![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
31 мая 2016 г. № 14
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Форт «1» у мікрараёне Казловічы г. Брэста»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Форт «1» у мікрараёне Казловічы г. Брэста».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Форт «1» у мікрараёне Казловічы г. Брэста»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Форт «1» у мікрараёне Казловічы г. Брэста» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Форт «1» у мікрараёне Казловічы г. Брэста з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю без катэгорыі (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць) у складзе гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «3» – сістэма фартоў у складзе фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Г000741 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «РэстаўрацыяІнвест» па заказу прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «БіверСіці».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту і зона аховы культурнага пласта.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 4,19 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе – ламаная лінія, якая праходзіць па вонкаваму баку знешняга землянога вала абводнага рова;
на паўднёвым захадзе і поўдні – ламаная лінія, якая праходзіць па мяжы зямельных участкаў дамоў 7, 5, 3 і 1 па вул. Прыазёрная; 21, 19 і 17 па вул. Прыгранічная; 15, 13, 9 і 7 па зав. Прыгранічнаму, далей па паўночнай абочыне вул. Прыгранічная;
на паўднёвым усходзе – лінія па мяжы участка таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рас Тар» і участка адчыненага акцыянернага таварыства «Брэстсельмаш».
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
будаўнічыя работы, не звязаныя з рэстаўрацыяй форта 1;
устаноўка рэкламных канструкцый.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
рэстаўрацыя фартыфікацыйных збудаванняў на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, вызначаным заканадаўствам;
перанясенне апоры лініі электраперадачы з тэрыторыі ахоўнай зоны;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі з улікам гістарычнага асяроддзя;
санацыя зялёных насаджэнняў.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, прылеглай да ахоўнай зоны, з улікам стварэння неабходных умоў для ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.
12. Зона рэгулявання забудовы абмежавана агароджай зямельных участкаў, якія непасрэдна прылягаюць да гісторыка-культурнай каштоўнасці разам з гістарычнымі вуліцамі:
вул. Прыгранічная (былая назва – Дарога да форту 1);
вул. Прыазёрная (былая назва – Дарога між фартамі 1 і А).
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 3,0 га.
13. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – ламаная лінія, якая пачынаецца з усходняй мяжы зямельнага ўчастка па вул. Прыазёрная, 19, праходзіць па паўночнай абочыне вул. Прыазёрная, далей па мяжы зямельных участкаў па адрасу вул. Прыазёрная, 13, 11, 9, 7, 5, 3, 1; вул. Прыгранічная, 21, 19, 17; зав. Прыгранічны, 15, 13, 9, 7, далей па паўночнай абочыне вул. Прыгранічная да перакрыжывання з вул. Пісьменніка Смірнова;
на поўдні – ламаная лінія ўздоўж паўднёвай абочыне вуліц Прыазёрная і Пагранічная.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
знос і рэканструкцыя фартыфікацыйных збудаванняў (доўгатэрміновых агнявых кропак);
змена аўтэнтычнага пакрыцця («брука») гістарычных вуліц, якія захаваліся ў межах зоны рэгулявання забудовы.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
рамонт і рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў, а таксама будаўніцтва новых будынкаў вышынёй не больш аднаго паверху з мансардай, альбо мезанінам, агульнай вышынёю не больш за 7 м ад узроўню глебы;
добраўпарадкаванне гістарычных вуліц без змены іх трасіроўкі і шырыні.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
16. У зону аховы ландшафту ўключана частка прыроднага і ўрбанізаванага ландшафту, які непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зона вызначана зыходзячы з патрабаванняў захавання і замацавання значнасці гісторыка-культурнай каштоўнасці ў ландшафце, які гістарычна склаўся, стварэння неабходных умоў для ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і захавання яе прыроднага асяроддзя.
Плошча зоны аховы ландшафту зоны складае 21,3 га.
17. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўначы – лінія па паўднёвай абочыне дарогі на форт «А»;
на ўсходзе – лінія па заходняй абочыне вул. Пісьменніка Смірнова;
на поўдні – ламаная лінія, якая пачынаецца на ўсходнім вуглу зямельнага участка па вул. Прыазёрная, 9, праходзіць па вонкаваму боку знешняга землянога вала абводнага рова, далей па мяжы зямельнага ўчастка адчыненага акцыянернага таварыства «Брэстсельмаш» (в. Казловічы) і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рас Тар» (вул. Прыгранічная, 1а), далей па паўночнай абочыне вул. Прыгранічная;
на захадзе – ламаная лінія, якая праходзіць па ўсходняй частцы агароджы могілак в. Казловічы, злучае ўсходні вугал агароджы могілак з усходнім вуглом зямельнага участка па вул. Прыазёрная, 19, праходзіць па паўночнай абочыне вул. Прыазёрная, далей па мяжы зямельных участкаў па вул. Прыазёрная, 13, 11, 9.
18. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў і змяненне існуючага рэльефу, акрамя аднаўлення выяўленых гістарычна існаваўшых элементаў кампазіцыі прыроднага і антрапагеннага асяроддзя на падставе навукова-праектнай дакументацыі;
знос і рэканструкцыя фартыфікацыйных збудаванняў (доўгатэрміновых агнявых кропак).
19. У зоне аховы ландшафту дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні з выкарыстоўваннем характэрных гістырычных прыёмаў;
навукова абгрунтаваная ліквідацыя або нейтралізацыя дысгарманічных элементаў урбанізаванага ландшафту;
санітарная высечка зялёных насаджэнняў;
пракладка інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА
20. Зона аховы культурнага пласта ўстаноўлена для выяўлення, захавання і даследавання археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў.
21. Зона аховы культурнага пласта супадае з тэрыторыяй ахоўнай зоны.
Плошча зоны аховы культурнага пласта складае 4,19 га.
22. На тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта забараняецца:
правядзенне будаўнічых і земляных работ без правядзення археалагічных даследаванняў па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленным заканадаўствам;
пры выяўленні археалагічных аб’ектаў правядзенне будаўнічых і земляных работ без прыняцця неабходных мер па даследванні і захаванні гэтых аб’ектаў у парадку, устаноўленным заканадаўствам.