Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 30.09.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

27 снежня 2023 г. № 214

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня, будаўнічы склад, будынак спіртзавода, спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня, будаўнічы склад, будынак спіртзавода, спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь

27.12.2023 № 214

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня, будаўнічы склад, будынак спіртзавода, спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня, будаўнічы склад, будынак спіртзавода, спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Сядзіба Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня, будаўнічы склад, будынак спіртзавода, спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413Г000296.

3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе дзяржаўнай установы «Іўеўскі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці выканаўчых камітэтаў першаснага ўзроўню і ўстаноў культуры», грамадзяніна Глінскага Міхаіся Апанасавіча, закрытага акцыянернага таварыства «Чабор» Іўеўскага раёна.

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае межы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту), зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы культурнага пласта (слоя).

Межы зон аховы дадзены ў WGS сістэме каардынат.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)

7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах асноўнай часткі сядзібы Умястоўскіх, якая захавалася без прынцыповых змен і на якой знаходзяцца функцыянальна злучаныя паміж сабой будынкі.

8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца:

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на поўдзень уздоўж берагавой лініі вадасховішча да кропкі 2;

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку пад’язной дарогі да палаца да кропкі 3;

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на паўночны ўсход уздоўж паўднёва-ўсходняга краю аўтамабільнай дарогі Н-7453 «Жамыслаўль – Падваранцы» (далей – аўтамабільная дарога Н-7453) да кропкі 4;

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўднёвы ўсход уздоўж берагавой лініі вадасховішча да кропкі 1.

9. Зона аховы культурнага пласта (слоя) устаноўлена на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Мяжа зоны аховы культурнага пласта (слоя) супадае з мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

10. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне (у тым ліку змяненне параметраў будынкаў, страта канструктыўных і архітэктурных асаблівасцей і элементаў) і пагаршэнне ўмоў іх успрымання;

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчаных сядзібных пабудоў, якія гістарычна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю;

страта аб’ектаў каштоўнай гістарычнай забудовы, а таксама іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, з мэтай забеспячэння цэласнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе гістарычнага асяроддзя, выключэння пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, якія вядуць да змянення гістарычнай планіроўкі, у тым ліку выкарыстанне нехарактэрных матэрыялаў і прыёмаў пакрыцця дарог, элементаў асвятлення, малых архітэктурных формаў і іншае, і якія вядуць да пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;

навукова неабгрунтаваная змена ўмоў успрымання элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, рэльефа і азелянення;

правядзенне будаўнічых і земляных работ без правядзення археалагічнага нагляду і прыняцця мер па ахове археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

11. Ахоўная зона ўстаноўлена з мэтай захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе элементаў і забеспячэння спрыяльных умоў для іх ўспрымання.

12. Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключае тэрыторыю з яе паўднёвага боку, а таксама акружае асобныя аб’екты гісторыка-культурнай каштоўнасці, размешчаныя на вытворчай тэрыторыі.

Ахоўная зона складаецца з трох участкаў.

13. Першы ўчастак ахоўнай зоны супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ўключае тэрыторыю з паўднёвага боку былой сядзібы Умястоўскіх.

14. Мяжой першага ўчастка ахоўнай зоны з’яўляецца:

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на поўдзень уздоўж берагавой лініі вадасховішча да кропкі 2; далей у створы з усходнім фасадам будаўнічага склада да кропкі 5;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўночны захад паралельна пад’язной дарогі да палаца да кропкі 6;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на паўночны ўсход у створы з паўднёва-ўсходнім бокам праезнай часткі вул. Садовай да кропкі 3; далей па лініі, якая ідзе ўздоўж паўднёва-ўсходняга боку аўтамабільнай дарогі Н-7453 да кропкі 4;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўднёвы ўсход уздоўж берагавой лініі вадасховішча да кропкі 1.

15. Другі ўчастак ахоўнай зоны ўстаноўлены на вытворчай тэрыторыі і акружае будынак спіртзавода і спіртасховішча з усіх бакоў.

16. Мяжой другога ўчастка ахоўнай зоны з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на ўсход перпендыкулярна праезнай часткі вул. Завадской да кропкі 7;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на поўдзень уздоўж праезнай часткі вул. Завадской да кропкі 8;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на захад уздоўж паўднёвага фасада будынка спіртзавода да кропкі 9;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на поўнач праз кропку 10 на ўсход уздоўж заходняга і паўночнага фасадаў прыбудовы да будынка спіртзавода да кропкі 11; далей на поўнач уздоўж заходняга фасада будынка спіртзавода да кропкі 12.

