![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
20 чэрвеня 2018 г. № 468
Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» і ўнясенні змянення ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 263
На падставе часткі першай пункта 5 артыкула 209 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і ў мэтах стымулявання літаратурнага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь, папулярызацыі беларускай культуры Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».
2. Из графы «Организаторы культурного мероприятия» пункта 89 перечня отдельных международных и республиканских централизованных культурных мероприятий, проводимых на территории Республики Беларусь, утвержденного постановлением Совета Министров Республики Беларусь от 2 апреля 2015 г. № 263 «О проведении на территории Республики Беларусь отдельных централизованных культурных мероприятий» (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 07.04.2015, 5/40356; 01.02.2017, 5/43294), слова «Минский горисполком,» исключить.
3. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь |
А.Кабякоў |
|
Пастанова |
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія»
1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» (далей – конкурс).
2. Конкурс праводзіцца штогод у мэтах падтрымкі развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, стымулявання стварэння імі новых высокамастацкіх твораў у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве.
3. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
4. Для падрыхтоўкі і правядзення конкурсу ствараецца арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу (далей – арганізацыйны камітэт), які фарміруецца з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і зацікаўленых арганізацый. Склад арганізацыйнага камітэта конкурсу зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі.
Арганізацыйны камітэт:
вырашае пытанні арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння арганізацыі і правядзення конкурсу;
зацвярджае склад экспертнай камісіі і журы;
вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе арганізацыі і правядзення конкурсу.
5. Экспертная камісія ствараецца ў складзе да 11 чалавек, журы – у складзе да 9 чалавек.
У склад экспертнай камісіі і журы могуць уваходзіць прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, творчых саюзаў, арганізацый, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць (далей – выдавецкія арганізацыі), кнігагандлёвых арганізацый, юрыдычных асоб, на якія ўскладзены функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі (далей – рэдакцыі СМІ), арганізацый культуры, устаноў адукацыі і навуковых арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства.
У склад журы не могуць уваходзіць аўтары твораў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе.
Экспертную камісію і журы ўзначальваюць старшыні, якія вырашаюць усе пытанні іх работы ў адпаведнасці з дадзеным Палажэннем.
6. Арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці экспертнай камісіі і журы конкурсу ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі.
7. Выплату грашовых прэмій ажыццяўляюць:
Міністэрства інфармацыі – у намінацыях «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі», «Лепшы твор публіцыстыкі», «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства»;
Міністэрства культуры – у намінацыях «Лепшы твор драматургіі», «Лепшы дэбют» (першая публікацыя ці выданне аўтара ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі);
Міністэрства адукацыі – у намінацыях «Лепшы твор прозы», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва».
Арганізацыйнае забеспячэнне дыпломамі, прызамі – сімваламі конкурсу, падрыхтоўку і правядзенне цырымоніі ўзнагароджання ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі.
8. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама аўтарскія калектывы ў складзе не больш за чатыры чалавекі – аўтары арыгінальных твораў мастацкай літаратуры ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства на беларускай або рускай мове, упершыню выпушчаных у свет выдавецкімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у выглядзе асобных выданняў і (ці) апублікаваных у сродках масавай інфармацыі (далей – СМІ) літаратурна-мастацкай накіраванасці з 1 студзеня да 31 снежня года, які папярэднічае году правядзення конкурсу, атрымаўшых грамадскае прызнанне.
Крытэрыямі, якія сведчаць аб грамадскім прызнанні твораў, з’яўляюцца:
колькасць і змест артыкулаў, рэцэнзій, водгукаў у СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах (інфармацыю прадстаўляе аўтар);
аб’ёмы продажу экзэмпляраў выдання твора праз кнігагандлёвую сетку (інфармацыю прадстаўляе Міністэрства інфармацыі);
запатрабаванасць кніг з прадстаўленымі на конкурс творамі ў публічных бібліятэках (інфармацыю прадстаўляе Міністэрства культуры);
колькасць пісьмовых водгукаў чытачоў (інфармацыю прадстаўляе аўтар);
паказы спектакляў, пастаўленых па творы драматургіі, які прадстаўлены на конкурс (інфармацыю прадстаўляе пры наяўнасці Міністэрства культуры);
пераклады твора на іншыя мовы свету (інфармацыю прадстаўляе аўтар).
9. Конкурс праводзіцца па намінацыях з прысуджэннем дыпломаў, прызоў – сімвалаў конкурсу, а таксама грашовых прэмій у наступных памерах:
«Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» – 100 базавых велічынь;
«Лепшы твор прозы» – 100 базавых велічынь;
«Лепшы твор драматургіі» – 100 базавых велічынь;
«Лепшы твор публіцыстыкі» – 100 базавых велічынь;
«Лепшы дэбют» (першая публікацыя ці выданне аўтара ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі) – 50 базавых велічынь;
«Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» – 100 базавых велічынь;
«Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» – 100 базавых велічынь.
10. Адзін аўтар (аўтарскі калектыў) можа прымаць удзел у конкурсе не больш чым у адной намінацыі.
У намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» дапускаецца ўдзел зборніка твораў аднаго аўтара.
Удзел у конкурсе твораў аўтараў, якія памерлі на момант падачы заяўкі (акрамя асоб, што ўваходзілі ў склад аўтарскага калектыву па падрыхтоўцы твора), не дапускаецца.
