Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 03.05.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

19 верасня 2013 г. № 67

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці»

На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці».

 

Міністр

Б.У.Святлоў

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь

19.09.2013 № 67

Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці»

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).

2. Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Г000438 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Гліннікам Вадзімам Васільевічам па заказу закрытага акцыянернага таварыства «Будпраект».

4. Праект зон аховы выкананы з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона аховы ландшафту, зона аховы культурнага пласту.

Схема зон аховы дадаецца.

ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА

7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і займае тэрыторыю ў гістарычных межах былога фальварка «Свір-Ляхоўскі».

Плошча ахоўнай зоны складае 2,28 га.

8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:

на поўначы – лінія, якая ідзе па агароджы тэрыторыі дзяржаўнай установы «Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат», далей – у створы з агароджай у заходнім напрамку;

на ўсходзе – лінія, якая ідзе па агароджы тэрыторыі дзяржаўнай установы «Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат», далей – у створы з агароджай да меліярацыйнага каналу;

на поўдні – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёвай мяжой парка, па меліярацыйным канале, на поўнач па агароджы тэрыторыі дзяржаўнай установы «Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» да паўднёвых пасадак алеі, далей – на захад па алеі;

на захадзе – лінія, якая ідзе па паўночнай мяжы гаспадарчай часткі дзяржаўнай установы «Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат».

9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;

правядзенне ўсіх відаў земляных і будаўнічых работ без кваліфікаванага археалагічнага нагляду;

вырубка зялёных пасадак, старэйшых за семдзесят год.

10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:

правядзенне мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

рэстаўрацыя, рамонт і рэканструкцыя сядзібнага дома;

рэстаўрацыя парка;

рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя існуючай нейтральнай забудовы без павелічэння яе павярховасці;

знос дысгарманічных пабудоў;

упарадкаванне тэрыторыі ахоўнай зоны ў адпаведнасці з яе гістарычным характарам – работы, звязаныя з уладкаваннем дарог i дарожак, вонкавага асвятлення, азеляненнем, забеспячэннем iншых форм упарадкавання, выклiканых патрабаваннямi сучаснага выкарыстання;

ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці, якая не чыніць шкоды гістарычнаму характару тэрыторыі і ландшафту;

традыцыйнае землекарыстанне – агародніцтва, садаводства, сенакос, санітарныя рубкі зялёных пасадак і т.п.;

пракладка неабходных інжынерных камунікацый;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

11. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Плошча зоны аховы ландшафту складае 16,96 га.

12. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:

на поўначы – лінія, якая праходзіць паралельна дарозе Лушчыкі–Занарач у створы з меліярацыйнымі каналамі;

на ўсходзе – лінія, якая праходзіць на паўднёвы захад уздоўж меліярацыйных каналаў;

на поўдні – лінія, якая праходзіць ад дарогі на Свір на паўднёвы ўсход уздоўж меліярацыйных каналаў;

на захадзе – лінія, якая праходзіць па ўзбочыне дарогі Свір–Лушчыкі, далей – у створы з дарогай Свір–Лушчыкі на поўнач да меліярацыйнага каналу.

13. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;

пракладка магістральных дарог;

змяненне характару ландшафту.

14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:

правядзенне работ па добраўпарадкаванні;

гаспадарчая дзейнасць, якая не прычыняе шкоды ландшафту, – сенакос, выпас жывёлы, палявыя і агародныя работы;

пракладка неабходных інжынерных камунікацый;

санітарныя рубкі зялёных насаджэнняў.

ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТУ

15. Зона аховы культурнага пласту ўстаноўлена на тэрыторыі ахоўнай зоны.

16. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласту неабходна забяспечыць правядзенне археалагічных даследаванняў і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002 г. № 651 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 59, 5/10482; Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь, 27.07.2012, 5/36005).

 

 

Дадатак

да праекта зон аховы
гісторыка-культурнай каштоўнасці
«Будынак былога сядзібнага дома
(пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі
Мядзельскага раёна
Мінскай вобласці»

Схема межаў і рэжымаў утрымання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак былога сядзібнага дома (пачатак ХХ ст.) у в. Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці»

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.