захад да кропкі 13;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 да кропкі 9.
12. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на поўнач паралельна паўднёвага боку зав. Школьнага да кропкі 15;
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на паўднёвы ўсход да кропкі 16;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 па межах зямельных участкаў па зав. Камсамольскаму, 3, 2, зав. Школьнаму, 2А да кропкі 17;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 на захад да перакрыжавання з зав. Школьным да кропкі 14.
13. Мяжой трэцяга ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 уздоўж зав. Камсамольскага да кропкі 19;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 19 па межах зямельных участкаў па зав. Камсамольскаму, 5, вул. Камсамольскай, 10А да кропкі 20;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 20 па межах зямельных участкаў па вул. Камсамольскай, 10А, 8, 6 да кропкі 21;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на паўночны захад да кропкі 18.
14. Мяжой чацвёртага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на ўсходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ад кропкі 25 па ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка па зав. Школьнаму, 6 да кропкі 26; далей праз кропкі 27–28 па заходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Камсамольскай, 18 да кропкі 29;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 29 на паўднёвы захад уздоўж паўночнага боку вул. Камсамольскай да кропкі 30;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 30 па межах зямельных участкаў па вул. Камсамольскай, 12, 6 да кропкі 22; далей праз кропкі 23–24 па заходняй мяжы зямельнага ўчастка па зав. Школьнаму, 6 да кропкі 25.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне вышыні больш за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчака даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі, за выключэннем аб’ектаў, якія забяспечваюць спрыяльнае і бяспечнае асяроддзе жыццядзейнасці насельніцтва.