![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
10 снежня 2024 г. № 181
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Руіны касцёла» ў в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Руіны касцёла» ў в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
Пастанова 10.12.2024 № 181 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Руіны касцёла» ў в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Руіны касцёла» ў в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Руіны касцёла» ў в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 612Г000497.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным прыватным унітарным прадпрыемствам «ГАЗБУДПРАЕКТ» па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Нясвіжскага раёна».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) і яе мяжы, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў гістарычных межах зямельнага надзела былога касцёла з улікам антрапагеннага ўздзеяння.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 праз кропку 2 уздоўж пахаванняў і далей па паўночна-заходняй мяжы мэтавага зямельнага ўчастка да кропкі 3;
на усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 па ўсходняй мяжы мэтавага зямельнага ўчастка праз кропку 4 да кропкі 5;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 праз кропкі 6–7 па паўднёвай мяжы мэтавага зямельнага ўчастка і далей уздоўж пахаванняў да кропкі 8;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 уздоўж агароджы могілак да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі, узгодненай ва ўстаноўленым парадку;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.