![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 лютага 2020 г. № 12
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Паштовая станцыя» ў в. Лакуці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Паштовая станцыя» ў в. Лакуці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Ю.П.Бондар |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Паштовая станцыя» ў в. Лакуці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Паштовая станцыя» ў в. Лакуці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Будынак паштовай станцыі з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 512Г000576 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Навукова-праектны цэнтр «Рэстабіліс» па заказе ДЭУ-71 рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог «Магілёўаўтадар».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Паштовая станцыя» ў в. Лакуці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена з мэтай яе лакалізацыі на мясцовасці.
8. Плошча ўчастка складае 0,2 га.
9. Межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі «11» (54°07'12.14''N; 30°27'31.78''Е), якая знаходзіцца на скрыжаванні ўмоўных ліній, што ляжаць у створы з заходнім фасадам станцыйнага дома і паўночным фасадам флігеля, на ўсход на адлегласць каля 58,5 м да кропкі «12» (54°07'12.18''N; 30°27'35.00''Е), якая ляжыць на мяжы зямельнага ўчастка;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «12» у паўднёвым накірунку па ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка на адлегласць каля 33,5 м да кропкі «9» (54°07'11.10''N; 30°27'35.01''Е), якая ляжыць на скрыжаванні з умоўнай лініяй, якая праходзіць паралельна паўночнаму фасаду станцыйнага дома на адлегласці каля 9 м;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі «9» у заходнім накірунку па ўмоўнай лініі, якая праходзіць паралельна паўночнаму фасаду станцыйнага дома на адлегласці каля 9 м, на адлегласць каля 57 м да кропкі «10» (54°07'11.02''N; 30°27'31.87''Е), якая знаходзіцца ў створы з заходнім фасадам станцыйнага дома;
на захадзе – лінія, якая праходзіць ад кропкі «10» у паўночным накірунку ў створы з заходнім фасадам станцыйнага дома на адлегласць каля 35 м да кропкі «11».
10. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
11. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
12. Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 1,3 га.
13. Межамі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі «1» (54°07'13.44''N; 30°27'29.53''Е), што ляжыць на перакрыжаванні ўсходняга боку ўзбочыны шашы М-8 і ўмоўнай лініі, якая праходзіць на захад у створы з паўночным бокам агароджы зямельнага ўчастка, на ўсход на адлегласць каля 50 м да кропкі «15» (54°07'13.53''N; 30°27'32.26''Е); далей – на поўдзень паралельна ўзбочыне шашы М-8 на адлегласць каля 36 м да кропкі «14» (54°07'12.36''N; 30°27'32.36''Е), якая ляжыць на перакрыжаванні з умоўнай лініяй, што праходзіць паралельна паўночнай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, на адлегласці каля 8 м да яе; далей – на ўсход паралельна паўднёваму боку тэрыторыі каштоўнасці да кропкі «13» (54°07'12.44''N; 30°27'34.92''Е), якая ляжыць на ўсходнім баку агароджы зямельнага участка;
на ўсходзе – лінія, якая праходзіць на поўдзень у створы з усходнім бокам агароджы, ад кропкі «13» да кропкі «12»; далей – на захад па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі «9»; далей – на поўдзень у створы з усходнім бокам агароджы на адлегласць каля 8 м да кропкі «8» (54°07'10.84''N; 30°27'35.05''Е), якая ляжыць на паўднёва-ўсходнім вугле агароджы;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі «8» паралельна паўднёвай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі «7» (54°07'10.80''N; 30°27'32.46''Е), якая ляжыць на ўмоўнай лініі, што праходзіць паралельна ўзбочыне шашы М-8 на адлегласці каля 50 м ад яе; далей – на поўдзень паралельна ўсходняй узбочыне шашы М-8 да кропкі «6» (54°07'08.78''N; 30°27'32.58''Е), якая знаходзіцца на паўночным баку дарогі мясцовага значэння (ад шашы М-8 да в. Фашчаўка); далей – на захад уздоўж паўночнай узбочыны дарогі мясцовага значэння (ад шашы М-8 да в. Фашчаўка), далей – на поўнач па радыусе скруглення дарогі і ідзе далей па ўсходняй узбочыне шашы М-8 да кропкі «1».
14. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
рэканструкцыя дысгарманічнай пабудовы, якая прыводзіць да павелічэння плошчы і (або) аб’ёму будынка.
15. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці рэкамендуецца аднаўленне гістарычнай пад’язной дарогі і бярозавых абсадак уздоўж шашы М-8.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
16. Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі ў непасрэднай блізкасці ад гісторыка-культурнай каштоўнасці.
17. Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца з двух участкаў з аднолькавым рэжымам утрымання.
18. Плошча першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,17 га.
19. Межамі першай часткі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі «15» на ўсход па паўночным баку агароджы да кропкі «16» (54°07'13.62''N; 30°27'34.86''Е), якая ляжыць на паўночна-ўсходнім вугле агароджы;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «16» на поўдзень па агароджы да кропкі «13»;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі «13» на захад да кропкі «14»;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «14» на поўнач да кропкі «15».
20. Плошча другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 0,28 га.
21. Межамі другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі «7» на ўсход да кропкі «8»;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «8» на поўдзень у створы з усходнім бокам агароджы да кропкі «5» (54°07'08.97''N; 30°27'35.16''Е), якая знаходзіцца на паўночнай узбочыне дарогі мясцовага значэння (ад шашы М-8 да в. Фашчаўка);
на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі «5» на захад да кропкі «6»;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «6» на поўнач да кропкі «7».
22. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
новае будаўніцтва вышынёй болей за два паверхі або вышэй за 204,0 м ад узроўню мора;
павелічэнне вышыні і плошчы існуючай дысгарманічнай забудовы пры яе рэканструкцыі;
усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
23. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена з мэтай захавання асаблівасцей ландшафту, рэльефу мясцовасці, ландшафтна-відавых зон на прылеглых да гісторыка-культурных каштоўнасцей тэрыторыях.
24. Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 1,82 га.
25. Межамі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, што праходзіць ад кропкі «5» на поўнач да кропкі «16»;
на поўдні і на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «16» на захад да кропкі «1»; далей – на поўнач уздоўж усходняй узбочыны шашы М-8 на адлегласці каля 113 м да кропкі «2» (54°07'13.49''N; 30°27'30.95''Е), якая ляжыць на скрыжаванні з паўднёвай броўкай канала;
на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі «2» на ўсход па паўднёвай броўцы канала да кропкі «3» (54°07'17.02''N; 30°27'29.31''Е), якая ляжыць на перакрыжаванні ўсходняй узбочыны грунтавой дарогі (праходзіць паралельна шашы М-8) і паўднёвай броўкі канала;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «3» на паўднёвы ўсход па паўднёвай броўцы канала да кропкі «4» (54°07'17.07''N; 30°27'30.85'Е), якая знаходзіцца на перакрыжаванні паўднёвай броўкі канала і заходняга боку дарогі мясцовага значэння (ад шашы М-8 да в. Фашчаўка);
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі «4» на поўдзень уздоўж заходняй узбочыны дарогі мясцовага значэння (ад шашы М-8 да в. Фашчаўка) да кропкі «5».
26. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:
капітальнае будаўніцтва, акрамя рэканструкцыі існуючай нейтральнай вясковай забудовы з выкарыстаннем традыцыйных будаўнічых матэрыялаў і архітэктурных прыёмаў без павелічэння яе вышыні і габарытаў (вышыня пабудоў не павінна быць вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да вышэйшай адзнакі даху);
вулічна-дарожнае будаўніцтва (магістралі, развязкі, эстакады, масты і т.п.), акрамя работ па абслугоўванню існуючых дарог і добраўпарадкаванні тэрыторыі, якое не парушае традыцыйны характар ландшафту і не замінае аднаўленню бярозавых абсадак шашы М-8;
дзейнасць, якая парушае традыцыйны характар ландшафту.