Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 26.08.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

11 лютага 2020 г. № 9

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў» у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў» у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

Ю.П.Бондар

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
11.02.2020 № 9

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў» у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў» у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў: сядзібны дом, фрагменты парку, агароджы і бруку сядзібы, два флігелі, руіны вінакурні, дзве стайні, руіны аранжарэі, падмуркі дома ўпраўляючага, кладоўка, гумно, руіны лядоўні, капліца, агароджа капліцы, брама, стаў (ХІХ–ХХ стагоддзі) у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 112Г000473 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».

3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказу аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта.

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлена тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы і зона аховы ландшафту.

Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў» у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўключае гістарычную тэрыторыю сядзібы, на якой знаходзіцца сядзібны дом, фрагменты парку, агароджы і бруку сядзібы, два флігелі, брама, вінакурня, дзве стайні, аранжарэя, дом упраўляючага, кладоўка, гумно, лядоўня, а таксама капліца, агароджа капліцы і двор капліцы-пахавальні, невядомыя падмуркі, падмуркі першай капліцы, гістарычны стаў.

Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца з дзвух участкаў.

Агульная плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 19,1 га.

8. Межамі першага ўчастка тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-заходняй часткай агароджы сядзібы ўздоўж паўночна-ўсходняй абочыны дарогі на в. Пашкоўцы на працягу 160 м;

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ў перпендыкулярным напрамку да дарогі на в. Пашкоўцы на паўночны ўсход ўздоўж заходняй часткі агароджы сядзібы да кропкі № 15, якая знаходзіцца на адлегласці 20 м ад берага ставу, далей уздоўж берага на адлегласці 20 м ад яго, далей перпендыкулярна да паўночна-заходняй абочыны галоўнай алеі сядзібы і ўздоўж яе на працягу 20 м па кропкам № 16, 17 да кропкі № 18;

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе перпендыкулярна галоўнай алеі сядзібы ад яе паўночна-заходняй абочыны на працягу 80 м і праходзіць з боку паўночнага фасаду гумна (ад кропкі № 19 да кропкі № 20);

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ў перпендыкулярным напрамку дарогі на в. Пашкоўцы на паўночны ўсход ад паўднёвага вугла агароджы сядзібы на працягу каля 210 м, далей уздоўж берага става на адлегласці 20 м ад яго, далей па лініі, якая ідзе паралельна галоўнай алеі сядзібы на працягу каля 70 м і праходзіць уздоўж усходняга фасаду дысгарманічнага будынка з боку ўсходняга фасаду гумна (ад кропкі № 21 да кропкі № 22).

9. Межамі другога ўчастка тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца лініі, якія праходзяць па агароджы капліцы-пахавальні Рэйтанаў.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

10. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з умоў фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання. Ахоўная зона ўключае частку былой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, участак дарогі на в. Пашкоўцы, пад’езд да капліцы-пахавальні Рэйтанаў і зону вакол яе тэрыторыі.

Ахоўная зона складаецца з чатырох участкаў.

Агульная плошча ахоўнай зоны складае 26,68 га.

11. Мяжамі першага ўчастка ахоўнай зоны з’яўляецца ламаная лінія, якая ідзе ў перпендыкулярным напрамку ад дарогі на в. Пашкоўцы на паўночны ўсход з паўднёва-ўсходняга боку жылой забудовы в. Грушаўка, далей ідзе ў паўднёва-ўсходнім напрамку на працягу 60 м, далей праходзіць перпендыкулярена і ідзе да перасячэння з праезнай часткай дарогі на в. Пашкоўцы (ад кропкі № 10 да кропкі № 25).

12. Другі ўчастак ахоўнай зоны ўключае тэрыторыю на адлегласці 4 м абапал дарогі паміж сядзібай і дарогай Ляхавічы-Пашкоўцы ад дарогі Ляхавічы-Нача да в. Пашкоўцы (ад кропак № 8, 9 да кропак № 23, 24).

13. Трэці ўчастак ахоўнай зоны ўключае:

тэрыторыю на адлегласці 4 м вакол дарогі на капліцу-пахавальню Рэйтанаў;

тэрыторыю на адлегласці 10 м вакол агароджы капліцы-пахавальні, уключая тэрыторыю другога ўчастка тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці – зямельны ўчастак капліцы-пахавальні;

тэрыторыю на адлегласці 4 м абапал рэшткаў старой дарогі, якая знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад капліцы-пахавальні (тэрыторыя, абмежаваная кропкамі № 1–7).

14. Чацвёрты ўчастак ахоўнай зоны ўключае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці.

15. На тэрыторыі першага, другога і трэццяга ўчасткаў ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўленчай рэканструкцыі элементаў кампазіцыі сядзібы і малых архітэктурных форм, якія гістарычна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў адпаведнасці з архіўна-бібліяграфічнымі матэрыяламі;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні, аднаўленні і азеляненні тэрыторыі без выканання таксацыі насаджэнняў і без выкарыстання характэрных гістарычных прыёмаў;

страта аўтэнтычнага «брукавага» пакрыцця гістарычных вуліц, якія захаваліся;

пракладка інжынерных камунікацый з пашкоджаннем зялёных насаджэнняў і «брукавага» пакрыцця гістарычных вуліц;

змена трасіроўкі і шырыні гістарычных вуліц;

змена характару ландшафту;

высечка старых дрэў (узрост 80 гадоў і болей);

пракладка новых вуліц і дарог.

