![]() | Официальная правовая информация |
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 жніўня 2007 г. № П-218/2007
30.08.2007 № 01/283
Савет Міністраў
Рэспублікі Беларусь
Аб вырабе бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове
У Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь паступіў зварот па пытанню адсутнасці бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове.
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», «Аб адукацыі», Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Парадак арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, парадак узаемадзеяння і функцыі юрыдычных асоб, правы і абавязкі асоб, якія ўдзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні, вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 (далей – Палажэнне).
У адпаведнасці з пунктам 12 Палажэння для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыент падае заяву па форме згодна з дадаткам 6. Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права накіроўваць заяву па пошце, запоўніўшы яе па форме згодна з дадаткам 7. Бланкі ўказаных заяў вырабляюцца толькі на рускай мове.
Бланкі для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні (узор распрацаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў) вырабляюцца таксама на рускай мове. Пры гэтым абітурыенты, якія праходзяць цэнтралізаванае тэсціраванне на беларускай мове, запаўняюць бланк адказаў: месца рэгістрацыі (частка А) – на рускай мове; месца адказаў (частка Б) – на беларускай мове (запаўненне гэтай часткі бланка адказаў мае на ўвазе не толькі ўказанне аднаго з варыянтаў адказа, але і выкладанне кароткіх адказаў на заданні без варыянтаў адказу).
Адзначаючы, што сфарміраваная на падставе Палажэння практыка вырабу бланкаў заяў на ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні і бланкаў для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні толькі на рускай мове не ўплывае на вынікі тэсціравання абітурыентаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, лічым неабходным звярнуць увагу на наступнае.
Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы (артыкул 17 Канстытуцыі). У артыкуле 2 Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон) указана, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове (артыкул 3 Закона).
У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах.
Згодна з часткай першай артыкула 5 Закона «Аб адукацыі» асноўнымі мовамі навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання і выхавання і стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Пры гэтым навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.
Прававую пазіцыю аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін Канстытуцыйны Суд выклаў у рашэнні ад 4 снежня 2003 г. «Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абарачэння банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», прапанаваўшы разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» і іншыя акты заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць дзяржаўных моў.
На падставе выкладзенага лічым, што змест Палажэння і сфарміраваная на яго аснове практыка вырабу бланкаў дакументаў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе цэнтралізаванага тэсціравання, не ў поўнай меры адпавядаюць нормам указаных вышэй заканадаўчых актаў.
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прапануе Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб унясенні ў Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, змяненняў і дапаўненняў, якія забяспечаць магчымасць карыстання грамадзянамі ў роўнай меры на ўсіх этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання дзяржаўнымі мовамі – як рускай, так і беларускай.
Уносіцца ў парадку часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
Прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда 28 жніўня 2007 г.
Старшыня |
Г.А.Васілевіч |