Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 20.11.2024
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

17 сакавіка 2022 г. № 100

Аб форменным адзенні і знаках адрознення

У мэтах забеспячэння работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду прадметамі форменнага адзення і знакамі адрознення пастанаўляю:

1. Заснаваць форменнае адзенне і знакі адрознення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду.

2. Зацвердзіць:

пералік прадметаў форменнага адзення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду (прыкладаецца);

апісанне знакаў адрознення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду (прыкладаецца).

3. Устанавіць, што работнікі органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду забяспечваюцца форменным адзеннем і знакамі адрознення ў наступным парадку:

работнікі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (далей – Дэпартамент) – за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Дэпартамента;

работнікі інспекцый Дэпартамента па абласцях і г. Мінску, спецыялізаванай інспекцыі – за кошт сродкаў мэтавых адлічэнняў заказчыкаў, забудоўшчыкаў – юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ад кошту будаўніча-мантажных работ па аб’ектах будаўніцтва.

4. Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі ў шасцімесячны тэрмін:

4.1. зацвердзіць:

апісанне прадметаў форменнага адзення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду;

пералік пасад работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду, якія маюць права на нашэнне форменнага адзення, і адпаведныя гэтым пасадам знакі адрознення;

правілы нашэння форменнага адзення і знакаў адрознення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду;

па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў нормы забеспячэння прадметамі форменнага адзення і знакамі адрознення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду;

4.2. прыняць іншыя меры па рэалізацыі дадзенага Указа.

5. Дадзены Указ уступае ў сілу ў наступным парадку:

пункты 1–3 – праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання дадзенага Указа;

іншыя палажэнні гэтага Указа – пасля яго афіцыйнага апублікавання.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
17.03.2022 № 100

ПЕРАЛІК
прадметаў форменнага адзення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду

1. Кепі да зімовай штодзённай формы адзення з шарсцяной тканіны цёмна-сіняга колеру з кукардай.

2. Кепі (для мужчын) або берэт (для жанчын) да летняй штодзённай формы адзення з шарсцяной тканіны цёмна-сіняга колеру з кукардай.

3. Куртка дэмісезонная ўцепленая з тканіны цёмна-сіняга колеру з пагонамі і нарукаўным знакам.

4. Куртка спецыяльная ўцепленая з тканіны цёмна-сіняга колеру з нагруднай нашыўкай, пагонамі-муфтамі і нарукаўным знакам.

5. Кіцель (для мужчын) або жакет (для жанчын) з шарсцяной тканіны цёмна-сіняга колеру з пагонамі і нарукаўным знакам.

6. Куртка летняя спецыяльная з поясам з баваўнянай тканіны цёмна-сіняга колеру з пагонамі-муфтамі, нагруднай нашыўкай і нарукаўным знакам.

7. Футболка баваўняная цёмна-сіняга колеру.

8. Джэмпер паўшарсцяны трыкатажны цёмна-сіняга колеру (за плату).

9. Штаны з паўшарсцяной або баваўнянай тканіны цёмна-сіняга колеру (для мужчын).

10. Спадніца і штаны з паўшарсцяной або баваўнянай тканіны цёмна-сіняга колеру (для жанчын).

11. Кашуля (для мужчын) або блуза (для жанчын) шэра-блакітнага і белага колераў з поясам або без (запраўляецца або навыпуск).

12. Кашуля (для мужчын) або блуза (для жанчын) з кароткімі рукавамі шэра-блакітнага і белага колераў.

13. Гальштук цёмна-сіняга колеру.

14. Закрэпка залацістага колеру для гальштука.

15. Кашнэ белага і цёмна-сіняга колераў.

16. Пальчаткі скураныя чорнага колеру.

17. Паўботы чорнага колеру.

18. Паўчаравікі (для мужчын) або туфлі (для жанчын) чорнага колеру.

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
17.03.2022 № 100

АПІСАННЕ
знакаў адрознення работнікаў органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду

Пагоны

 

Для прадметаў штодзённай і выхадной формы адзення пагоны прамавугольныя з закругленым верхнім краем з полем з касцюмнай тканіны чорнага колеру, з кантамі сіняга колеру (для дырэктара Дэпартамента – поле пагона з аксаміту чорнага колеру).

Пасярэдзіне пагона адзін ці два вертыкальныя прасветы жоўтага колеру. У верхняй частцы пагона малы гербавы гузік. Пагоны, якія прышываюцца на куртку і кіцель (жакет), маюць памер 60 x 150 мм. Пагоны для кашуль, якія прышпільваюцца, – 50 x 130 мм.

Пяціканцовыя зорачкі з міжпрамянёвымі вугламі з анадаванага алюмінію залацістага колеру. Памеры зорачак – 14, 20 і 27 мм. У цэнтры зорачак 20 і 27 мм пяціканцовыя эмалевыя зорачкі чырвонага колеру.

 

Нагрудная нашыўка

 

Персанальная нагрудная нашыўка работніка органа дзяржаўнага будаўнічага нагляду ўяўляе сабой паласу чорнага колеру з аблямоўкай сіняга колеру, на якой размешчаны надпіс залацістага колеру. Надпіс уключае прозвішча і ініцыялы службовай асобы, напрыклад: «ІВАНОЎ І.І.».

Памер нашыўкі: вышыня – 35 мм, даўжыня – 125 мм.

Нашыўка вырабляецца на крамніннай аснове метадам машыннай вышыўкі або пластызолю.

 

Нарукаўны знак

 

Нарукаўны знак органа дзяржаўнага будаўнічага нагляду ўяўляе сабой круг блакітнага колеру з аблямоўкай сіняга колеру і акантоўкамі шэрага колеру. У цэнтры круга ахоўная каска белага колеру, пад якой скрутак серабрыстага колеру. Каска і скрутак размешчаны на фоне архітэктурнай антычнай калоны залацістага колеру, за імі – цагляная сцяна чырвона-аранжавага колеру і сілуэт горада Мінска светла-сіняга колеру.

Па аблямоўцы надпісы «ОРГАНЫ ДЗЯРЖАЎНАГА БУДАЎНІЧАГА НАГЛЯДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» і «ДЗЯРЖБУДНАГЛЯД» серабрыстага колеру з галоўкамі шруб таго ж колеру, што аддзяляюць апошняе слова.

Пры неабходнасці дадатковай ідэнтыфікацыі дапускаецца размяшчэнне над нагрудным знакам нарукаўнай нашыўкі цёмна-сіняга колеру з аблямоўкай шэрага колеру і надпісам серабрыстага колеру па дузе з найменнем органа дзяржаўнага будаўнічага нагляду. Дазваляецца выраб нарукаўнага знака метадам машыннай вышыўкі або пластызолю.

 

Кукарда для галаўных убораў

 

Кукарда для галаўных убораў уяўляе сабой авальную зубчастую разетку залацістага колеру, у цэнтры якой выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь залацістага колеру з эмалямі чырвонага і зялёнага колераў. Дазваляецца выраб кукарды метадам машыннай вышыўкі або пластызолю.

Памеры кукарды: вышыня – 35 мм, шырыня – 28 мм.

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.