![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 красавіка 2013 г. № 25
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла (1944 г.) у в. Крайцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла (1944 г.) у в. Крайцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова 22.04.2013 № 25 |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла (1944 г.) у в. Крайцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Брацкая магіла (1944 г.) у в. Крайцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Брацкая магіла (1944 г.) у в. Крайцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000511 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны адкрытым акцыянерным таварыствам «Віцебскпраектрэстаўрацыя» па заказу Домжарыцкага сельскага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з умоў найлепшага ўспрымання і неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Ахоўная зона размяшчаецца вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключае ў сябе элементы планіровачнай структуры, якія маюць значэнне для аб’ёмна-прасторавага рашэння брацкай магілы.
Плошча ахоўнай зоны складае 0,067 га.
9. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ў створы з агароджай тэрыторыі вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці (з паўночна-заходняга боку) ад паўночна-ўсходняга боку праезнай часткі мясцовага праезду да паўднёва-заходняга боку праезнай часткі трасы Крайцы–Домжарыцы;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе па паўднёва-заходнім баку праезнай часткі трасы Крайцы–Домжарыцы да скрыжавання з мясцовым праездам;
на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходнім баку праезнай часткі мясцовага праезду.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
усталяванне буйнапамерных рэкламных канструкцый;
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 3
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Зона аховы ландшафту ўстаноўлена на тэрыторыі сквера, які знаходзіцца з паўночна-заходняга боку ад гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 0,1 га.
13. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе паралельна паўночна-заходняй частцы агароджы тэрыторыі вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці на адлегласці трыццаці метраў ад яе, ад паўночна-ўсходняга боку праезнай часткі мясцовага праезду да паўднёва-заходняга боку праезнай часткі трасы Крайцы–Домжарыцы;
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе па паўднёва-заходнім баку праезнай часткі трасы Крайцы–Домжарыцы да паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе па паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны;
на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе па паўночна-ўсходнім баку праезнай часткі мясцовага праезду.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў;
змена характару ландшафту;
пракладка транспартных камунікацый.
15. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляюцца:
добраўпарадкаванне і азеляненне, якое не скажае існуючы характар тэрыторыі;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый;
санітарныя рубкі зялёных насаджэнняў.