17. Трэці ўчастак ахоўнай зоны ўстаноўлены на тэрыторыі страчанага будынка, пазначанай рэльефам, і на прылеглай да яе тэрыторыі з заходняга боку.

Трэці ўчастак ахоўнай зоны акружае чатыры калоны тасканскага ордара з усіх бакоў.

18. Мяжой трэцяга ўчастка ахоўнай зоны з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на ўсход перпендыкулярна восі будынка побач захаваных калон да кропкі 13;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на поўдзень паралельна захаваных калон да кропкі 14;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на захад перпендыкулярна восі будынка побач захаваных калон да кропкі 15;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на поўнач уздоўж усходняй агароджы зямельных участкаў няцотнага боку вул. Садовай да кропкі 16.

19. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных падземных камунікацый;

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне (у тым ліку змяненне параметраў будынкаў, страта канструктыўных і архітэктурных асаблівасцей і элементаў) і пагаршэнне ўмоў іх успрымання;

рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў з павелічэннем іх аб’ёмна-прасторавых характарыстак, акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчанага будынка;

страта аб’ектаў каштоўнай гістарычнай забудовы, а таксама іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, у тым ліку змена архітэктурнага рашэння капліцы Божай Маці, прычыненне ёй шкоды, з мэтай забеспячэння цэласнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе гістарычнага асяроддзя, выключэння пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і зацверджанай ва ўстаноўленым парадку і без уліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў.

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

20. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена на тэрыторыі былой сядзібы Умястоўскіх і ў зоне бачнасці з боку паркавага фасада палаца.

Зона рэгулявання забудовы складаецца з трох участкаў.

21. Першы ўчастак зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены на тэрыторыі былой сядзібы Умястоўскіх з паўднёвага боку тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Першы ўчастак зоны рэгулявання забудовы акружае з усіх бакоў другі і трэці ўчасткі ахоўнай зоны.

22. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 26 уздоўж вул. Палявой на ўсход да вул. Садовай праз кропку 3 да кропкі 6; далей на ўсход паралельна пад’язной дарогі да палаца да кропкі 5;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на поўдзень уздоўж мяжы зямельных участкаў праз кропкі 17, 18, 19, 20, 21 да праезнай часткі вул. Школьнай да кропкі 22;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 22 на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку праезнай часткі вул. Школьнай да кропкі 23;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на поўнач уздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Школьнай, 15 праз мясцовы праезд да кропкі 24; далей на ўсход уздоўж мясцовага праезда да кропкі 25; далей уздоўж мясцовага праезда паралельна вул. Садовай да вул. Палявой да кропкі 26.

23. Другі ўчастак зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены на паўночна-ўсходняй тэрыторыі былой сядзібы Умястоўскіх, дзе размешчана сучасная сядзібная забудова.

24. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 50 на ўсход праз кропку 51 уздоўж паўночнай, паўночна-ўсходняй мяжы зямельных участкаў па вул. Зарэчнай да кропкі 33;

на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 33 на поўдзень уздоўж усходняй мяжы зямельных участкаў па вул. Зарэчнай да кропкі 34; далей на паўднёвы захад уздоўж праезнай часткі мясцовай аўтамабільнай дарогі да кропкі 35;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 35 на паўночны захад, захад уздоўж паўднёва-заходняй, паўднёвай мяжы зямельных участкаў цотнага боку вул. Лясной праз кропкі 36, 37 да кропкі 38;

на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 38 на поўнач уздоўж заходняй мяжы зямельных участкаў праз кропкі 39, 40, 41, 42, 43, 44, 45, 46, 47, 48, 49 да кропкі 50.

25. Трэці ўчастак зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены на тэрыторыі, якая прылягае да паўночнай мяжы былой сядзібы Умястоўскіх, дзе існавала забудова з канца XIX ст. і знаходзяцца сучасныя вытворчыя будынкі жывёлагадоўчага комплексу.

