![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 чэрвеня 2025 г. № 61
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных па вул. Валадарскага, 2, 4, 6 у г. Мінску
На падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных па вул. Валадарскага, 2, 4, 6 у г. Мінску (дадаецца).
2. Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
Р.І.Чарнецкі |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных па вул. Валадарскага, 2, 4, 6 у г. Мінску
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных па вул. Валадарскага, 2, 4, 6 у г. Мінску (далей – праект зон аховы), распрацаваны на падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей, калі не ўказана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:
«Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» па вул. Валадарскага, 2 у г. Мінску, шыфр 712Г000017, катэгорыя «2»;
«Будынак» па вул. Валадарскага, 4 у г. Мінску, шыфр 713Г000019, катэгорыя «3»;
«Будынак» па вул. Валадарскага, 6 у г. Мінску, шыфр 713Г000305, катэгорыя «3».
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Вашкевічам Аляксандрам Сяргеевічам па заказе камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «МІНСКАЯ СПАДЧЫНА».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – ахоўная зона), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ
6. Тэрыторыя нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» ўстаноўлена ў адпаведнасці з архіўна-бібліяграфічнымі даследаваннямі і гістарычнай тэрыторыяй былога Турэмнага замка, якая ўключае асноўныя пабудовы комплексу: галоўны корпус, службовы дом, рэшткі будынкаў былых лазні і цэйхгауза.
Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 уздоўж паўднёва-заходняй сцяны аднапавярховага будынка (будынак № 3) на паўночны захад да кропкі 2;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на паўночны ўсход да кропкі 3;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 уздоўж паўночна-ўсходніх сцен будынкаў былога Турэмнага замка на паўднёвы ўсход да кропкі 4;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўднёвы захад у створы паміж будынкам былой лазні і двухпавярховым будынкам (будынак № 2) да кропкі 1.
7. На тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» забараняецца:
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на будынках гісторыка-культурнай каштоўнасці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні іх аб’ёмна-прасторавага, архітэктурнага і канструктыўнага рашэння, а таксама без навукова-праектнай дакументацыі;
узвядзенне новых капітальных будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных падземных інжынерных камунікацый;
рамонт, рэканструкцыя каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя (аднапавярховы будынак № 3 па эксплікацыі) без захавання і аднаўлення гістарычнага аблічча фасадаў;
рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя дысаніруючых будынкаў, прыбудоў і надбудоў, акрамя іх зносу;
выкананне работ па добраўпарадкаванні, размяшчэнне малых архітэктурных формаў, уладкаванне знешняга асвятлення і сродкаў вонкавай рэкламы, якія пагаршаюць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей будынкаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
выкананне будаўнічых і земляных работ без прыняцця мер па ахове археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
8. Тэрыторыя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Будынак» па вул. Валадарскага, 4 і «Будынак» па вул. Валадарскага, 6 у г. Мінску ўстаноўлена ў межах існуючых зямельных участкаў.
Мяжой тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Будынак» па вул. Валадарскага, 4 і «Будынак» па вул. Валадарскага, 6 у г. Мінску згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 на паўночны захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка будынка па вул. Валадарскага, 6 да кропкі 6;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на паўночны ўсход уздоўж мяжы зямельных участкаў будынкаў па вул. Валадарскага, 6, 4 да кропкі 7;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка будынка па вул. Валадарскага, 4 да кропкі 8;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўднёвы захад уздоўж мяжы зямельных участкаў будынкаў па вул. Валадарскага, 4, 6 праз кропкі 9–10 да кропкі 5.
