![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 лістапада 2023 г. № 184
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: Троіцкі касцёл. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў галоўным алтары, жылы корпус, агароджа з брамай» у г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: Троіцкі касцёл. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў галоўным алтары, жылы корпус, агароджа з брамай» у г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 29.11.2023 № 184 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: Троіцкі касцёл. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў галоўным алтары, жылы корпус, агароджа з брамай» у г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: Троіцкі касцёл. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў галоўным алтары, жылы корпус, агароджа з брамай» у г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: Троіцкі касцёл. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў галоўным алтары, жылы корпус, агароджа з брамай» у г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 212Г000185.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе рэлігійнай абшчыны «Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Друі» Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах мэтавага зямельнага ўчастка для абслугоўвання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
7. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўночны ўсход уздоўж агароджы паралельна паўночна-заходняму фасаду касцёла да кропкі 2;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на паўднёвы ўсход да кропкі 3;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на паўднёвы захад уздоўж агароджы паралельна паўднёва-ўсходняму фасаду касцёла да кропкі 4;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўночны захад уздоўж агароджы паралельна паўднёва-заходняму фасаду касцёла да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння фасадаў, пагаршэнне ўмоў іх успрымання;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі, узгодненай ва ўстаноўленым парадку;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама будаўніцтва новых ці рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
правядзенне земляных і будаўнічых работ без прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, устаноўленым артыкулам 129 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.
11. Мяжой першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўднёвы захад праз кропкі 6-7-8-9 да кропкі 10;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на паўднёвы ўсход уздоўж паўночнага боку вул. Леніна да кропкі 15;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 на паўночны ўсход перпендыкулярна вул. Леніна праз кропкі 16-17 да кропкі 18;
на паўночным усходзе – умоўная ломаная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на паўночны захад уздоўж лесаахоўнай паласы берага р. Заходняя Дзвіна праз кропкі 19-20-3; далей уздоўж мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 4-1-2 да кропкі 5.
12. Мяжой другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 праз кропку 12 да кропкі 13;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на паўночны ўсход да кропкі 14;
на паўночным усходзе – умоўная ломаная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на паўночны захад уздоўж паўднёвага боку вул. Леніна да кропкі 11.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва і рэканструкцыя існуючых будынкаў (збудаванняў) вышэй за 9 метраў ад зямлі да вышэйшай кропкі даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,2 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
14. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага ландшафту, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
15. Мяжой зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 на паўночны захад уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы і далей уздоўж ахоўнай зоны праз кропкі 19-20-3-2 да кропкі 5;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўночны ўсход да перакрыжавання з паласой замацавання Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь – кропкі 21;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на паўднёвы ўсход уздоўж паласы замацавання Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь да кропкі 22;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 22 на паўднёвы захад да кропкі 18.
16. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, а таксама санітарных рубак.
|
да праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай |
СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