![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 лістапада 2023 г. № 169
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Праабражэнская царква» па вул. Працоўнай, 6А ў г. Чачэрску Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Праабражэнская царква» па вул. Працоўнай, 6А ў г. Чачэрску Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 14.11.2023 № 169 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Праабражэнская царква» па вул. Працоўнай, 6А ў г. Чачэрску Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці
ГЛАВА 1
Агульныя палажэнні
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Праабражэнская царква» па вул. Працоўнай, 6А ў г. Чачэрску Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Праабражэнская царква» па вул. Працоўнай, 6А ў г. Чачэрску Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «1» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 311Г000808.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам па заказе рэлігійнай абшчыны «Прыход храма Праабражэння Гасподняга ў г. Чачэрску Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана па абзе падмурка будынка царквы і ўваходзіць у межы ахоўнай зоны.
7. Ахоўная зона вызначана па мяжы мэтавага зямельнага ўчастка і ўстаноўлена для забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архітэктурна-мастацкай якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляецца:
на паўночным усходзе – умоўная лінія па знешняму баку агароджы царквы, якая ідзе ад кропкі 1 на ўсход да кропкі 2;
на паўднёвым усходзе – умоўная лінія па знешняму баку агароджы царквы, якая ідзе ад кропкі 2 на поўдзень да кропкі 3;
на паўднёвым захадзе – умоўная лінія па знешняму баку агароджы царквы, якая ідзе ад кропкі 3 на захад да кропкі 4;
на захадзе – умоўная лінія па знешняму баку агароджы царквы, якая ідзе ад кропкі 4 на поўнач да кропкі 1.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынка, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне аб’ёмна-прасторавага і архітэктурнага рашэння фасадаў, пагаршэнне ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці без навукова-праектнай дакументацыі, узгодненай ва ўстаноўленым парадку;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў і навукова-праектнай дакументацыі, а таксама акрамя будаўніцтва новых ці рэканструкцыі існуючых інжынерных камунікацый, неабходных для функцыянавання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
выкананне земляных работ без прыняцця мер па забеспячэнні правядзення археалагічнага нагляду і рэалізацыі мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, захавання неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў.
11. Мяжой зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляецца:
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе па ўсходняму баку вул. Урыцкага ад кропкі 5 на поўнач да кропкі 6;
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе па паўднёваму баку вул. Першамайскай ад кропкі 6 на ўсход да кропкі 7;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе па заходняму баку вул. Савецкай ад кропкі 7 да кропкі 8;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе па паўночнаму баку вул. Інтэрнацыянальнай ад кропкі 8 на захад да кропкі 5.
12. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва (узвядзенне), рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 метраў ад зямлі да вышэйшай кропкі даху і (або) з ужываннем неўласцівых, дысануючых матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх і транспартных аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія ў тым ліку павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
рэканструкцыя і мадэрнізацыя існуючай забудовы з павелічэннем яе аб’ёмна-прасторавых параметраў;
усталяванне з боку навакольных вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,2 метра і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.