9. На тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Будынак» па вул. Валадарскага, 4 і «Будынак» па вул. Валадарскага, 6 у г. Мінску забараняецца:
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на будынках гісторыка-культурнай каштоўнасці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні іх аб’ёмна-прасторавага, архітэктурнага і канструктыўнага рашэння, а таксама без навукова-праектнай дакументацыі;
узвядзенне новых капітальных будынкаў і збудаванняў, акрамя рамонту і пракладкі неабходных падземных інжынерных камунікацый;
рэканструкцыя, рамонт існуючай нейтральнай забудовы з павелічэннем яе аб’ёмна-прасторавага рашэння;
выкананне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, якія пагаршаюць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей гісторыка-культурных каштоўнасцей.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона вызначана зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і стварэння спрыяльных умоў для іх успрымання з улікам сучаснага горадабудаўнічага, антрапагеннага ўплыву на тэрыторыю і аналізу існуючых прылеглых праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.
11. Мяжой тэрыторыі ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 на паўночны захад да кропкі 5; далей уздоўж мяжы тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Валадарскага, 6 і «Будынак» па вул. Валадарскага, 4 у г. Мінску да кропкі 6; далей уздоўж мяжы зямельнага ўчастка былога следчага ізалятара да кропкі 12; далей на паўночны ўсход да кропкі 13, на паўночны захад да кропкі 14 і на паўднёвы захад да кропкі 15 уздоўж мяжы зямельнага ўчастка трансфарматарнай падстанцыі па вул. Валадарскага, 2Б; далей на паўднёвы захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка былога следчага ізалятара праз кропку 16 да кропкі 17; далей на паўночны захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка былога следчага ізалятара праз кропкі 18–19–20 да кропкі 21;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на паўночны ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка былога следчага ізалятара праз кропку 22 да кропкі 23;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка былога следчага ізалятара да кропкі 24; далей перпендыкулярна на паўночны ўсход да кропкі 25; далей на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання адміністрацыйна-гаспадарчага будынка па вул. Валадарскага, 2А праз кропкі 26–27 і далей на ўсход да кропкі 28; далей на паўднёвы ўсход уздоўж паўднёва-заходняга боку праезнай часткі вул. Валадарскага да кропкі 29;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 29 на паўднёвы захад уздоўж радыусу павароту з вул. Валадарскага да кропкі 30 і далей уздоўж паўночна-заходняга боку праезнай часткі існуючага завулка да кропкі 11.
12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе навукова-даследчых работ, збудаванняў рэкрэацыйнага прызначэння, а таксама пракладкі неабходных падземных інжынерных камунікацый;
рамонт, рэканструкцыя каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяроддзя (двухпавярховы будынак № 2 па эксплікацыі) без захавання і аднаўлення гістарычнага аблічча фасадаў;
рэканструкцыя, рамонт існуючай нейтральнай забудовы з павелічэннем яе аб’ёмна-прасторавага рашэння;
рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя дысаніруючых будынкаў, прыбудоў і агароджы тэрыторыі былога следчача ізалятара, акрамя іх зносу;
выкананне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні, якія пагаршаюць успрыманне аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей і элементаў гісторыка-культурных каштоўнасцей;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане, а таксама акрамя санітарных рубак.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
13. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
14. Мяжой тэрыторыі зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 21 на паўночны захад уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання будынка па вул. Свярдлова, 2 да кропкі 31;
на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 31 на поўнач уздоўж мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання будынка па вул. Мяснікова, 25А праз кропкі 32–33 да кропкі 34; далей на паўночны ўсход, уключаючы ўчастак зялёнай зоны, да кропкі 35; далей на паўднёвы ўсход да кропкі 36, далей на паўночны ўсход паралельна мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання жылых дамоў па вул. Мяснікова, 11В, 11Г і далей у створы з ёй да кропкі 37; далей уздоўж мяжы агароджы зямельнага ўчастка для абслугоўвання падстанцыі 110/10 кВ «Няміга» праз кропку 38 да кропкі 39;
на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 39 на паўднёвы ўсход да кропкі 23;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 23 на паўднёвы захад уздоўж мяжы ахоўнай зоны праз кропку 22 да кропкі 21.
15. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных падземных інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншая дзейнасць, якія парушаюць характар традыцыйнага ландшафту і рэльефу;
высечка дрэў, акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане, а таксама акрамя санітарных рубак.