![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 студзеня 2015 г. № 2
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2», унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 412Г000627 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Комплекс былога палаца (XVIII – пачатак XX стагоддзя) у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ўключае: палац, флігель, рэшткі былога млына, кузню, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі былога парку.
4. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Луцэвіч Л.П. па заказе ўласніка гісторыка-культурнай каштоўнасці Лебедзева В.Б.
5. Праект зон аховы выкананы з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
6. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
7. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона; зона рэгулявання забудовы; зона аховы ландшафту; зона аховы культурнага пласта.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
8. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах цэнтральнай часткі комплексу былога палаца.
На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці фрагментарна захаваліся гістарычная планіроўка, парк, у якім размяшчаецца палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы (карэтная, стайня).
Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 10,4 га.
9. Межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца на захадзе, поўначы, усходзе і поўдні лінія, якая супадае з вонкавым краем існуючай агароджы ўздоўж тэрыторыі.
10. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці дазваляецца дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
11. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці рэкамендуецца рэканструкцыя будынкаў былога магазіна і каравульнага памяшкання з прыстасаваннем іх пад новыя функцыі, з нейтралізацыяй у гістарычным асяроддзі і павышэннем не больш за восем метраў ад узроўню глебы да ўзроўню вільчака даху.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
12. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання і візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Ахоўная зона размешчана на поўдзень ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўяўляе сабой цэнтральную частку былой сядзібнай гаспадарчай зоны – фальварка. На тэрыторыі ахоўнай зоны размешчаны гістарычныя будынкі і збудаванні: гаспадарчыя пабудовы, бровар, кузня, свіран, гумны, рэшткі млына.
Плошча ахоўнай зоны складае 17,0 га.
13. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая ідзе ад паўднёва-заходняга вугла жылой гістарычнай пабудовы, размешчанай у тарцы ўязной алеі па дамбе, да створа заходняй мяжы агароджы ўчастка былога бровара на адлегласці трыццаці метраў ад паўднёвага фасада былога кароўніка; далей у створы агароджы ўчастка былога бровара да берагавой лініі вадасховішча на р. Броста; далей па берагавой лініі вадасховішча ўздоўж дамбы па ўрэзе вады да агароджы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;
на поўначы – лінія, якая ідзе па перыметры бетоннай агароджы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;
на ўсходзе – лінія, што супадае з заходняй і паўднёвай мяжой прысядзібнага ўчастка дома № 35 па вул. Першамайскай і ідзе да паўднёва-заходняга вугла прысядзібнага ўчастка дома № 19 па вул. Крупскай; далей да былога свірна на адлегласці дваццаці метраў ад паўночна-ўсходняга вугла гэтага будынка; далей у створы ўсходняга фасада былой кузні да вясковай вуліцы; далей уздоўж паўночнага краю праезнай часткі вясковай вуліцы на паўднёвы ўсход ад былой кузні;
на поўдні – лінія, якая ідзе па паўднёвых фасадах жылых гістарычных пабудоў і злучае іх паміж сабой.
14. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
знос гістарычных будынкаў, пабудаваных да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
15. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
правядзенне сельскагаспадарчых работ;
пракладка інжынерных камунікацый;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
16. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена з мэтай рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Зона рэгулявання забудовы размешчана на поўнач і на ўсход ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці на тэрыторыі сядзібнай забудовы. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы захаваліся гістарычныя пад’язныя алеі.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 20,8 га.
17. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая ідзе ад граніцы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці па заходніх межах прысядзібных участкаў ад дома № 101 да паўночнага вугла ўчастка дома № 15 па вул. Міру;
на поўначы – лінія, якая ідзе па межах паўночных участкаў уздоўж вул. Міру ад дома № 15 да скрыжавання вул. Міра з лініяй, якая ідзе ў створы з вул. Крупскай;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па заходнім краі вул. Крупскай і ў створы з ёй;
на поўдні – лінія, якая ідзе па паўднёвых межах прысядзібных участкаў ад дома № 12 да дома № 19 па вул. Крупскай; далей па межах ахоўнай зоны і тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
18. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў вышэй за восем метраў ад узроўню глебы да ўзроўню вільчака даху;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей.
19. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
пракладка інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
20. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Зона аховы ландшафту займае тэрыторыю вакол вадасховішча на р. Броста і тэрыторыю ўздоўж р. Аселіца.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 60,8 га.
21. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая супадае з краем лесу; далей на адлегласці трохсот метраў ад урэзу вады берагавой лініі вадасховішча і двухсот метраў ад урэзу вады р. Аселіца;
на поўдні – лінія, якая супадае з паўночным краем абочыны прасёлкавай дарогі; далей на адлегласці трохсот метраў ад урэзу вады берагавой лініі вадасховішча і двухсот метраў ад урэзу вады р. Аселіца;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе па мяжы ахоўнай зоны;
на поўначы – лінія, якая ідзе па мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
22. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
змяненне характару ландшафту.
23. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні;
пракладка інжынерных камунікацый;
правядзенне сельскагаспадарчых работ.
24. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту рэкамендуецца вынас з тэрыторыі палігона цвёрдых бытавых адходаў.
ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА
25. Зона аховы культурнага пласта ўстаноўлена на частцы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, на якой захаваліся гістарычныя пабудовы і рэшткі гістарычных пабудоў.
Плошча зоны аховы культурнага пласта складае 6,0 га.
26. Межамі зоны аховы культурнага пласта з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая праходзіць па краі тэрасы перад заходнім фасадам палаца і ў створы з ім;
на поўначы, усходзе і поўдні – лінія, якая супадае з межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
27. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта неабходна забяспечыць правядзенне археалагічных даследаванняў і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002 г. № 651 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 59, 5/10482; Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 27.07.2012, 5/36005).