11. У выпадку, калі пераможцам конкурсу з’яўляецца аўтарскі калектыў, яму ўручаецца адзін дыплом і прыз – сімвал конкурсу, а грашовая прэмія дзеліцца ў роўных долях паміж усімі членамі аўтарскага калектыву.
Доля грашовай прэміі, прадугледжаная для асобы, што ўваходзіла ў склад аўтарскага калектыву, але памерла на момант падачы заяўкі, атрымліваецца ў спадчыну ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.
12. Заяўкі на ўдзел у конкурсе (далей – заяўкі) прымаюцца Міністэрствам інфармацыі да 1 красавіка года, у якім праводзіцца конкурс, ад фізічных асоб – аўтараў твораў або іх афіцыйных прадстаўнікоў, а таксама ад творчых саюзаў, выдавецкіх арганізацый, рэдакцый СМІ, арганізацый культуры, устаноў адукацыі і навуковых арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства.
13. Да заяўкі дадаюцца наступныя дакументы:
ліст-хадайніцтва аб вылучэнні для ўдзелу ў конкурсе;
інфармацыя аб аўтары і творы, які прадстаўлены на конкурс;
два экзэмпляры друкаванага выдання або СМІ, у якіх апублікаваны твор, прадстаўлены на конкурс.
14. Заяўкі, якія прадстаўлены з парушэннем патрабаванняў, устаноўленых у пунктах 8, 12 і 13 дадзенага Палажэння, не прымаюцца.
15. Заяўкі перадаюцца Міністэрствам інфармацыі ў экспертную камісію.
Спіс дапушчаных да ўдзелу ў конкурсе твораў публікуецца Міністэрствам інфармацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва» і размяшчаецца на сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
16. Экспертная камісія разглядае прадстаўленыя на конкурс творы з улікам іх адпаведнасці крытэрыям, прадугледжаным у пункце 8 дадзенага Палажэння, знаёміцца з іх зместам і ажыццяўляе фарміраванне пераліку твораў, якія вылучаны для ўдзелу ў фінале конкурсу.
Пасяджэнне экспертнай камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за дзве трэці агульнай колькасці яе членаў. Аўтары твораў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе і ўваходзяць у склад экспертнай камісіі, не маюць права галасаваць за свае творы.
Рашэнні экспертнай камісіі прымаюцца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў членаў камісіі, якія прысутнічалі на пасяджэнні. У спрэчных выпадках рашаючым з’яўляецца голас старшыні экспертнай камісіі.
Пры неабходнасці экспертная камісія мае права запатрабаваць у юрыдычных і фізічных асоб, якія вылучылі аўтараў і іх творы на суісканне прэміі, дадатковыя звесткі аб гэтых аўтарах і іх творах, неабходныя для прыняцця абгрунтаванага рашэння наконт уключэння ў пералік твораў, што вылучаны для ўдзелу ў фінале конкурсу.
Спіс твораў, якія вылучаны для ўдзелу ў фінале конкурсу, публікуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» і размяшчаецца на сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт для ўсеагульнага абмеркавання.
17. Азнаямленне журы з творамі, адабранымі экспертнай камісіяй для ўдзелу ў фінале конкурсу, ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 15 ліпеня года, у якім праводзіцца конкурс.
Пасяджэнне журы, на якім вызначаюцца пераможцы конкурсу, праводзіцца ў трэцяй дэкадзе ліпеня года, у якім праводзіцца конкурс. Пасяджэнне з’яўляецца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за дзве трэці ад агульнай колькасці членаў журы.
Пераможцы ў намінацыях вызначаюцца шляхам галасавання (па рашэнні журы – адкрытым ці тайным) простай большасцю галасоў членаў журы, якія прысутнічалі на пасяджэнні. У выпадку, калі два ці больш творы набралі аднолькавую колькасць галасоў, пераможцам прызнаецца твор, за які аддаў голас старшыня журы.
Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і не падлягае перагляду.
Вынікі конкурсу абвяшчаюцца не пазней за 6 жніўня.
18. Падвядзенне вынікаў галасавання ажыццяўляе падліковая камісія, склад якой вызначаецца старшынёй журы з ліку членаў журы на пасяджэнні. Па выніках работы падліковая камісія складае пратакол, які падпісваюць старшыня журы і члены падліковай камісіі.
19. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў час святкавання Дня беларускага пісьменства.
20. Выдаткі, звязаныя з вырабам дыпломаў і прызоў – сімвалаў конкурсу, выплатай грашовых прэмій, а таксама падрыхтоўкай і правядзеннем цырымоніі ўзнагароджання, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных дзяржаўным органам – арганізатарам конкурсу на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
Выдаткі, звязаныя з удзелам членаў экспертнай камісіі, журы конкурсу ў рабоце гэтых камісіі і журы, аўтараў, вылучаных юрыдычнымі і фізічнымі асобамі для ўдзелу ў конкурсе, у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу (уключаючы праезд, харчаванне і пражыванне), аплачваюцца за кошт сродкаў арганізацый, у якіх працуюць ці вучацца названыя асобы (у тым ліку грамадскіх аб’яднанняў, членамі якіх яны з’яўляюцца), а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.