16. На тэрыторыі чацвёртага ўчастка ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўленчай рэканструкцыі элементаў сядзібы (абавязкова на месцы іх ранейшага існавання) і малых архітэктурных форм, якія гістарычна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, на падставе навукова-праектнай дакументацыі, узгодненай з Міністэрствам культуры;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці і якія тэматычна не звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю;

правядзенне будаўнічых і земляных работ без прыняцця мер па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні, аднаўленні і азеляненні тэрыторыі без выканання таксацыі насаджэнняў, без выкарыстання характэрных гістарычных прыёмаў і не ў адпаведнасці з гісторыка-архіўнымі і бібліяграфічнымі матэрыяламі;

высечка дрэў (акрамя санітарных рубак);

страта аўтэнтычнага «брукавага» пакрыцця;

пракладка інжынерных камунікацый, якія не звязаны з выкарыстаннем гісторыка-культурнай каштоўнасці;

уладкаванне знешняга асвятлення, якое вядзе да пагаршэння ўмоў ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

работы, якія вядуць да павелічэння аб’емна-прасторавага рашэння існуючых дысгарманічных будынкаў (неабходна забяспечыць паэтапны вынас дысгарманічных будынкаў).

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

17. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гістарычна абумоўленай сістэмы планіроўкі, архітэктурнага, прыроднага акружэння і прасторавай структуры для замацавання значэння гісторыка-культурнай каштоўнасці ў антрапагенным і (або) прыродным асяроддзі, стварэння неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Складаецца з дзвух ўчасткаў.

Агульная плошча зоны рэгулявання забудовы складае 5,74 га.

18. Межамі першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходняму боку дарогі на вёску Пашкоўцы (ад кропкі № 10 на паўночны захад на працягу 130 м);

на паўночным захадзе – ламаная лінія, якая ідзе перпендыкулярна праезнай часткі дарогі на вёску Пашкоўцы ў паўночна-ўсходнім напрамку на працягу 58 м;

на паўднёвым усходзе і поўначы – ламаная лінія, якая ідзе перпендыкулярна праезнай часткі дарогі на вёску Пашкоўцы ў паўночна-ўсходнім напрамку і супадае з мяжой прыватнай забудовы в. Грушаўка (ад кропкі № 10, праз кропкі № 11, 12).

19. Межамі другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ў перпендыкулярным напрамку дарогі на в. Пашкоўцы на паўночны ўсход ад паўднёвага вугла агароджы сядзібы на працягу каля 150 м да берага става (ад кропкі № 21);

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе па паўночна-заходняму берагу вадаскіднага каналу ад праезнай часткі дарогі на в. Пашкоўцы да паўднёвага берага става.

20. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад і мастоў;

змяненне існуючага рэльефа;

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыя існуючай забудовы без выкарыстання традыцыйных будаўнічых матэр’ялаў (дрэва, палявы камень, цэгла, гонт, бляха, драўляная шалёўка сцен), памераў будынкаў (памеры ў плане 7–8 х 10–12 м, вышыня не больш за 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху) і без характэрных архітэктурных прыёмаў;

усталяванне з боку вуліц агароджы вышынёй больш за 1,2 м светапразрыстасцю меней за 50 працэнтаў без выкарыстання традыцыйных форм і матэрыялаў;

усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

21. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Зона аховы ланшафту складаецца з трох участкаў.

Агульная плошча зоны аховы ландшафту складае 89,23 га.

22. Межамі першага ўчастка зоны аховы ландшафту з’яўляецца:

на поўначы – лінія, якая праходзіць па паўднёвай абочыне дарогі Ляхавічы-Нача;

на захадзе – лінія, якая супадае з узлескам лясного масіву;

на поўдні – лінія, якая супадае з паўночна-ўсходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы і другога ўчастка ахоўнай зоны;

на ўсходзе – лінія, якая ідзе па паўночна-заходняй мяже першага ўчастка тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, далей па заходняй мяже другога ўчастка ахоўнай зоны.

23. Межамі другога ўчастка зоны аховы ландшафту з’яўляецца:

на поўначы – лінія, якая праходзіць па паўднёвай абочыне дарогі Ляхавічы-Нача;

на захадзе – лінія, якая супадае з паўднёва-ўсходняй межай першага ўчастка тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;

на ўсходзе – лінія, якая ідзе па заходняму берагу вадаскіднага каналу, далей па мяжы няўдобіцы;

на поўдні – лінія, якая супадае з паўночна-ўсходняй абочынай дарогі на в. Пашкоўцы.

24. Межамі трэццяга ўчастка зоны аховы ландшафту з’яўляецца:

на паўночным захадзе – ламаная лінія, якая праходзіць на адлегласці 50 м ад паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй мяжы пятага участка ахоўнай зоны;

на паўднёвым захадзе і поўдні – ламаная лінія, якая ідзе па ўзлеску ляснога масіву, далей па паўночна-заходняму берагу вадаскіднага каналу;

на поўначы і паўночным захадзе – лінія, якая супадае з паўднёва-заходняй абочынай дарогі на в. Пашкоўцы.

25. У зоне аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя элементаў добраўпарадкавання і азелянення;

высечка старых дрэў (узрост 80 гадоў і болей, акрамя санітарных рубак);

змяненне існуючага рэльефу.

 


 

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.