26. Мяжой трэцяга ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляецца:

на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 32 на ўсход праз кропку 52 уздоўж агароджы вытворчай тэрыторыі і ў створы з ёй да кропкі 27;

на ўсходзе, паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 27 на поўдзень, паўднёвы захад уздоўж правага берага вадасховішча праз кропкі 28, 29 да кропкі 30;

на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 30 на захад уздоўж агароджы вытворчай тэрыторыі да кропкі 31;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 31 на паўночны ўсход уздоўж паўднёва-ўсходняй агароджы вытворчай тэрыторыі да кропкі 32.

27. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху;

у межах тэрыторыі першага і другога ўчасткаў узвядзенне будынкаў і збудаванняў без выкарыстання традыцыйных аб’ёмна-прасторавых і каляровых рашэнняў, без ужывання традыцыйных будаўнічых матэрыялаў;

знішчэнне і прычыненне шкоды аб’ектаў каштоўнай гістарычнай забудовы (тры гаспадарчыя пабудовы XIX ст. з паўночнага боку будынка спіртзавода, цагляная труба з датай будаўніцтва, капліца, пілоны), а таксама іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, у тым ліку змена архітэктурнага рашэння, з мэтай забеспячэння цэласнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе гістарычнага асяроддзя, выключэння пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

змена трасіроўкі вул. Завадской (ад вул. Школьнай да будынка спіртзавода) і вул. Садовай;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні і рэканструкцыі вул. Завадской без аднаўлення яе гістарычнай трасіроўкі (ад будынка спіртзавода да лядоўні), а таксама страта фрагментаў булыжнага пакрыцця на прылеглых праездах.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

28. Зона аховы ландшафту ўстнаноўлена вакол тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з мэтай захавання гістарычных функцыянальных зон былой сядзібы Умястоўскіх, а таксама для захавання прыроднага асяроддзя, візуальна злучанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Зона аховы ландшафту ўстаноўлена на азелянёнай тэрыторыі былой сядзібы Умястоўскіх уздоўж р. Гаўя, на тэрыторыі воднай сістэмы і прылеглай да яе.

29. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляецца:

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 53 на ўсход уздоўж паўднёвай мяжы поля да кропкі 54; далей па лініі, якая ідзе на паўднёвы ўсход да кропкі 55; далей уздоўж прасёлкавай дарогі да кропкі 56;

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 56 на поўдень уздоўж прасёлкавай дарогі праз кропку 57 да кропкі 34; далей па паўночнай, заходняй, паўднёвай мяжы другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы да кропкі 35;

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе на паўднёвы захад уздоўж праезнай часткі мясцовай аўтамабільнай дарогі да кропкі 58;

на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 58 на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку аўтамабільнай дарогі Н-6007 «Іўе – Суботнікі – Жамыслаўль – Трабы» да кропкі 22;

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 22 на поўнач паралельна праезнай часткі вул. Завадской да кропкі 21; далей праз кропкі 20, 19, 18, 17 да мяжы першага участка ахоўнай зоны да кропкі 5; далей па мяжы першага ўчастка ахоўнай зоны і тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці праз кропкі 2, 1, 4 да кропкі 3; далей уздоўж праезнай часткі вул. Палявой праз кропку 26 да кропкі 59;

на захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 59 на паўночны ўсход уздоўж прасёлкавай дарогі, уздоўж маста праз прыток р. Гаўя да кропкі 60;

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе на ўсход уздоўж паўднёва-заходняй, паўднёвай мяжы вытворчай тэрыторыі праз кропку 31, 30, 29, 28, 27; далей на захад уздоўж паўночнай агароджы вытворчай тэрыторыі да кропкі 52; далей на паўночны ўсход паралельна паўднёва-ўсходняму фасаду будынка да кропкі 53.

30. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных інжынерных камунікацый, а таксама аднаўлення страчаных будынкаў, збудаванняў і планіровачных элементаў былой сядзібы Умястоўскіх на падставе навуковых даследаванняў;

знішчэнне і прычыненне шкоды аб’ектаў каштоўнай гістарычнай забудовы (пілоны, памятны крыж), а таксама іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, у тым ліку змена архітэктурнага рашэння, з мэтай забеспячэння цэласнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе гістарычнага асяроддзя, выключэння пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;

ажыццяўленне дзейнасці, якая прыводзіць да змены характару ландшафту.

 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай
гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба
Умястоўскіх: палац, дзве афіцыны, лядоўня,
будаўнічы склад, будынак спіртзавода,
спіртасховішча, чатыры калоны тасканскага
ордэра» ў аграгарадку Жамыслаўль Іўеўскага
раёна Гродзенскай вобласці

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.