![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 верасня 2023 г. № 129
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Касцёл Увазнясення Святой Дзевы Марыі» па вул. Савецкай, 39 у г. Пружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Касцёл Увазнясення Святой Дзевы Марыі» па вул. Савецкай, 39 у г. Пружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Касцёл Увазнясення Святой Дзевы Марыі» па вул. Савецкай, 39 у г. Пружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Касцёл Увазнясення Святой Дзевы Марыі» па вул. Савецкай, 39 у г. Пружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Касцёл Увазнясення Святой Дзевы Марыі» па вул. Савецкай, 39 у г. Пружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Г000591.
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе рэлігійнай абшчыны «Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Пружаны Брэсцкай вобласці».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зону рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і зону аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту), іх межы і рэжымы ўтрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ.
АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў межах агароджы касцёла.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання. Ахоўная зона ўключае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і незабудаваную тэрыторыю на поўдзень ад гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па паўднёвай мяжы прыватнага участка па вул. Савецкай, 41 ад кропкі 1 да кропкі 2;
на ўсходзе – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе ад кропкі 2 на поўдзень да кропкі 3;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па паўночнай мяжы прыватнага ўчастка па вул. Савецкай, 35 ад кропкі 3 на захад да кропкі 4;
на захадзе – умоўная ламаная лінія, якая згодна з дадаткам ідзе ад кропкі 4 на поўнач праз кропкі 5 і 6 да кропкі 1.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
правядзенне ўсіх відаў новага будаўніцтва, акрамя рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры і пракладкі падземных інжынерных камунікацый, рамонту або рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі (у тым ліку ўсталяванне малых архітэктурных формаў) без уліку характару гістарычнага асяроддзя, захавання гістарычнай планіровачнай структуры і без выкарыстання пры правядзенні работ гістарычных прыёмаў і матэрыялаў;
уладкаванне знешняга асвятлення, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці, без уліку характару гістарычнага асяроддзя;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы і іншых інфармацыйных указальнікаў, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, прылеглай да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.
11. Мяжой зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная ламаная лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па паўночнай мяжы прыватных участкаў па вул. Савецкай, 43 і 45 ад кропкі 7 праз кропкі 8-9-10 да кропкі 11;
на ўсходзе – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе на поўдзень па лініі забудовы вул. Савецкай, 25, 27, 29, 31, 33, 35, 39, 41, 43 і 45 ад кропкі 11 да кропкі 12;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе на захад па паўднёвай мяжы прыватнага ўчастка па вул. Савецкай, 25 ад кропкі 12 да кропкі 13;
на захадзе – умоўная ламаная лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па заходняй мяжы прыватных участкаў па вул. Савецкай, 25, 27, 29, 31, 33, 35, 39, 41, 43 і 45 ад кропкі 13 праз кропкі 14-15-16 да кропкі 7.
12. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
размяшчэнне прамысловых і складскіх будынкаў і збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі і (або) забруджваюць паветраны і водны басейны, і (або) з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
новае будаўніцтва без выкарыстання гістарычнага модуля па працягласці фасадаў і вышэй за 7 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 1 паверхі з мансардай – 2 паверхі) з захаваннем маштабу і параметраў навакольнай забудовы;
рэканструкцыя існуючай забудовы з павелічэннем вышыні будынкаў больш за 7 м;
усталяванне з боку гарадскіх вуліц непразрыстай і вырабленай з нетрадыцыйных для рэгіёну матэрыялаў агароджы вышынёй больш за 1,2 м.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
13. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое гістарычна склалася і мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
14. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па левым беразе канала Вец ад кропкі 14 на паўночны захад да кропкі 17;
на паўночным захадзе і поўначы – умоўная ламаная лінія, якая згодна з дадаткам ідзе на ўсход па мяжы агароджы гарадскога парка ад кропкі 17 праз кропкі 18-19 да кропкі 20;
на ўсходзе – умоўная прамая лінія, якая згодна з дадаткам ідзе на поўдзень па лініі забудовы вул. Савецкай, 45, 43 і 41 ад кропкі 20 да кропкі 11;
на поўдні і паўднёвым усходзе – умоўная ламаная лінія, якая згодна з дадаткам ідзе па мяжы зоны рэгулявання забудовы ад кропкі 11 да кропкі 14.
15. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных інжынерных камунікацый і абслугоўвання існуючых;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб аб’ектах расліннага свету, а таксама акрамя санітарных рубак);
пракладка транспартных камунікацый.