Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 11.05.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

21 снежня 2023 г. № 197

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці

На падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь

21.12.2023 № 197

Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей, калі не ўказана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:

«Фрагменты комплексу былой сядзібы: сядзібны дом, рэшткі флігеля, брамы з агароджай, фрагменты парку» ў в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, шыфр 212Г000561, катэгорыя «2»;

«Троіцкая царква» ў в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, шыфр 212Г000562, катэгорыя «2»;

«Брацкая магіла» ў в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, шыфр 213Д000563, катэгорыя «3».

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе адкрытага акцыянернага таварыства «ІНТЭГРАЛ» – кіруючая кампанія холдынгу «ІНТЭГРАЛ».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўнай зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШЎТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА

6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Фрагменты комплексу былой сядзібы: сядзібны дом, рэшткі флігеля, брамы з агароджай, фрагменты парку» ўстаноўлена ў межах зямельнага ўчастка, прызначанага для абслугоўвання аб’ектаў гісторыка-культурнага прызначэння: аб’ектаў сядзібна-паркавага комплексу «Лявонпаль» (сядзібнага дома з рэшткамі флігеля, варотамі і агароджай, спальнага корпуса, сталовай з прыбудовай).

7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Троіцкая царква» ўстаноўлена ў межах зямельнага ўчастка, прызначанага для абслугоўвання будынка царквы.

8. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» вызначана ў межах пахавання.

9. Ахоўная зона ўстаноўлена для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх найлепшага зрокавага ўспрымання.

Ахоўная зона ўключае тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

10. Мяжой тэрыторыі ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляюцца:

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўднёвы захад уздоўж р. Заходняя Дзвіна праз кропку 2 да кропкі 3;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на паўднёвы ўсход да кропкі 4;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 на паўночны ўсход уздоўж паўночнага боку вул. Савецкай да кропкі 17;

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 17 на паўночны захад у напрамку р. Заходняя Дзвіна праз кропку 18 да кропкі 1.

11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчаных гістарычных аб’ектаў і гістарычнай планіроўкі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Фрагменты комплексу былой сядзібы: сядзібны дом, рэшткі флігеля, брама з агароджай, фрагменты парка», выкананага на падставе навукова-даследчых работ;

знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне (у тым ліку змяненне параметраў будынкаў, страта канструктыўных і архітэктурных асаблівасцей і элементаў) і пагаршэнне ўмоў іх успрымання;

размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці;

будаўніцтва наземных інжынерных камунікацый і збудаванняў, акрамя элементаў вонкавага асвятлення;

уладкаванне вонкавага асвятлення, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных рубак) без іх наступнага аднаўлення;

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, транспартна-складскіх і іншых будынкаў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны басейн, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.

ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентацыі маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, у непасрэднай блізкасці да гісторыка-культурных каштоўнасцей, з улікам стварэння неабходных умоў для іх успрымання.

13. Мяжой тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляюцца:

на паўночным усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 5 уздоўж праезду да вул. Савецкай і далей у тым жа накірунку да кропкі 6;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 паралельна вул. Савецкай на паўднёвы захад праз кропку 7 да кропкі 8;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўночны захад праз кропкі 9-10-11-12 да кропкі 13;

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на паўночны ўсход уздоўж паўднёвага берага р. Заходняя Дзвіна да кропкі 14, далей паварочвае на паўднёвы ўсход да перакрыжавання з паўночным бокам вул. Савецкай (кропка 16), далей паварочвае на паўночны ўсход і ідзе уздоўж вуліцы праз кропку 4 да кропкі 17, далей ідзе на паўночны захад уздоўж паўночна-ўсходняга боку ахоўнай зоны праз кропку 18 да кропкі 1 і далей ідзе на паўночны ўсход уздоўж р. Заходняя Дзвіна да кропкі 5.

14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў і (або) надбудова існуючых будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху і без выкарыстання характэрных гістарычных прыёмаў і матэрыялаў;

размяшчэнне аб’ектаў прамысловай вытворчасці, складскіх і іншых аб’ектаў, якія забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,2 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

15. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

16. Мяжой тэрыторыі зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляюцца:

на паўночным захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на паўночны ўсход уздоўж паўднёвага берага р. Заходняя Дзвіна да кропкі 15;

на паўночным ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 15 да кропкі 5, далей паварочвае на паўднёвы захад вакол ахоўнай зоны праз кропкі 1-2-3 да кропкі 4;

на паўднёвым усходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 4 уздоўж паўночнага боку вул. Савецкай на паўднёвы захад да кропкі 16;

на паўднёвым захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 на паўночны захад да кропкі 14.

17. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных падземных інжынерных камунікацый, рамонту і (або) рэканструкцыі існуючых;

добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншая дзейнасць, якія парушаюць характар традыцыйнага ландшафту і рэльефу;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных рубак).

 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомых
матэрыяльных гісторыка-культурных
каштоўнасцей, размешчаных у в. Лявонпаль
Міёрскага раёна Віцебскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.