![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 чэрвеня 2025 г. № 63
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Музей-сядзіба сям’і В.У.Быкава» ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Музей-сядзіба сям’і В.У.Быкава» ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
Пастанова 19.06.2025 № 63 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Музей-сядзіба сям’і В.У.Быкава» ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Музей-сядзіба сям’і В.У.Быкава» ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Музей-сядзіба сям’і В.У.Быкава» ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000784.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Лейбінскім Феліксам Пятровічам па заказе дзяржаўнай установы «Ушацкі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана па межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання музея-сядзібы В.Быкава.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па вонкавых межах мэтавага зямельнага ўчастка ад кропкі 1 праз кропкі 2–3–4–5–6–7 да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці;
навукова неабгрунтаваная змена (у тым ліку параметраў), страта канструктыўных і архітэктурных элементаў, мастацкіх асаблівасцей будынкаў і збудаванняў, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, не звязаных з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, акрамя: аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі; рэканструкцыі (рамонту) існуючай інжынернай і транспартнай інфраструктуры;
будаўнічая дзейнасць у адносінах да існуючых будынкаў і збудаванняў, якая прадугледжвае павелічэнне іх аб’ёмна-прасторавага рашэння і (або) ужыванне дысгарманічных матэрыялаў і колераў;
размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы, добраўпарадкаванне і (або) азеляненне, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).
ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
10. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя, алеі памяці ў гонар стагоддзя з дня нараджэння В.Быкава (далей – алея) і мемарыяльнага помніка ў выгладзе валуна, устаноўленага на месцы хаты, дзе нарадзіўся народны пісьменнік (далей – помнік).
11. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўднёвы ўсход уздоўж праезднай часткі вул. Цэнтральнай да кропкі 9;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на паўднёвы захад да кропкі 10;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 да кропкі 11;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на паўднёвы ўсход уздоўж мясцовага праезда праз кропку 12 да кропкі 8.
12. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага і відавочнага стану алеі, помніка;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя збудаванняў рэкрыяцыйнага прызначэння;
змяненне гістарычнага прыроднага характару ландшафту і рэльефу;
будаўніцтва дадатковых транзітных транспартных камунікацый;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных высяканняў).