![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 кастрычніка 2016 г. № 44
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былая сядзіба ў аграгарадку Галавічполе Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былая сядзіба ў аграгарадку Галавічполе Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былая сядзіба ў аграгарадку Галавічполе Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былая сядзіба ў аграгарадку Галавічполе Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Былая сядзіба ў аграгарадку Галавічполе Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2», унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 412Г000621 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Луцэвіч Л.П. па заказу дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання «Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» (далей – дом-інтэрнат).
4. Праект зон аховы выкананы з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая змяшчае фрагмент парку, што захаваўся і непасрэдна акружае сядзібны дом, з’яўляючыся яго гістарычным асяроддзем супадае з тэрыторыяй ахоўнай зоны.
Плошча тэрыторыі ахоўнай зоны складае 4,30 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўдні, захадзе і поўначы – лінія, якая супадае з металічнай агароджай зямельнага ўчастка дома-інтэрната 700 м на паўночны захад ад аграгарадка Галавічполе;
на ўсходзе – лінія, якая супадае з металічнай агароджай зямельнага ўчастка дома-інтэрната і адступае далей на 65 м ад паўночнай мяжы зямельнага ўчастка дома-інтэрната да створа з заходнім краем праезду паміж сядзібным домам (адміністрацыйным корпусам) і будынкам сталовай, далей яна супадае са створам і краем праезду да металічнай агароджы цэнтральнай зоны тэрыторыі дома-інтэрната.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
дзейнасць, якая прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў па захаванні або аднаўленні размешчаных на ёй планіровачных, ландшафтных элементаў былой сядзібы на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і пракладцы неабходных інжынерных камунікацый пры ўмове забеспячэння захаванасці ўсіх гістарычных элементаў, існуючых зялёных насаджэнняў, характару гістарычнага асяроддзя.
10. На терыторыі ахоўнай зоны рэкамендуецца правядзенне таксацыі дрэў з рэкамендацыямі па санацыі.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
12. Зона рэгулявання забудовы размешчана на ўсход ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, на ёй знаходзяцца адна-, двухпавярховыя сучасныя карпусы дома-інтэрната і яго камунальная зона, некаторыя гістарычныя элементы сядзібы – планіровачныя (фрагменты пад’езных алей), аб'ёмныя (дзве драўляныя жылыя пабудовы 1-й трэці ХХ стагоддзя), дрэвы, узрост якіх100 гадоў і больш.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 6,3 га.
13. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая супадае з мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;
на поўначы – лінія, якая супадае з межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны;
на ўсходзе – лінія, якая супадае з усходнім краем праезду з пасадкамі лістоўніцы і створам з ім;
на поўдні – лінія, якая супадае з мяжой ахоўнай зоны.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 м ад узроўню глебы;
вырубка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
размяшчэнне прамысловых і гандлёва-складскіх збудаванняў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
добраўпарадкаванне тэрыторыі;
рэканструкцыя (рамонт) існуючых будынкаў без змены паверхавасці.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
16. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання ландшафту, які акружае гісторыка-культурную каштоўнасць і ўдзейнічае на цэласнасць яе ўспрымання.
Зона аховы ландшафту ўключае ў сябе ўчасткі з гістарычным ландшафтам, фрагментамі парку, захаванымі фрагментамі гістарычнай планіроўкі, пасадкамі (уязная грабавая алея, алеі з лістоўніцы, таполі, пасадкі дубу (узрост якіх 100 гадоў і болей).
Плошча зоны аховы ландшафту зоны аховы ландшафту складае 23,7 га.
17. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая супадае з правым (усходнім) берагам меліярацыйнага канала (па зрэзу вады);
на поўначы – лінія, якая ідзе ад меліярацыйнага канала (пад прамым вуглом) па датычнай да ўскрайку зялёных насаджэнняў да мяжы раллі, далей па паўднёвай мяжы раллі, якая прымыкае, па вонкавым баку дарогі ўздоўж таполяў;
на ўсходзе – лінія, якая акружае алею з лістоўніцы на адлегласці 10 м ад ствалоў (па абодва бакі); далей яна супадае з металічнай агароджай (па вонкавым контуры) вакол цэнтральнай часткі тэрыторыі дома-інтэрната, далей – з паўднёвай мяжой зоны рэгулявання забудовы, з усходнім краем праезду, яна ідзе па контуры шэрагу лістоўніц на адлегласці 10 м ад ствалоў на ўсход і поўнач да створа з заходнім фасадам дома № 2 па вул. Сацыялістычнай в. Банюкі;
на поўдні – лінія, якая супадае з паўночным бокам (па абочыне) аўтамабільнай дарогі Галавічполе – Банюкі.
18. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей.
19. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
дзейнасць, якая прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў па захаванні і аднаўленні размешчаных на ёй элементаў гістарычнага комплексу (планіровачных, ландшафтных) на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
сельскагаспадарчая дзейнасць (садоўніцтва, агародніцтва і інш.).
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і пракладцы неабходных інжынерных камунікацый пры ўмове забеспячэння захаванасці існуючых пасадак, характару гістарычнага асяроддзя.
20. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту рэкамендуецца правядзенне таксацыі і санацыі дрэў.